Site icon Слушна

Унікальная гісторыя архіэктуры. Новы канцэптуальны праект адкрылі ў галерэі «Арт-фабрыка»

Беларусь — краіна не толькі ўнікальнай прыгожай прыроды, але і цікавай, нават незабыўнай архітэктуры. У жніўні ў мастацкай галерэі «Арт-фабрыка» адкрылі знакавы выставачны фотапраект «Нам засталася спадчына», у аснове якога прадстаўлена серыя работ з праекта «Спячая спадчына» фатографаў Ганны Найдзёнавай і Арыны Ворсінай.

На працягу некалькіх гадоў дзяўчаты падарожнічалі па невядомых кутках Беларусі, дзе захаваліся старыя сядзібы, палацы і храмы, каб паказаць прыгажосць архітэктуры, гісторыю нашай цікавай Беларусі.

Дарэчы, выстаўка інтэрактыўная. Каля кожнай фатаграфіі ёсць QR-код,  дзякуючы якому можна ўбачыць падборку фатаграфій з таго ці іншага месца.

Аўтары праекта наведалі 26 населеных пунктаў. Сярод іх аб'ектаў, напрыклад, Траецкая царква ў вёсцы Беразавец, сядзіба Раецкіх у Райцы, палац Святаполк-Чацвярцінскіх у мястэчку Жалудок, сядзіба Бохвіцай у Паўлінава і іншыя.

На фотаздымках адлюстраваны не толькі месцы, але і старажытныя абрады беларусаў. Напрыклад, Юр’еўскі карагод, які з размахам праходзіць толькі ў адной вёсцы на беларускім Палессі. Убачыць старадаўнюю традыцыю яе жыхароў кожны год прыязджаюць госці з усёй краіны і замежжа.

У снежні 2019 года «Юр'еўскі карагод» увайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Рашэнне надаць элементу ад Беларусі статус каштоўнасці сусветнага значэння, якая мае патрэбу ў асаблівай ахове, зацвердзілі на 14-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Багаце (Калумбія).

І ў вёсцы Пагост, вядома, працягваюць захоўваць абрад, перадаючы яго новым пакаленням і паказваючы свету.

Веснавое свята – Юр'еў дзень – з даўніх часоў адзначаюць многія славянскія народы. Яно звязана з першым пасля зімы выганам жывёлы на пашу, абходам азімых пасеваў і першай свежаўзаранай баразной, пажаданнямі багатага прыплоду і ўраджаю на ўвесь наступны год. У кожнага народа ёсць і агульнапрынятыя традыцыі, распаўсюджаныя на вялікіх тэрыторыях, і рэдкія незвычайныя рытуалы з мясцовым каларытам. Такім, напрыклад, стаў і палескі «Юраўскі карагод».

Калісьці абрад праводзіўся ў розных вёсках недалёка ад Турава – аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі. Але ў нашы дні яго выконваюць толькі ў вёсцы Пагост (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць). Яна размешчана ў маляўнічых месцах Палескай нізіны, дзе рака Сцвіга ўпадае ў Прыпяць.

Цікава, што ў 2020-м Пагост адзначыў 500-годдзе. Першае згадванне ў пісьмовых крыніцах датуецца 1520 годам, калі гаспадар тутэйшых зямель князь Канстанцін Астрожскі перадаў вёску Тураўскаму Свята-Успенскаму сабору. Урэшце, гэта значыць, што паселішча заснавана яшчэ раней.

Да нашых дзён мясцовыя жыхары захавалі не адзін дзясятак старадаўніх народных абрадаў, якія нязменна збіраюць усю акругу – Каляды і Шчадрэц, «Стрэчанне», «Саракі» і «Гуканне вясны», «Купалле», святы сямейнага календара («радзіны», «хрысціны», «сватанне», «вяселле»).

На фотаздымках аўтараў таксама можна ўбачць знакамітую сядзібу Раецкіх ў Райца. Яна пачала фарміравацца больш за два стагоддзі таму. Яе ядром служыць драўляны сядзібны дом, датаваны XIX стагоддзем (яго прынята разглядаць як яркі ўзор класіцызму). Да нашых дзён таксама дайшлі рэшткі пейзажнага парка, гаспадарчая пабудова і гербавы слуп, высечаны з каменя, які раней  вянчала фігура Маці Божай.

Можна на фотаздымках прасачыць за элементамі беларускай народнай гульні «Явар», падчас якой два чалавекі бяруцца за рукі, падымаюць іх над галавой, утвараючы «мост». Астатнія ўдзельнікі ўтвараюць карагод, прабягаючы пад гэтым мастом і спяваючы песню. Калі песня заканчваецца, тыя, што рабілі «мост», ловяць бягучых з карагода, а тыя імкнуцца выслізнуць. Злоўленыя таксама становяцца «мостам» і становяцца побач. Перамагае той, каму ўдаецца найдаўжэй уцячы з пекла.

Яшчэ адной адметнасцю беларускай архітэктуры на прадстаўленых фотаздымках з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Смальяны. Ён быў пабудаваны ў класічнай архітэктурнай манеры віленскага барока, уласцівай таму часу.

Да нашых часоў славутасць у Смальянах дайшла ў выглядзе руін. Па іх немагчыма вызначыць багацце ўнутранага ўбрання, прыкметная толькі класічная планіроўка. Касцёл быў часткай манастырскага комплекса. Рэшткі манастырскага корпуса захаваліся непадалёк, аднак яны зведалі шэраг істотных змен.

А яшчэ да нас дайшлі легенды аб касцёле. Самая вядомая: з яго пачынаўся доўгі і шырокі падземны тунэль, які вядзе аж да Оршы. Ёсць гісторыі пра зданяў. Але самы галоўны дух, які жыве ў разбураных сценах — дух СССР: у савецкі час у манастырскім комплексе размясцілі калгас «Новае жыццё». Зразумелая справа, касцёлу ў Смальянах такое жыццё не падыходзіла, і стан разбурэння працягнуўся.

Прадсаўленая экспазіцыя з’яўляецца добрай магчымасцю даведацца больш пра культуру, традыцыі і архіэктуру Беларусі. Унікальная спадчына, якая засталася нам ад продкаў, літаральна новым жыццём адлюстравана на фотаздымках. Невялікія гісторыі пра культурныя аб’екты і абрады нашай краіны — толькі маленькая частка таго, з чым вы можаце пазнаёміцца падчас працэсу праглляду выстаўкі.

Экспазіцыя будзе працаваць да 10 верасня, таму ў вас яшчэ ёсць магчымасць патрапіць у прыгожую галерэю каля Краснага касцёла і тут адкрыць для сябе гістарычную і ўнікальную Беларусь з яе гісторыяй і адметнасцямі културных кодаў.

Рамантычнае Купалле. Як у Беларусі сустракаюць таямнічую ноч?

Exit mobile version