Супрацьэпідэміялагічныя меры, накіраваныя на папярэджанне распаўсюджвання ў Беларусі каранавіруснай інфекцыі, дазволілі не дапусціць развіцця 840 выпадкаў захворвання ў дзень, паведаміла 3-га красавіка на прэс-канферэнцыі ў Міністэрстве аховы здароўя намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан.
Новыя рашэнні праблемы
Па словах намесніка міністра, з улікам аналізу сітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй у краіне прыняты шэраг новых арганізацыйных рашэнняў. У прыватнасці, пачатае тэсціраванне ўсіх выпадкаў пнеўманій з сярэднім і цяжкім цячэннем. Прычым на аналіз бярэцца не назафарынгільны мазок, а макрота і прамыўная вада бронхаў. Гэтыя меры скіраваныя на тое, каб максімальна выявіць пацыентаў, у якіх можа быць каранавірусная пнеўманія.
Алена Богдан распавяла, што таксама было прынятае рашэнне: кантакты другога ўзроўню пры развіцці ў іх вострых рэспіраторных інфекцый будуць шпіталізавацца і абследавацца на каранавірусную інфекцыю. У выпадку адмоўных вынікаў і адсутнасці пагаршэння ў стане здароўя яны будуць працягваць сваё лячэнне дома. Кантакты першага ўзроўню ў выпадку адмоўнага выніку будуць выпісаныя дадому з рэкамендацыяй выконваць рэжым самаізаляцыі да 14 дзён.
У сваю чаргу намеснік начальніка аддзела эпідэміялогіі, гігіены і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Іна Карабан адзначыла, што эпідэміялагічная сітуацыя развіваецца «прагназуема і паступальна». Мерапрыемствы, якія праводзіліся ў плане прафілактыкі і папярэджання масавага распаўсюджвання каранавіруса, паказалі сваю эфектыўнасць. Разам з тым, у Беларусі, па дадзеных на 8 раніцы 3-га красавіка, зарэгістраваны 351 выпадак інфекцыі. Узрост пацыентаў, сярод якіх часцей за ўсё фіксуюцца выпадкі каранавіруса, складае ад 25 да 64 гадоў.
Забяспечанасць сродкамі абароны
Як адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Барыс Андрасюк, сёння ў сістэме аховы здароўя налічаецца ў наяўнасці: медыцынскіх масак – больш за 2 млн, рэспіратараў – больш за 90 тысяч, ахоўных касцюмаў – 85 тысяч, пальчатак – звыш 10 млн, ахоўных акуляраў – 24 тысячы. Растлумачыў намеснік міністра і «правал», які здарыўся ў забяспечанасці сродкамі абароны, у прыватнасці, маскамі.
Ложкавага фонду дастаткова
Як распавяла Алена Богдан, ва ўсіх рэгіёнах дастаткова ложкавага фонду. Экстранная, неадкладная, спецыялізаваная і высокатэхналагічная дапамога выконваецца ў поўным аб'ёме.
Падтрымаць урачоў
Па дадзеных на 8 раніцы 3-га красавіка, на дабрачынным рахунку Міністэрства аховы здароўя знаходзілася 2 млн 875 тысяч 152 рублі і 28 тысяч 258 еўра. На гэтыя сродкі будзе закуплена: 127 тысяч ахоўных касцюмаў, больш за 4 тысячы ахоўных шчыткоў для медыцынскіх работнікаў, якія будуць размеркаваныя па ўстановах аховы здароўя ўсёй рэспублікі.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!