Мая асабістая сустрэча са «Шляхціцам Завальнёй» адбылася на пачатку 1990-х, калі з’явілася першае выданне «…Беларусі ў фантастычных апавяданнях» на беларускай мове.
Знаёмства было досыць павярхоўным, калі ў старонкі не ўпіваешся вачыма, не сядзіш з кнігай ў абдымку – а хутка гартаеш яе, трымаючы на выцягнутых руках, і чытаеш «па дыяганалі». Нібы не дапускаеш да сябе, крэсліш магічны круг, каб праз яго не прарваліся і не ўпіліся ў тваю душу ведзьмакі, чарнакніжнікі, злыя духі, якімі кішмя кішаць аповеды Яна Баршчэўскага.
Школьніцай я да дрыжыкаў баялася Гогалеўскіх «Вечароў на хутары бліз Дзіканькі». Дзіўнае было адчуванне: чытаеш – казкі казкамі. Закрыў кнігу – і забыўся на іх. Але толькі пачынала шарэць, свет вакол набываў застрашлівыя абрысы. Страхі сядзелі пад сталом і пад ложкамі, падпільноўвалі за дзвярыма, туліліся за печчу… Пакуль дрыготкімі пальцамі намацаеш у прыцемках выключальнік, каб запаліць святло – душа ў пятах! А яшчэ з вакна, ля якога я рабіла ўрокі, было відацца возера і на ім — паўвостраў з белай капліцай. Калі сонца кацілся на захад, вокны капліцы палымнелі чырвоным святлом, пераліваліся золатам… Векавыя ліпы на паўвостраве шамацелі галлём – а мне бачыліся і чуліся галасы ведзьмаў і панначкі. Ледзь давала рады, каб пераадолець жах, які нараджаўся ў душы.
Пазней, у студэнцтве, падобныя адчуванні былі па праглядзе жахліўчыка «Кашмар на вуліцы Вязаў». Я глядзела на Фрэдзі Кругера з недаўменнем – чаму яго так баяцца? У мяне ён выклікаў смех… пакуль я не засталася адна ў кватэры, пакуль не давялося ўвечары ісці адной цёмнымі гарадскімі вулкамі. Во калі я зазнала жахаў! Нібы помсцячы за насмешкі, Фрэдзі Кругер падпільноўваў мяне на рагу кожнага дома, хадзіў за мной крок у крок…
Вялікіх душэўных намаганняў каштавала пазбавіцца ад гэтага наслання, і ад той пары я свядома адмовілася ад жахаў. Не хацела не чытаць іх, не глядзець. Некаму – цікава, бяскрыўдна. Мне — бокам вылазіла, таму дапускаць да свядомасці розных дэманаў я не хацела.
Таму, магчыма, і першая сустрэча са «Шляхціцам Завальнёй…» сталася такой насцярожанай, амаль варожай. Кніга магла зацягнуць, як вір – але я сабе не дазваляла ў ёй патануць. Мне яна выдавала куды больш жахлівай, чым «Вечары на хутары бліз Дзіканькі» і Фрэдзі Кругер, разам узятыя. Бо тут было сваё, роднае. Не аднекуль з-за свету – а тое, што жыве і дыхае побач.
Геаграфія кнігі і геаграфія роднага майму маленству света — Полацк, Язна, Казуліна, Глыбокае — супадалі! Я не проста чула пра гэтыя мясціны – бывала, жыла ў радні. Чаго варта было адно толькі гасцяванне на хутары Красны Луг блізу Казуліны! Там, на ўскрайку балота Ельня, жыла родная маміна сястра з сям’ёй. У даўнейшай хаце — як у музеі — на падворку было ўсё гаспадарчае начынне. Бароны, сохі, сячкарня, жорны, ступы, кублы, кашы, у хаце — -калаўроты і ткацкі станок. Адным словам – музей! А вось электрычнасці не было – да хутара, які праз меліярацыю планавалі знесці, яе не праводзілі. Таму хата асвятлялася газавымі лямпамі, бялізну прасавалі прасам на вугалях. Есці строілі ў печы, ваду насілі са студні… Уначы пад самыя вокны да хаты прыходзілі лісы, з балота чувалася як вылі ваўкі… Пад такі акампанімент і ў такіх дэкарацыях самыя паўсядзённыя гаворкі дарослых пра тое, што дзеецца ў ваколіцы, мелі адбітак незвычайнасці. А яшчэ ж былі і розныя страшылкі!
