Пачаўся сезон прастудаў і вірусных інфекцый. Працягвае цыркуляваць і COVID-19. Менавіта таму ўрачы настойліва рэкамендуюць выконваць асноўныя меры прафілактыкі заражэння віруснымі інфекцыямі, пра якія яны яшчэ раз нагадалі падчас прэс-канферэнцыі.
Мыццё рук, нашэнне масак і сацыяльнае дыстанцыяванне
Як адзначыла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Высоцкая, каб пазбегнуць заражэння як рэспіраторнымі інфекцыямі, так і каранавіруснай, трэба на 75% скараціць свае кантакты па-за домам і мінімум на 25% – на працы. Гэтыя меры дадуць магчымасць мінімізаваць колькасць заражэнняў.
Акрамя гэтага, калі ўсё ж такі неабходна наведаць месцы, дзе збіраецца шмат людзей, варта памятаць пра дыстанцыю паміж імі – мінімум 1-1,5 метра.
Максімальна скараціць свае перамяшчэнні і кантакты варта сталым і людзям з хранічнымі захворваннямі, параіла эксперт.
Усюды, дзе няма гарантыі, што вы не можаце сустрэцца з хворым чалавекам, варта насіць маску. Вывучэнне рэспіраторных вірусаў у папярэднія гады сведчаць: калі ў масцы будуць абодва (той, хто з'яўляецца крыніцай інфекцыі, і здаровы чалавек), верагоднасць інфікавання скарачаецца да 1,5% і нават імкнецца да нуля, падкрэсліла Вераніка Высоцкая.
Пра неабходнасць насіць маскі ў грамадскіх месцах, у тым ліку і ў транспарце, нагадала і начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
Не варта забывацца таксама на гігіену рук і выкарыстанне антысептыку.
Чаму варта зрабіць прышчэпку супраць грыпу
У краіне працягваецца вакцынацыя супраць грыпу. Як распавялі эксперты, прышчэпку ўжо зрабілі звыш 35% насельніцтва. Прычым сёлета попыт на правядзенне вакцынацыі як ніколі высокі, у тым ліку на платныя вакцыны. Яны, нягледзячы на тое, што замоўлена іх было больш, чым у папярэднія гады, хутка скончыліся.
Для жадаючых зрабіць прышчэпку зараз ёсць вакцына расійскай вытворчасці «Грыпол Плюс». Яна з'яўляецца так званай ад'ювантнай вакцынай (змяшчае імунастымулятары альбо імунамадулятары).
Як патлумачыла Вераніка Высоцкая, выкарыстанне сучасных ад'ювантных вакцынаў прыводзіць не толькі да фарміравання спецыфічных антыцелаў да штамаў віруса грыпу, але і да ранняй актывацыі клеткавых механізмаў супрацьвіруснага імуннага адказу.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!