Да новага навучальнага года застаецца зусім мала часу. А гэта значыць, што ў жыцці школьнікаў будуць змены: напружаны графік, павышаныя разумовыя і псіхаэмацыянальныя нагрузкі, якія ў ідэале не павінны шкодзіць рэжыму адпачынку і харчавання. Апошняе асабліва важна. Не толькі таму, што ежа з'яўляецца асноўнай крыніцай энергіі і папаўнення сіл у перыяд напружанай вучобы.
Харчаванне прызнанае адным з вядучых фактараў фарміравання здароўя дзіцяці і захавання яго ў будучым. Адпаведна, любыя агрэхі (тым больш на пастаяннай аснове) могуць мець доўгатэрміновыя неспрыяльныя наступствы.
Пра тое, як правільна арганізаваць рацыён і рэжым харчавання школьнікаў, журналіст інфармацыйнага партала «Слушна» даведалася ад урача-гігіеніста аддзялення дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ангеліны Міцковіч.
У школе трэба есці
Але спачатку крыху пра сумнае. Здаецца, беларусы, нарэшце, зразумелі, што не хлебам адзіным жыве чалавек. І ў прамым сэнсе перасталі налягаць на хлеб і бульбу, выбіраючы іх за аснову звыклага меню.
Дыетолагі ціха радуюцца. Гучна радавацца пакуль рана: рацыён нашых суайчыннікаў усё яшчэ далёкі ад ідэальнага. Так, супрацоўнікі навукова-практычнага цэнтра гігіены рэгулярна праводзяць даследаванні фактычнага харчавання розных катэгорый насельніцтва.
І з той жа рэгулярнасцю канстатуюць: залішняе спажыванне насычаных тлушчаў, недастатковае ўтрыманне энергіі ў рацыёне, дысбаланс пажыўных рэчываў – няшчасце айчыннай сістэмы харчавання, якое ніяк не атрымліваецца выкараніць.
Але самае крыўднае, што найбольш «злоснымі парушальнікамі» прынцыпаў рацыянальнай дыетэтыкі з'яўляюцца дзеці школьнага ўзросту.
Між тым, у перыяд навучальнага года дзеці праводзяць у школе значную частку часу. Таму з боку міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі арганізацыі здаровага харчавання ў навучальных установах як фактару здароўезберагальнай тэхналогіі надаецца асаблівая ўвага.
У прыватнасці, нарматыўнымі дакументамі абумоўлена, што ў школах павінны быць створаныя ўмовы і забяспечаная магчымасць кожнаму дзіцяці атрымліваць гарачае харчаванне: 1-, 2- і нават 3-хразовае ў залежнасці ад працягласці знаходжання.
І гэтай магчымасцю, па дадзеных спецыялістаў, карыстаюцца практычна ўсе школьнікі. І правільна робяць, бо харчаванне ў школах адпавядае прынцыпам дзіцячай дыетэтыкі.
Прынцыпы дзіцячай дыетэтыкі
Не, не чулі? А між тым, яны павінны ляжаць у аснове складання меню і арганізацыі рэжыму харчавання дзяцей не толькі ў дзіцячым садку, школе, але таксама, што асабліва важна, дома.
Што да іх адносіцца? Ангеліна Міцковіч тлумачыць:
- У першую чаргу, харчаванне павінна быць ашчаджальным па хімічным складзе. Напрыклад, у дзіцячы рацыён не ўключаюць вострыя прыправы: горкі перац, воцат, хрэн і прадукты з іх выкарыстаннем – марынаваную гародніну, маянэз і іншыя гатовыя соусы. Няма месца ў харчаванні дзяцей касцяным булёнам, камбінаваным тлушчам, тлустым гатункам мяса, закусачным рыбным кансервам, вэнджаніне, натуральнай каве. Гэта прадукты, якія не толькі не прынясуць карысць арганізму, які расце, але могуць і нашкодзіць.
