У нашых матэрыялах мы пісалі ўжо пра вопыт буйной аптэчнай сеткі «Адэль», якая дала магчымасць уладкавацца на працу тым, хто ўжо выйшаў на пенсію. Многія, хто даслаў заяўкі і затым скончыў спецыяльны адукацыйны курс, няхай і не сталі працаваць у аптэках сеткі, затое змаглі знайсці сябе ў іншых прафесіях і нават пачаць сваю справу.
Як людзям старэйшага ўзросту застацца ў прафесіі? Што могуць прапанаваць працадаўцы для працаўладкавання супрацоўнікаў «трэцяга ўзросту»? Пра што варта задумацца людзям перадпенсійнага ўзросту, каб не «выпасці з абоймы»?
Пра гэта падчас круглага стала ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь разважалі:
- начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алег Такун;
- рэктар Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Лісейчыкаў;
- старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін;
- старшыня праўлення Асацыяцыі кадравікоў, дырэктар ТАА «Сэрвіс кадраў», кандыдат псіхалагічных навук Вадзім Сарока;
- вядучы юрысконсульт СГА «Праліў» Ірына Мшар.
Адукацыя праз усё жыццё
Як паведаміў начальнік упраўлення кадравай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у нашай краіне сёння працуюць прыкладна 625 тысяч пенсіянераў. Усяго ж у эканоміцы занята крыху больш за 4 млн 300 тысяч чалавек.
Сярод тых, хто звяртаецца на біржу працы, доля беспрацоўных, старэйшых за 50 гадоў, складае толькі каля 4,5% (у службу занятасці можна звярнуцца і зарэгістравацца беспрацоўным да моманту атрымання пенсіі). Асноўная маса тых, хто звяртаецца па дапамогу ў пошуку працы, – моладзь і людзі ва ўзросце да 31 года, адзначыў Алег Такун.
На думку эксперта, людзі, старэйшыя за 50 гадоў, не гараць жаданнем памяняць сваю прафесію. Яны хочуць працягваць працаваць у той спецыяльнасці, якая ў іх ужо ёсць, і, як правіла, з цяжкасцю згаджаюцца прайсці перападрыхтоўку.
Зрэшты, заўважыў Алег Такун, у розных пакаленняў і стаўленне да навучання на працягу жыцця рознае. Маладыя людзі ва ўзросце 25-30 гадоў больш гнуткія і лёгка пераходзяць працаваць на сумежныя спецыяльнасці, атрымліваюць новыя або сумежныя веды. Яны могуць мяняць працу раз у 2-3 гады.
А калі прыгадаць не такое далёкае мінулае, калі лічылася правільным, каб у чалавека ў працоўнай кніжцы былі 1-2 запісы за ўсё жыццё? Спецыялісту, які адпрацаваў у сваёй прафесіі 20-30 гадоў, кардынальна мяняць жыццё вельмі цяжка, упэўнены эксперт.
Як паведаміў Алег Такун, гарантыі занятасці для людзей ва ўзросце 50+ плануецца пашыраць. Вядзецца праца над дадатковымі праграмамі, якія былі б цікавыя як наймальнікам, так і самім грамадзянам, каб яны імкнуліся атрымліваць новую прафесію. Так, у наступным годзе запланаваныя змены ў закон пра занятасць, у якім частка з іх знойдзе сваё адлюстраванне.
З тым, што існуе праблема нізкай матывацыі насельніцтва старэйшага ўзросту да асобаснага росту і працягу актыўнай занятасці, згодны і Алег Лісейчыкаў. Вырашэнне гэтай праблемы эксперт бачыць, у тым ліку, і праз рэалізацыю Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця (плануецца, што праект стратэгіі напрыканцы снежня будзе ўнесены на разгляд ва ўрад).
Дакумент прадугледжвае стварэнне ўмоў для ўсебаковага ўключэння ў жыццё грамадства пажылых грамадзян, стымуляванне больш доўгага працоўнага жыцця, адаптацыю рынку працы да патрэбаў людзей старэйшага ўзросту ды інш.
Для гэтага, адзначыў спецыяліст, у краіне ёсць сур'ёзны адміністрацыйны рэсурс. У прыватнасці, сістэма сацыяльнага забеспячэння, якая ўключае тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамы-інтэрнаты і шэраг іншых устаноў, якія аказваюць розныя віды паслуг, у тым ліку навучаюць пажылых людзей.
У інстытуце распрацаваныя 12 пакетаў навучальных праграм для 12 спецыяльнасцяў перападрыхтоўкі на базе вышэйшай адукацыі. Ёсць магчымасць авалодаць спецыяльнасцю псіхолага, вывучыць праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэмаў, бухгалтарскі ўлік і кантроль у прамысловасці, спасцігнуць асновы сацыяльнай работы і пенсійнага забеспячэння, аховы працы і шэрагу іншых.
Цвяроза ацаніць перспектывы
На думку Уладзіміра Карагіна, рэаліі сучаснага грамадства такія, што бізнес-працадаўцы ў сацыяльным партнёрстве адыгрываюць ключавую ролю, бо без працадаўцы няма сэнсу нікога навучаць – заказ дае менавіта ён.
Уладзімір Карагін упэўнены, што трэба глядзець не на бліжэйшую перспектыву, а на 20-30 гадоў наперад. А гэта – патрэба ў новых працоўных рэсурсах, а таксама ў спецыялістах, якія валодаюць пэўнымі навыкамі.
У сваю чаргу Вадзім Сарока адзначыў, што адно з праблемных пытанняў людзей старэйшага ўзросту – адсутнасць кар'ернага кансультавання і ацэнкі рызык, фінансавага стану ў старасці. Мала хто задумваецца пра тое, што будзе праз 15-20 гадоў, як выбудаваць сваё жыццё, каб у старасці было камфортна, лічыць эксперт.
Асабісты вопыт
Вопытам працаўладкавання сталых супрацоўнікаў падзялілася Ірына Шмар. Паводле яе слоў, на дадзены момант у іх у штаце 50 вадзіцеляў, сярод якіх 20% – ва ўзросце 50+.
Як распавяла спецыяліст, выконваць працяглыя міжнародныя перавозкі кіроўцу ва ўзросце можа быць цяжка, але і працу губляць не хочацца. Для вырашэння гэтай праблемы на прадпрыемстве знайшлі свой выхад. Некаторых супрацоўнікаў перавялі на выкананне ўнутраных рэспубліканскіх перавозак, іншых прызначылі кіроўцамі-настаўнікамі для маладога пакалення. Сваіх маладых калег такія настаўнікі кансультуюць, навучаюць, правяраюць практычныя навыкі, праводзяць стажыроўку, навучаюць тонкасцям разгрузкі і пагрузкі грузаў і г.д.
Такім чынам, сталыя супрацоўнікі могуць дзяліцца сваім вопытам, выконваць абавязкі ў камфортным рэжыме і заставацца на ранейшым працоўным месцы, падагульніла Ірына Шмар.