Site icon Слушна

А вы задумаліся… пра валёнкі?

Валёнкі на зіму

Ну вось ужо і ладны мінус завітаў да нас уначы. Ранкам таксама ён няблага адчуваўся, асабліва не дужа старанна ўхутанымі часткамі цела. І яшчэ быццам бы абяцаюць нам марозныя ночы, нават да Новага года. А калі на Каляды ды Вадохрышча маразы завітаюць традыцыйныя… Таму ў справе ўцяплення і захавання здароўя я ўжо задумалася… пра валёнкі!

Валёнкі на зіму

Эх, якія яны былі ў маім маленстве! Да гэтага часу памятаю… Чорненькія, з галёшамі. І мяккія-мяккія! Ручной работы. Зусім не падобныя на фабрычныя каляныя. А без валёнак у нас тады было – ніяк! Узімку гурбы снегу па пояс, сумёты. І чым глыбей у снег, тым жа цікавей! Ну і што, калі яго поўна ў валёнках?! І не халодна зусім, а дужа весела! А тады – на печку іх! Сушыцца! І грэцца самой.

валёнкі

Мама расказвала, што мая бабуля Ксенія, родам са Смаленшчыны, таксама ўмела вырабляць валёнкі. І яны ў яе сапраўды атрымліваліся мяккімі. Зразумела ж, трэба было валодаць пэўнымі сакрэтамі майстэрства, каб зрабіць патрэбны памер. І далёка не ўсе ў бабулінай вёсцы маглі самі скатаць (як гэта там называлася) валёнкі сабе і сваім сямейнікам.

Заўсёды з захапленнем сачу за аповедамі пра шапавалаў з Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Вось дзе сапраўды пераемнасць пакаленняў! Нават свая мова ў іх ёсць, якую іншым не зразумець… А якія вырабы выходзяць з-пад іх умелых майстравітых рук!

Ну і, вядома ж, уражваюць вырабы нашай Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі, што на Чэрвеньшчыне. Не аднойчы як журналіст там была. І ведаю, што ручной працы таксама хапае, прычым цяжкай і бруднай. Нават не верыцца, што пасля яе выходзяць такія бялюткія вырабы для жанчын, аздобленыя вышыўкай, аплікацыяй ды іншым. Бы сапраўдныя творы мастацтва! А на фабрыцы ж таксама ёсць і пераемнасць традыцый, і змена пакаленняў.

Такія валёнкі грэюць не толькі ногі, але і душу. Таму і думаю ўжо над іх набыццём. Можа, праўда, не над вулічным, а над хатнім варыянтам. Замест тапачак. Бо дужа ўжо сцюдзёная падлога ўзімку ў нашай кватэры на першым паверсе над ледзяным падвалам.

Лепшыя боты для зімы

Вось і ходзіць такі сумны жарт… Што ўзімку любімы халат – гэта шуба, а любімыя тапачкі – валёнкі! І – ага! Ад каміна ў гарадской кватэры таксама не адмовілася б!

Магчыма, калі Чэрвень усё ж закідае снегам (быў, растаў, зараз зусім крыху засталося), у мяне будзе шанц нарэшце выгуляць узімку і свае светлыя боцікі з нубука, якія каторы год ляжаць без справы(і навошта іх набыла?!). Бо для іх трэба шмат снегу і мароз. Інакш пакрываюцца непрыгожымі плямамі, якія адчышчаюцца з цяжкасцю. Самае цікавае, што з такім колерам і мехавой апушкай яны здалёк якраз і глядзяцца, як валёнкі!

Праўда, не магу сабе ўявіць гэты абутак у метро, дзе і зараз, у мароз, на прыступках цэлыя лужыны ад расталага снегу, пасыпанага супрацьгалалёднай сумессю… Ад гэтага церпяць і скураныя боты… Вось і атрымліваецца, што «нубучныя» чакае прагулка толькі па нашаму мікрараёну. А яшчэ лепей – па сцежцы здароўя ў чэрвеньскім лесапарку!

Так што падчас маразоў памятаем пра шматслойнае адзенне, каб не замерзнуць і не пераахалодзіць арганізм больш, чым гэта дапушчальна. І ўцяпляем ногі! Валёнкамі ці іншым абуткам.

Усім – цяпла ў любыя халады!

Exit mobile version