- Стравы павінны быць прыгатаваныя ашчаджальным спосабам. Перавагу трэба аддаць варцы, тушэнню, гатаванню на пары, запяканню.
- Харчаванне павінна быць адэкватнае, у адпаведнасці з узростам, набор прадуктаў і аб'ёмы ежы разлічваюцца зыходзячы з узросту дзіцяці і задавальнення яго фізічных патрэбаў у пажыўных рэчывах і энергіі.
Ёсць пералік прадуктаў, якія неабходна ўключаць у меню дзіцяці школьнага ўзросту штодня:
- мяса;
- свежыя гародніна і садавіна;
- малако і кісламалочныя прадукты;
- натуральны сок без дадання цукру.
А вось прысутнасць свежай рыбы і тварагу на дзіцячым стале пажадана забяспечыць не радзей за 2-3 разы на тыдзень.
Каўбасныя вырабы і такія любімыя дзецьмі сасіскі есці можна. Але прадукт павінен быць толькі вышэйшага гатунку і з'яўляцца на талерках не часцей аднаго разу на тыдзень.
4. Харчаванне школьнікаў па змаўчанні павінна быць бяспечным для здароўя. Па словах Ангеліны Міцковіч, гэта магчыма пры ўмове, што стравы рыхтуюцца са свежых прадуктаў на кожны прыём ежы (гэта значыць, ніякіх учорашніх баршчоў і замарожаных паўфабрыкатаў). Зрэшты, захоўванне гатовай стравы дапускаецца, але не больш за 2 гадзіны з моманту падрыхтоўкі. Пажадана не захапляцца гатаваннем такіх страў, як паштэты, хатнія морсы, яечня з «вочкамі», блінцы з сырым фаршам, якія двойчы падвяргаюцца тэрмічнай апрацоўцы. Яны небяспечныя, як кажуць спецыялісты, у эпідэміялагічных адносінах, вельмі патрабавальныя да тэхналогіі прыгатавання, умоў і тэрмінаў захоўвання. Так што калі ўжо яйка, дык дыетычнае зваранае.
Акрамя ўсяго іншага, у дзіцячым харчаванні прынцыпова выконваць рэжым: перапынак паміж сняданкам, абедам і вячэрай не павінен перавышаць 3,5-4 гадзіны.
За захаваннем прынцыпаў дзіцячай дыетэтыкі ў школьным харчаванні пільна сочаць санітарна-гігіенічныя службы, саветы па харчаванні пры школах і іншыя кантралюючыя органы. А хто сочыць за харчаваннем школьнікаў дома?
Гульня ў адны вароты
Гэта толькі здаецца, што пытанне некарэктнае. Але рэальнасць такая, што ў школу дзеці прыходзяць з ужо сфармаванымі харчовымі звычкамі, гэта значыць тымі, якія ім прывілі бацькі. І не сакрэт, што правільнае школьнае меню не ўсім даспадобы.
Тэхнолагі са скуры вылузваюцца, каб дагадзіць тым пераборлівым, якія імкнуцца да фастфуду і хатніх страў тыпу «сасіскі-макароны». Так, у меню школьных сталовых і буфетаў з'явіліся ролы «Маленькі цэзар», курыныя шашлычкі, запяканка з рыкоты, катлеты «Карпыч» і «Выдатнік», піражкі з карысным начыннем з яблыка, курагі або капусты, сок з пладоў шыпшынніка…
Але аб'ектыўна забяспечыць збалансаваны рацыён школьніка на працягу ўсяго дня немагчыма, пакуль на полі адзін гулец – школьныя кухары. Ангеліна Міцковіч падкрэслівае: у пытанні павінны быць зацікаўленыя ўсе ўдзельнікі, і найперш бацькі. А да таго часу вырашыць ураўненне, у якім усе невядомыя добра вядомыя, на жаль, не атрымаецца.