«Каханне – не вішанька на торце жыцця. Гэта першачарговая базавая патрэба чалавека. Такая ж, як патрэба ў вадзе або кіслародзе... Абдымаючы або займаючыся каханнем, вы літаральна перапаўняецеся так званымі гармонамі абдымкаў – аксітацынам і вазапрэсінам. Гэтыя гармоны ўключаюць цэнтры мозгу, якія адказваюць за заахвочванне. Выпрацоўваюцца нейрамедыятары, якія адказваюць за спакой і шчасце, такія, як дафамін. Зніжаецца ўзровень гармону стрэсу (картызолу)». Блізкія і стабільныя эмацыянальныя адносіны, акрамя таго, спрыяюць умацаванню імунітэту, наладжванню гарманальнага фону арганізма, зніжэнню частаты сардэчна-сасудзiстых захворванняў...
Так апісвае гэтае пачуццё Сью Джонсан, вядомы амерыканскі псіхолаг, заслужаны прафесар і навуковы супрацоўнік Міжнароднага ўніверсітэта Сан-Дыега (ЗША, Каліфорнія), прафесар клінічнай псіхалогіі Атаўскага ўніверсітэта. Гэтыя высновы грунтуюцца не на абстрактных паняццях, а на выніках шматлікіх даследаванняў кахання і блізкасці па ўсім свеце.
Дотык лечыць
Нават дотык любячага партнёра здольны супакоіць пераўзбуджаныя нейроны і аказаць сапраўдны гаючы расслабляльны эфект. Адзін з эксперыментаў, якія даказваюць гэта, правёў псіхолаг з Віргінскага ўніверсітэта Джым Коэн. На жанчынах замацавалі датчыкі і паведамілі ім, што кожны раз, калі будзе запальвацца чырвоная лямпачка, яны будуць адчуваць лёгкі, але ўражваючы ўдар току. У гэты час удзельніцам эксперыменту выконвалі МРТ мозгу.
Інфармацыя пра тое, што будзе ўдар току, узбуджала цэнтры стрэсу ў мозгу пацыентак. Але калі партнёр трымаў жанчыну за руку, тамограф рэгістраваў прыкметна меншую актыўнасць. Боль ад удару току ў гэты момант таксама адчуваўся як слабейшы. Асабліва выяўлена гэты эфект назіраўся ў тых параў, якія лічылі свае адносіны моцнымі і ўдалымі.
Ізраільскія вучоныя прыйшлі да высновы, што моцныя пары лягчэй спраўляюцца з ўзрушэннямі, нават з такімі, як ракетныя ўдары. У іх зафіксавана менш псіхасаматычных захворванняў, выкліканых стрэсам.
Сэксуальнасць – стрыжневы аспект жыцця
Згодна з вызначэннем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сэксуальнасць – стрыжневы аспект чалавечага быцця на ўсім працягу жыцця, ад нараджэння да смерці. Яна ўключае ў сябе пол, гендэрныя ідэнтычнасці і ролі, сэксуальную арыентацыю, эратызм, задавальненне, інтымнасць і рэпрадукцыю.
Сэксуальнасць заключаецца не толькі ў магчымасці здзейсніць палавы акт або працягнуць род. Яна можа зрабіцца як рэсурсам у складаныя часы, так і яблыкам разладу. Бо ва ўсім свеце вучоныя назіраюць не самы прыемны феномен: перад тварам небяспекі многія людзі аддаюць перавагу не згуртаванню, а наадварот, адхіляюцца адзін ад аднаго. І падставай для гэтага можа стаць як раса, нацыя, гендэрная ідэнтычнасць, так і тыя ці іншыя погляды на сэксуальныя правы і свабоды.
Медыкі нагадваюць, што мы жывем не толькі ў эпоху пандэміі каранавіруснай інфекцыі. А таксама ў эпоху ВІЧ і інфадэміі (сіндрому хранічнага інфармацыйнага знясілення). Такога патоку непрафесійнай, фэйкавай інфармацыі, якая мэтанакіравана распальвае панічныя настроі, яшчэ не было ніколі.
Сучасны чалавек, акрамя боязі захварэць на каранавірус, заразіцца, павінен выконваць правілы сэксуальнага этыкету ў дачыненні да інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Вельмі важна займацца і сваім псіхалагічным здароўем. Ужо з'явіліся даследаванні, якія кажуць, што псіхалагічныя наступствы дадзенага стрэсу могуць быць падобныя да тых, што ўзнікаюць у выніку вострага посттраўматычнага расстройства.
