Ці можна забыцца на рызыку заражэння, атрымаўшы прышчэпку ад каранавіруса? Які імунітэт фарміруюць новыя вакцыны? Ці ёсць супрацьпаказанні? Ці абавязкова ўводзіць дзве дозы прэпарата? Якімі вакцынамі прышчапляюць?
Па тлумачэнні журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі звярнулася да загадчыцы аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Веранікі Высоцкай.
Куды звяртацца для запісу на вакцынацыю супраць COVID-19
У паліклініку па месцы жыхарства. Для гэтага можна патэлефанаваць, прыйсці самастойна альбо пакінуць заяўку анлайн.
Якімі вакцынамі прышчапляюць
Для вакцынацыі выкарыстоўваюцца:
- Камбінаваная вектарная вакцына Гам-КАВІД-Вак (Расія, а з 16 красавіка і вытворчасці Белмедпрэпаратаў)
- Вакцына супраць SARS-CoV-2 (клеткі Веро), інактываваная (SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), Inactivated (КНР).
Ці можна захварэць пасля прышчэпкі
Вакцыны, якія выкарыстоўваюцца, не ўтрымліваюць жывы вірус, таму ў выніку ўвядзення прэпарата нельга захварэць на COVID-19. Памылкай з'яўляецца і тое, што тыя, хто ўжо прышчапіўся, могуць выдзяляць «вакцынны» вірус SARS-CoV-2.
Напрыклад, вакцына «Гам-КАВІД-Вак» вырабленая біятэхналагічным шляхам без выкарыстання патагеннага для чалавека віруса SARS-CoV-2.
Для таго, каб сфарміраваўся спецыфічны імунітэт пасля ўвядзення першай дозы вакцыны, неабходны час. Улічваючы гэты факт, ёсць верагоднасць заражэння вірусам у дні да альбо пасля ін'екцыі. Паўнавартасны спецыфічны імунітэт фарміруецца праз 7-21 дзень пасля поўнага курса вакцынацыі (увядзенне 2-х дозаў прэпарата).
Двухразовае ўвядзенне
Пры выкарыстанні прэпарата вытворчасці КНР інтэрвал паміж дозамі складае 21-28 дзён.
Увядзенне другой дозы вакцыны прынцыпова важнае, паколькі гэта дапамагае сфарміраваць максімальную абарону ад COVID-19.
Калі вы захварэлі на вострую інфекцыю (але не на каранавірус) у перыяд паміж увядзеннем дозаў прэпарата, другую прышчэпку варта атрымаць пасля акрыяння альбо з захаваннем 21-дзённага інтэрвалу.
Супрацьпаказанні да вакцынацыі
Калі прышчэпку рабіць не будуць:
- Калі абвастрылася хранічнае захворванне. У гэтым выпадку вакцынацыя магчымая праз 2-4 тыдні пасля рэмісіі.
- Ёсць неабходнасць прымаць лекі, якія прыгнятаюць функцыю імуннай сістэмы. Прыём такіх прэпаратаў трэба спыніць як мінімум за 1 месяц да і пасля прышчэпкі.
- У выпадку наяўнасці аўтаімунных захворванняў і злаякасных новаўтварэнняў (магчымасць прышчапляць такіх людзей пакуль вывучаецца).
Калі быў кантакт з хворым на COVID-19, вакцынавацца можна праз 10-14 дзён з моманту кантакту.
Вакцынацыю варта адкласці ў выпадку вострага інфекцыйнага альбо неінфекцыйнага захворвання. Яна станецца магчымай праз 2-3 тыдні пасля акрыяння альбо пачатку рэмісіі. Пры няцяжкіх ВРІ альбо кішэчнай інфекцыі вакцынацыя магчымая пасля таго, як тэмпература цела нармалізавалася.
Калі чалавек пакутуе ад хранічнай паталогіі і на момант вакцынацыі ў яго няма абвастрэння, дазвол на прышчэпку ўзгадняецца з урачом (альбо спецыялістам па профілю хранічнай паталогіі). Галоўная ўмова – чалавек павінен прытрымлівацца прызначанай тэрапіі, быць ва ўстойлівай рэмісіі.
Вакцынаваць не будуць цяжарных і жанчын, якія кормяць грудзьмі, дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.
Уводзіць другую дозу вакцыны нельга, калі пасля першай узнікла сур'ёзная пабочная (непажаданая) рэакцыя (напрыклад, павышэнне тэмпературы вышэй за 40°С і інш.).
Ці магчымыя алергічныя рэакцыі
Паводле дадзеных СААЗ, вынікі, атрыманыя падчас клінічных выпрабаванняў, не паказваюць на якую-небудзь павышаную рызыку развіцця алергічнай рэакцыі, але верагоднасць яе развіцця нельга і выключыць. У нашай краіне ўжо больш за 259 тысяч чалавек атрымалі першую дозу вакцыны, больш за 89 тысяч прайшлі поўны курс вакцынацыі. За гэты перыяд інфармацыі аб рэгістрацыі выпадкаў алергічных рэакцый не было.