«Па кудзелі» — па мамінай лініі — нас дваццаць братоў і сясцёр. Калі ўлетку вялікая радня, раскіданая па абсягах былога Саюза, сустракалася, якіх толькі страшылак не прывозілі адусюль дзеці. Ад расказаў пра «чорныя рукі», «труны на калёсіках», паўсталых мерцвяоў ды прывідаў кроў у жылах стыла — было і жудасна, і весела…
А пасля хто з дарослых скажа: «Знайшлі чаго баяцца! Вось паслухайце, як колькі гадоў таму ля Казуліны воўк бабу з’еў! А пра шаптуху з вострава яльнянскага чулі, як яна тапельца з таго свету вярнула? Гэта вам не жарт, не выдумка, а чыстая праўда!»
Вось гэдкая «чыстая праўда» з дамешкам выдумкі зірнула на мяне і ў першае знаёмства са шляхціцам Завальнёй. Голас сваёй зямлі прагучаў так моцна, што духу ўслухацца ў яго я на пачатку не мела.
У 1994 годзе рэжысёр Віктар Тураў на кінастудыі «Беларусьфільм» зняў па кнізе аднайменны фільм. Праз яго адбывалася маё збліжэнне са «Шляхціцам Завальнёй…».
У самым прамым сэнсе: фільм дапамог сфакусіраваць увагу на асобе самога шляхціца Завальні, на прыветны агеньчык да якога ехалі падарожныя людзі. Платай за гасціннасць гаспадара мусіла быць цікавая гісторыя. Шляхціцы, сяляне, цыганы — які толькі люд не перабываў у хаце на беразе возера Нешчарда! Завальня — не толькі апантаны слухач. Ён яшчэ — мудры каментатар.
«Заўсёды такая смерць тым людзям… што шукаюць шчасця на гэтым свеце, а пра будучае жыццё не дбаюць. Як жахліва памёр гэты няшчасны Альберт!» — разважае Завальня, паслухаўшы аповед пра вогненных духаў. Спачувае прапашчай душы, робіць высновы з вышыні пражытых гадоў і набытага досведу, не маралізуе – прамаўляе вельмі па-жыцейску, будзёна. Праз гэтую жыццёвую мудрасць, канцэнтрацыі на ёй мне ўрэшце ўдалося дыстанцыянаваць ад дэманічнага складніку апавяданняў, не падпасць пад іх уладу.
«На… публіку дзейнічала магутная энергетыка надзвычайнае любові да роднага краю, уздзеянне якой актуалізавала ў свядомасці чытача заснаваныя на хрысціянскіх традыцыях пачаткі дабра і зла, спрадвечныя беларускія традыцыі і філасофію», — піша ў пасляслоўі перакладчык кнігі Мікола Хаўстовіч. Пад уздзеянне гэтай энергетыкі нарэшце падпала і я.
…Адкрыўшы для сябе наноў «Шляхціца Завальню», найперш хацелася падзяліцца выкладзенымі вышэй думкамі. Бо ацэнкі кнігі як «дужа жудаснай, змрочнай, дэманічнай» — даводзілася чуць не аднойчы. Не толькі мне яна была страшнай. Але, на шчасце, для мяне адшукаўся ключык да дзівоснага свету — поўны жахаў, але таксама паэтыкі і дзівосаў!
Калі раптам вас гэтая сустрэча абмінула — паспяшайцеся на госці да шляхціца Завальні! Трыццаць восем апавяданняў-прыпавесцяў, навэл, лірычных адступленняў і ўспамінаў, звязаных паміж сабой, выправяць вас у вандроўку па беларускім космасе. Будзе яна незабыўнай – як і мае быць пры сустрэчы з цудам.
Асобную цікавасць уяўляе пасляслоўе да кнігі перакладчыка Міколы Хаўстовіча «Даверыць таямніцу сэрца». Тут — звесткі пра жыццё і творчасць Яна Баршчэўскага, гісторыя напісання «Шляхціца Завальні», развагі пра прытчавасць і алегорыі апавяданняў.
«Беларуская рэчаіснасць 60-70х гг. ХVІІІ ст. адлюстроўваецца Я. Баршчэўскім праз прызму фальклорна-міфалагічных ўяўленняў беларуса-селяніна, беларуса-шляхціца. І гэта быў адзіны магчымы шлях, каб… паказаць сённяшні стан рэчаў і актуалізаваць патрыятычныя пачуцці, і падтрымаць веру ў лепшае будучае», — піша перакладчык.
Дзіўным чынам фантастычныя апавяданні, поўныя прымхаў і забабонаў, не страчваюць сваёй актуальнасці і сёння. Чытайце, каб перакнацца.
Кнігу можна ўзяць у бібліятэцы. Нядаўна яна была перавыдадзена і пакуль ёсць у продажы.
Беларускамоўныя кнігі здольныя павялічыць слоўнікавы запас па версіі Алены Масла