Сэксуальнае жыццё цесна звязанае з сямейнымі, любоўнымі адносінамі. Любыя фактары, якія вядуць да дэструкцыі сацыяльнага жыцця, дрэнна адбіваюцца і на гэтых сферах.
У перыяд самаізаляцыі існуюць пэўныя абмежаванні, якія рэкамендуюцца санітарнымі органамі для таго, каб прадухіліць альбо згладзіць рост вострых інфекцыйных захворванняў. У дадзеным выпадку – каранавіруснай інфекцыі.
Урачы настойваюць: у эпоху, калі кожны другі – «эпідэміёлаг», а другая палова – «вірусолагі», важна знайсці крыніцу дакладнай інфармацыі, якая не верыць слепа «экспертам» фэйсбук-інстаграма. Афіцыйныя дадзеныя пры любым раскладзе будуць больш адпавядаць рэчаіснасці, чым непрафесійная інфармацыя. Сачыць за навінамі і рэкамендацыямі можна і на сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, там працуе рускамоўная версія.
Бяспека – у першую чаргу
Наш інфармацыйны партал Здаровыя людзі ўжо пісаў пра тое, як зрабіць інтымную блізкасць у перыяд пандэміі найбольш бяспечнай. Можна дадаць, што калі сэксуальныя кантакты знаходзяцца ў рамках пастаянных параў, якія пражываюць на адной тэрыторыі альбо выпрацавалі пэўны звыклы рытм жыцця і сустрэчаў, дык яны павінны працягвацца. Бо гэта магутная крыніца падтрымкі! У той жа час важна дакладна разумець важнасць выканання элементарных правілаў гігіенічнага этыкету, у тым ліку рэспіраторнага.
Пагадзіцеся, што калі партнёр захворвае на грып, дык мы па магчымасці выдзяляем яму асобны пакой, посуд, спрабуем трымаць фізічнае дыстанцыяванне. У гэтай сітуацыі ў нас з'явілася яшчэ паняцце кантактаў пэўнага ўзроўню. Калі партнёр ці мы самі з'яўляемся кантактам першага або другога ўзроўню, дык мы павінны максімальна самаізалявацца і фізічна дыстанцыявацца. Але гэтая сітуацыя не вечная і доўжыцца строга пэўную колькасць дзён – 14. Ну а далей... жыццё працягваецца.
Што тычыцца спатканняў, дык пазіцыя медыкаў зводзіцца да таго, ці дазволеныя такія сустрэчы санітарнымі органамі канкрэтнай краіны. І калі, напрыклад, нельга збірацца не членам розных сем'яў разам, дык вядома, што гэтую забарону парушаць нельга. У выпадку, калі такіх жорсткіх мераў няма, спатканні (пры ўмове, што ніхто з людзей не з'яўляецца захварэлым альбо кантактам пэўнага ўзроўню) не забароненыя. І тут гэта асабісты выбар кожнага чалавека, пары.
Нават позірк дае сілы змагацца...
Абдымкі, пагладжванне рук і нават позірк – усё гэта ўваходзіць у паняцце сэксуальнасці і даступнае людзям нават самага сталага ўзросту...
Французскі пісьменнік П'ер Зеель прайшоў фашысцкі канцлагер. У сваіх успамінах ён пісаў пра каханне двух мужчын. Гэтыя людзі не маглі нават адкрыта глядзець адзін на аднаго, каб не быць знішчанымі. Але штодня яны станавіліся тварам да акна ў той час, калі там маглі адлюстроўвацца іх абліччы. І праз гэтае акно глядзелі ў вочы адзін аднаму.
Гэта прыклад таго, як у крытычных умовах людзі захоўваюць ўзаемаадносіны. І менавіта яны даюць ім сілы змагацца за жыццё. Галоўнае, каб у пары існавала адзінае гарманічнае ўяўленне пра сэксуальныя адносіны. Дзякуючы гэтаму ўзрушэнні могуць стаць перыядам гарманізацыі.
Каханне, сэкс і блізкія адносіны здольныя зрабіцца крыніцай падтрымкі ў цяжкія часы. Прычым для іх гаючага эфекту не абавязковы нават палавы акт. Што ж рабіць тым, хто застаўся адзінокім у перыяд пандэміі альбо трапіў у сітуацыю эмацыянальнага ці фізічнага аб'юзу? Пра гэта мы пагаворым у нашых наступных матэрыялах.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!