Лета – час, калі цвіце ліпа, у лясах пануе ягадны рай, а крылатыя руплівіцы забяспечваюць нас вельмі смачным і карысным прадуктам. Мёд… Не, не так… МЁД!!! Які ж гэта цуд, калі ён – свежанькі, бурштынавы, цягучы, салодкі – растае ў роце…
А памятаеце – у Якуба Коласа ў «Новай зямлі»?! «У летні поўдзень – была спёка – выходзіць рой, снуе высока…» Вось чамусьці так і хочацца пра пчол і іх здабытак гаварыць вершаванымі радкамі. Але калі назіраць за імі ў рэальнасці, дык толькі здалёк. Бо на джаленне (было пару разоў) асабіста ў мяне алергія…
Лекавыя ўласцівасці мёда
Што з пчалінай «вытворчасці» я люблю болей за ўсё?! Мусіць… рамку. Соты з мёдам – гэта сапраўды рэч! Каштавалі?! Падабаецца?!:) Прапусціўшы адкатку мёду з рапсу (ён, лічу, на аматара), набываем кветкавы. Ну проста немагчыма ўтрымацца, каб не з’есці… неблагую колькасць!
Захапляюся смакам і, па завядзёнцы, прыгадваю, што ж у гэтым прадукце карыснага. Пра тое, што ў некаторых людзей праяўляецца на мёд алергія, памятаем, так?! Прычым яе праявы могуць быць досыць сур’ёзнымі: ад ацёку Квінке да анафілактычнага шоку. Таму лепей асцярожна і напачатку няшмат.
А вось калі ніякіх супрацьпаказанняў да ўжывання няма… Кубачак гарбаты і лыжка-другая мёду да яе – якое хараство! Сапраўдны рэлакс! 🙂 Вы мяне разумеце?!
Але вяртаемся да карыснага.
Урачы раяць ужываць мёд хворым на цукровы дыябет. Паколькі пачаліны прадукт утрымівае медзь, жалеза ды іншае, дык здольны павышаць гемаглабін.
Ён дапамагае таксама хуткаму ператраўліванню ежы, выводзіць з арганізма прадукты распаду, ачышчае ад таксінаў, шлакаў, радыенуклідаў.
Калісьці наша сучасная Чэрвеньшчына (старажытная Ігуменшчына), адкуль я родам і дзе жыву, славілася менавіта мёдам. Вялікая колькасць яе жыхароў былі бортнікамі,пчалярамі. Нездарма ў гербе горада – пяць пчол над кустом кветак. Многія і зараз працягваюць традыцыі продкаў – трымаюць шмат пчоласем’яў. Таму, напрыклад, у сябе на дачы з кветкамі я працую асцярожна: на іх крылатых працаўніц заўсёды поўна!
Хочаце быць бадзёрымі, энергічнымі, шмат паспяваць?! Ешце мёд альбо піце ваду з ім, разведзеным. Пра такі яго ўплыў на арганізм ведалі яшчэ ўдзельнікі Алімпіяды ў старажытнай Грэцыі. Шматлікія даследаванні выявілі таксама, што ўжыванне гэтага прадукту дапамагае знізіць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Вартая ўвагі прафілактыка інфарктаў ды інсультаў!
Лячэнне укусамі пчол або апіпунктура
Між іншым, укусы пчол могуць быць і карыснымі. Пры ўмове, што гэта не выклікае алергічнай рэакцыі.
Памятаеце, у беларускім культавым кінафільме «Белыя росы»?! Калі галоўны герой просіць свайго малодшага сына, ролю якога выконваў (светлая яму памяць!) знакаміты Мікалай Карачанцаў, «паставіць» яму пчол на паясніцу?! І кажа, што лягчэй зрабілася…
Аказваецца, існуе нават цэлая схема кропак на целе чалавека, якія выкарыстоўваць для лячэння пчалінымі ўкусамі. Але самастойна, мне здаецца, лепей такую пчолатэрапію не спрабаваць прымяняць…
Падчас наступных летніх месяцаў мы яшчэ марым набыць мёд, сабраны пчоламі з ліпы і з грэчкі (паасобку). І яго адкатку ды продаж ужо анансавалі! Так што ў чаканні! І вам, сябры, прыемных хвілін з кубачкам гарбаты і сподачкам духмянага празрыстага шчасця!