Хачу вакцынавацца ад каранавіруснай інфекцыі, куды мне звяртацца? Якія могуць быць пабочныя рэакцыі? Ці існуюць супрацьпаказанні да вакцынацыі? Сваім вопытам падрыхтоўкі да вакцынацыі насельніцтва падзялілася з журналістам інфармацыйнага партала Здаровыя людзі намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Кастрычніцкага раёна г.Мінска Ларыса Дзянісава. Распавяла спецыяліст і пра тыя нюансы, якія непасрэдна тычацца вакцынацыі.
Я планую вакцынавацца. Куды мне звяртацца?
Па-першае, патлумачыла Ларыса Дзянісава, заяўку на вакцынацыю супраць COVID-19 можна пакінуць у медыцынскага работніка, які знаходзіцца ў холе паліклінікі і вымярае тэмпературу, размяркоўвае патокі пацыентаў. Для гэтага варта запоўніць спецыяльную анкету і пазначыць свой хатні адрас і тэлефон.
Па-другое, пакінуць свае кантактныя дадзеныя можна ў стале даведак альбо на сайце медыцынскай установы. Пры паступленні вакцыны ў паліклініку спецыялісты патэлефануюць жадаючым і запросяць на вакцынацыю.
Якой вакцынай будуць прышчапляць?
Па словах Ларысы Дзянісавай, прышчапляць будуць вакцынай расійскай вытворчасці «Спутник-V».
Каму вакцынацыя супрацьпаказаная?
Супрацьпаказаная вакцынацыя пры абвастрэнні вострых і хранічных захворванняў. Супрацьпаказаннем з'яўляецца таксама цяжарнасць і грудное выкормліванне, паколькі ўплыў вакцыны на гэтую катэгорыю людзей не вывучаўся. Не будуць прышчапляць таксама тых, у каго ёсць алергія на кампаненты, якія ўтрымліваюцца ў прэпараце, а таксама калі ў анамнэзе былі цяжкія алергічныя рэакцыі на любыя іншыя прышчэпкі (анафілактычны шок альбо ацёк Квінке).
Акрамя таго, у выпадку цяжкага цячэння хранічнай паталогіі (цукровы дыябет, сардэчна-сасудзістыя паталогіі, імунадэфіцыты, анкалагічныя захворванні ў перыяд праходжання курсу тэрапіі), вакцыну варта выкарыстоўваць з асцярожнасцю і індывідуальна.
Паводле інструкцыі да прэпарата, прышчапляцца могуць людзі ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў. Гэта тычыцца вакцыны «Спутник-V». Цяпер гэтыя паказанні пашыраныя, адзначыла намеснік галоўнага ўрача.
Як праходзіць вакцынацыя?
Вакцынацыя «Спутник-V» праводзіцца ў два этапы. Пасля першай ін'екцыі праз тры тыдні ўводзіцца другая.
Вакцына атрыманая біятэхналагічным шляхам, і ў ёй не выкарыстоўваецца патагенны штам COVID-19. Таму яна не можа стаць прычынай інфікавання каранавірусам, дадала эксперт.
Якія могуць быць пабочныя рэакцыі?
Вакцына ў большасці выпадкаў пераносіцца добра. Разам з тым, могуць быць пабочныя рэакцыі, як мясцовыя, так і агульныя. Да мясцовых адносяцца балючасць і ўшчыльненне ў месцы ін'екцыі, пачырваненне альбо невялікая прыпухласць.
У некаторых выпадках развіваюцца агульныя рэакцыі: лёгкі грыпападобны сіндром, павышэнне тэмпературы, насмарк, невялікае пяршэнне ў горле. Як правіла, яны праходзяць самастойна на працягу трох дзён пасля вакцынацыі.
Перахварэў ужо. Ці варта рабіць такую прышчэпку?
Пасля выздараўлення на працягу трох месяцаў вакцынавацца не рэкамендуецца. Разам з тым, людзям, якія перанеслі кавід, пажадана выканаць экспрэс-тэст на антыцелы, каб дакладна разумець, ці неабходная ім вакцынацыя ў дадзены момант альбо яе лепей адкласці.
Пішуць, што перад вакцынацыяй нельга прымаць алкаголь…
Алкаголь і любыя лекавыя прэпараты несумяшчальныя. Гэта тычыцца і вакцынаў. Эксперт парэкамендавала за тры дні да першай ін'екцыі і ўсяго перыяду да другога ўвядзення вакцыны адмовіцца ад спажывання алкагольных напояў.