Site icon Слушна

У Беларусі з 11 да 31 мая праходзіць рэспубліканская акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня без тытуню

Штогод 31 мая па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) адзначаецца Сусветны дзень без тытуню. Сёлета ён пройдзе пад дэвізам «Тытунь і хваробы сэрца».

Сусветны дзень без тытуню закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці да рызыкаў для здароўя, звязаных з курэннем, і да эфектыўных мер па зніжэнні распаўсюджанасці сярод насельніцтва гэтай згубнай звычкі. У 2018 годзе ўвага спецыялістаў сфакусіравана на ўзаемасувязі спажывання тытунёвых вырабаў і развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў.

Спажыванне тытуню – адзін з сур'ёзных фактараў рызыкі развіцця ішэмічнай хваробы сэрца, інсульту, захворванняў перыферычных сасудаў. А сардэчна-сасудзістыя захворванні з'яўляюцца адной з галоўных прычын смяротнасці ў свеце. Прычым 12% з іх выкліканыя менавіта спажываннем тытуню і ўздзеяннем другаснага тытунёвага дыму.

Разам з тым рызыка развіцця ішэмічнай хваробы сэрца ўжо пасля года адмовы ад цыгарэт зніжаецца ў два разы. Верагоднасць развіцця інсульту ў чалавека пасля пяці гадоў без тытуню памяншаецца да ўзроўню чалавека, які не паліць. Прычым чым раней адмовіцеся ад гэтай звычкі, тым лепш. Так, калі кінуць паліць у 30 гадоў, то працягласць жыцця павялічыцца прыкладна на 10 гадоў, калі ў 50 – толькі на 6.

Менавіта таму сёлета мэтамі Сусветнага дня без тытуню сталі:

  • прыцягненне ўвагі насельніцтва да прычынна-выніковай сувязі паміж курэннем і развіццём сардэчна-сасудзiстых захворванняў;
  • павышэнне дасведчанасці пра ўздзеянне курэння і другаснага тытунёвага дыму на сэрца і сасуды;
  • прадастаўленне магчымасцей грамадскасці, урадам розных краін і іншым зацікаўленым бакам прыняцця абавязацельстваў па ўмацаванні здароўя сэрца шляхам абароны людзей ад спажывання тытунёвых вырабаў;
  • садзейнічанне больш шырокаму прыняццю ў краінах комплексу мер па барацьбе з тытунём MPOWER, выкладзеных у Рамачнай канвенцыі СААЗ па барацьбе супраць тытуню.

У ходзе рэалізацыі палажэнняў Рамачнай канвенцыі СААЗ па барацьбе супраць тытуню, а таксама дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады з 11 па 31 мая 2018 гадоў у нашай краіне будзе праходзіць рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню».

У гэтыя дні ва ўстановах аховы здароўя будуць арганізаваны канферэнцыі і семінары, пройдуць дні кансультавання па прафілактыцы тытунекурэння. Як кінуць паліць і дзе атрымаць дапамогу спецыялістаў, можна будзе даведацца, патэлефанаваўшы на тэлефон даверу. Акрамя гэтага запланавана правядзенне кірмашоў здароўя, інфармацыйна-адукацыйных, фізкультурна-аздараўленчых і іншых мерапрыемстваў (урокі здароўя, конкурсы і выставы малюнкаў і плакатаў, спартыўныя мерапрыемствы).

У нашай краіне ўведзены шэраг абмежавальных мер на распаўсюджанне, рэкламу і спажыванне тытунёвай прадукцыі. Арганізаваны зоны, свабодныя ад курэння, у тым ліку на тэрыторыі прадпрыемстваў і ўстаноў аховы здароўя, забаранілі рэкламу цыгарэт і вырабаў, якія змяшчаюць тытунь. Акрамя гэтага з 15 лістапада 2017 года на ўпакоўцы размяшчаюцца папераджальны малюнак і надпіс пра шкоду і наступствы курэння (займаюць не менш за 50% плошчы пачка).

Курэнне адымае як мінімум 10 гадоў жыцця, таму 31 мая - выдатная нагода назаўсёды выкінуць цыгарэты і пачаць новае жыццё без тытуню.

Exit mobile version