Ліпень поўніцца прыгожымі душэўнымі святамі, звязанымі са старажытнымі вераваннямі нашых продкаў, культам прыроды, магіяй раслінаў, іх лекавай сілай. Вось і сёння, 15 ліпеня, ушаноўваюць Берагіню – багіню, якая лічыцца прамаці ўсяго існуючага, маці ўсіх духаў. Пад асаблівай яе апекай – тыя, хто жыве на беразе рэк.
У старажытнасці лічылі, што яна набывае вобраз качачкі. Альбо русалкі, якая можа жыць як у вадзе, так і на беразе. Ці ператвараецца ў беластволую бярозку. Але абавязкова злучае дзве стыхіі – ваду і зямлю. І – з’яўляецца апякункай роду, хатняга ачага, а таксама закаханых. А яшчэ – злучае людскія лёсы.
Памятаеце, што на дзень святых апосталаў Пятра і Паўла для закаханых існавалі свае традыцыі, свае магічныя дзеянні?! Ды яшчэ ў працяг купальскіх… Берагіня іх таксама працягвае.
Так, лічылася, што 15 ліпеня добра ўступаць у шлюб. Ён атрымаецца рамантычным, муж і жонка з кожным годам будуць кахаць адно аднаго ўсё мацней. Ніхто не бярэ шлюб у гэтую сераду?! 🙂
Калі сёння хтосьці з закаханых прызнаецца ў сваіх пачуццях, дык гэтая пара ніколі не развітаецца. Таксама трэба мець на ўвазе, праўда?! А калі 15 ліпеня ў сям’і нараджалася дзяўчынка, яна абавязкова станавілася ў будучым вернай любячай жонкай і клапатлівай маці.
Пад апякунствам Берагіні таксама сялянская праца. Яна ж надае лекавым травам гаючыя ўласцівасці. Таму перыяд іх удалага збору так і працягваецца, ажно з Купалля.
А дзе ж тут бярозка, папытаецеся вы. Ды нашыя продкі таксама верылі ў магічнасць розных дзеянняў з ёй. Напрыклад, трэба было абавязкова ў гэты дзень абняць бярозку, каб Берагіня надалей абараняла ад ста хваробаў.
Дзяўчаты кланяліся адшуканаму ў лесе беластволаму дрэўцу ды прасілі шчасця ў каханні. Шмат таксама мелася замоў на бярозавыя галінкі. І ўсе, у асноўным, тычыліся ўзаемнага кахання.
А калі прыгадаць, што «бярозавыя» фінтанцыды маюць імунамадулюючае, супрацьмікробнае ды супрацьвіруснае ўздзеянне… Значыць, вельмі карысна, асабліва зараз, гуляць у бярозавым гаі ды ўдыхаць гаючы водар.
Аматарам лазні варта ўзгадаць пра бярозавыя венікі. Спецыялісты сцвярджаюць, што пры рэгулярным іх прымяненні яны ачышчаюць арганізм ад шлакаў ды таксінаў, станоўча ўздзейнічаюць на мачагонную сістэму і ныркі, дыхальныя шляхі… А эфірныя алеі добра ўплываюць на скуру, у тым ліку, калі ёсць вугравы сып.
Зрэшты, у каго няма лазні, можна асаблівым чынам запарыць венікі альбо проста бярозавыя галінкі з лісточкамі ў ванне…
Па народных прыкметах, калі з раніцы сёння дужа горача, дык да вечара абавязкова дождж пойдзе. Ну, гарачыню нам пакуль не абяцаюць. А дождж – верагодны. І без гэтай прыкметы… Тым больш, памятаеце, што паабяцалі нам сёлета Самсон Сенагной ды Пётр з Паўлам?! Не вылезці нам з тых дажджоў… 🙁
Бярозкі нам яшчэ і для назіранняў сёння спатрэбяцца. Калі ўбачыце на іх жоўтыя лісточкі, значыць, восень будзе ранняя… А як згледзіце туман, дык гэта – да грыбоў. Зрэшты, лісічак ужо і зараз у лясах поўна…
Ягады яшчэ асабіста не правярала. Па-рознаму людзі кажуць. Але, па народных павер’ях, калі ягад у лесе 15 ліпеня шмат, дык зіма будзе марознай. Ой, штосьці ўжо і не верыцца… Ні ў мароз, ні ў снег узімку…
Існуюць на гэты дзень і забароны. Вось чаго даўно не было, праўда?! 🙂 А мы ўжо без іх і расслабіліся…
Нельга сварыцца, пляткарыць, канфліктаваць… Берагіня ўсяго гэтага вельмі не любіць, яна – за лад і згоду ў сем’ях і ўвогуле паміж людзьмі. Не раяць таксама рэзка мяняць абстаноўку. А значыць, змена месца жыхарства, доўгія камандзіроўкі, пераезды ды вандроўкі 15 ліпеня непажаданыя.
Не любіць Берагіня і гультаёў. Таму сёння трэба пастарацца зрабіць як мага больш карысных і добрых спраў. І тады будзе нам шчасце! 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!