Site icon Слушна

У Мінску з’явіўся першы кантэйнер для ўтылізацыі пратэрмінаваных лекавых сродкаў

кантэйнер для ўтылізацыі пратэрмінаваных лекавых сродкаў

Праблема забруджвання навакольнага асяроддзя лекавымі сродкамі становіцца ўсё больш маштабнай і актуальнай у нашай краіне і за мяжой. Як сведчаць дадзеныя хімічнага аналізу сцёкавых вод апошніх гадоў, у іх выяўляюцца антыбіётыкі, гарманальныя і супрацьзапаленчыя і многія іншыя лекавыя сродкі. Ачышчальныя збудаванні не здольныя ўлоўліваць малекулы прэпаратаў і яны з лёгкасцю трапляюць у рэкі і пітную ваду. Між тым, падобная сітуацыя можа нанесці шкоду не толькі навакольнаму асяроддзю, але і здароўю чалавека.

— Трапленне рэшткаў лекавых сродкаў у пітную ваду можа негатыўна адбіцца на здароўе насельніцтва. Напрыклад, гарманальныя прэпараты могуць выклікаць праблемы рэпрадуктыўнага характару, антыбіётыкі - прывесці да рэзістэнтнасці мікраарганізмаў, і чалавек пасля не зможа лячыцца ад захворванняў, што пагражаюць жыццю, - распавяла загадчыца кафедры фармацэўтычнай хіміі БДМУ, к.ф.н., дацэнт Наталля Яранцава.

З мэтай прадухілення далейшага забруджвання навакольнага асяроддзя лекавымі сродкамі ў 40-й паліклініцы Мінска ўстаноўлены першы кантэйнер для збору ў насельніцтва сапсаваных лекаў. Ініцыятарамі былі Цэнтр экалагічных рашэнняў, Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама пры падтрымцы Кааліцыі Чыстая Балтыка (Швецыя).

Таксама спецыялісты адзначаюць, што акрамя правільнай утылізацыі лекаў, варта звяртаць увагу і на прадухіленне набыцця непатрэбных лекаў. Па статыстыцы, дзве траціны беларусаў (65%) купляюць лекаў, больш, чым ім гэта неабходна.

Кантэйнер для збору непатрэбных лекаў даступны для ўсіх жадаючых у фае 40-й паліклінікі г. Мінска (вул. Люцынская, 3) у гадзіны працы паліклінікі (пн-пт: з 7 да 20 гадзін; сб: з 8.30 да 15 гадзін). Схему праезду можна знайсці тут.

У кантэйнер можна выкідаць блістары з таблеткамі, асобныя таблеткі (папярэдне высыпаць іх з слоічка), а таксама ампулы. Нельга выкідваць вадкія лекі ў шкляных слоічках, мазі, раслінныя прэпараты і вітаміны.

Exit mobile version