Пасля вакцынацыі не варта адразу сыходзіць з медыцынскай установы, трэба пачакаць ля кабінета не менш за паўгадзіны. Гэта неабходна для своечасовага аказання медыцынскай дапамогі ў выпадку неабходнасці.
Ці патрэбная прышчэпка тым, хто перахварэў ужо на COVID-19
Вакцынацыя магчымая ўжо праз 3-6 месяцаў пасля COVID-19 (цяжар перанесенага захворвання значэння не мае).
Пры высокай рызыцы заражэння варыянтамі віруса, якія муціравалі, напрыклад, у сілу спецыфікі прафесіі, зрабіць прышчэпку можна праз 3 месяцы (гэта мінімальны інтэрвал з моманту акрыяння да вакцынацыі).
Вакцынацыю можна планаваць не раней чым праз 6 месяцаў, калі вы заразіліся COVID-19 пасля ўвядзення першай дозы прэпарата, а другой ін'екцыі не было.
У любым выпадку курс вакцынацыі трэба завяршыць. Увядзенне толькі адной дозы прэпарата і перанесеная інфекцыя маглі не сфарміраваць паўнавартасны імунітэт. Зрэшты, даследаванні ў гэтым накірунку яшчэ ідуць.
Колькі захоўваецца імунітэт
Пакуль няма дакладнага адказу на гэтае пытанне. Але ўжо ёсць пацверджанне, што імунная абарона захоўваецца не менш за 9 месяцаў. Мяркуецца, што поствакцынальны імунітэт будзе мацнейшым, паколькі імунны адказ на вакцыну – больш выбарчы і моцны, чым пры натуральным інфікаванні.
Ці трэба ўлічваць наяўнасць і ўзровень антыцелаў перад вакцынацыяй
Па дадзеных даследчыкаў, у большасці перахварэлых імунітэт захоўваецца на працягу 90 дзён. Наяўнасць у арганізме пэўнай колькасці віруснейтралізуючых антыцелаў класа IgG да SARS-CoV-2 праз 3-6 месяцаў не дае поўнай абароны ад паўторнага заражэння. Вакцынацыя дазволіць сфарміраваць больш устойлівы імунітэт.
Якія рэакцыі могуць узнікнуць пасля прышчэпкі
На працягу першых трох дзён пасля ін'екцыі могуць развівацца:
- Агульныя рэакцыі – дрыжыкі, павышэнне тэмпературы цела, боль у суставах і мышцах, слабасць, агульнае недамаганне, галаўны боль
- Мясцовыя – хваравітасць, пачырваненне, ацёк у месцы ўвядзення.
У рэдкіх выпадках адзначаецца млоснасць, дыспенсія (боль альбо дыскамфорт у верхнім аддзеле жывата), зніжэнне апетыту, павелічэнне рэгіянальных лімфатычных вузлоў.
На працягу трох сутак пасля вакцынацыі нельга мачыць месца ін'екцыі, хадзіць у лазню альбо саўну. Варта ўстрымацца ад празмерных фізічных нагрузак. Пазбягайце ўсяго, што можа паўплываць на імунную сістэму (прыём алкаголю, курэнне і інш.).
Пры развіцці мясцовай алергічнай рэакцыі можна прыняць антыгістамінныя сродкі. Калі тэмпература паднялася вышэй за 38°С, можна выпіць нестэроідны супрацьзапаленчы сродак. Неабходнасць прыёму лекавых прэпаратаў лепей узгадніць з доктарам. Калі стан не паляпшаецца, варта звярнуцца да ўрача ў паліклініку па месцы жыхарства.
Ці выдаюць які-небудзь дакумент пасля вакцынацыі
Згодна з рашэннем Міністэрства аховы здароўя, тым, хто прайшоў вакцынацыю, будзе выдадзены адпаведны сертыфікат (запаўняецца на рускай і англійскай мовах). Мяркуецца, што такі дакумент будзе патрэбны ў выпадку выезду за межы Беларусі.
Сертыфікат можна атрымаць у месцы правядзення вакцынацыі на платнай аснове па жаданні чалавека, які плануе выезд за мяжу на працягу года. У дакуменце будзе ўтрымлівацца інфармацыя аб атрыманні прышчэпкі супраць COVID-19, якая пацвярджае ўвядзенне 2-х дозаў прэпарата.
Калі выязджаць за мяжу не трэба, інфармацыя аб правядзенні прышчэпкі будзе ўнесеная ў медыцынскія дакументы з наступнай выдачай выпіскі.
Важна! Вакцынацыя не адмяняе неабходнасць захоўваць масачны рэжым, мыццё рук, сацыяльную дыстанцыю.