Штогод па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў апошні тыдзень красавіка праходзіць Еўрапейскі тыдзень імунізацыі (ЕТІ). Сёлета ён пачнецца 26 красавіка і працягнецца да 2 мая. Дэвіз кампаніі 2021 года – «Вакцыны збліжаюць нас».
«Гарачая лінія» па пытаннях вакцынацыі
У перыяд з 26 па 30 красавіка з 9.00 да 13.00 па тэлефонах «гарачай лініі» спецыялісты аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭіГЗ) адкажуць на пытанні грамадзян, якія тычацца вакцынапрафілактыкі інфекцыйных захворванняў, у тым ліку COVID-19.
Нумары тэлефонаў:
- 375-99-83 – загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі РЦГЭіГЗ Вераніка Станіславаўна Высоцкая;
- 215-28-50 – урач-эпідэміёлаг аддзялення Наталля Адамаўна Сайко.
Эфектыўнасць вакцынаў
Упершыню ЕТІ прайшоў 16 гадоў таму. Беларусь стала адной з першых краінаў, якія ўзялі ўдзел у ініцыятыве. Яе мэта заключаецца ў павышэнні ўзроўню ахопу вакцынацыяй, глыбокага разумення таго, што кожны чалавек мае патрэбу ў абароне ад хваробаў, якія папярэджваюць з дапамогай вакцынаў, і мае на гэта права.
Дзякуючы імунізацыі, удалося ліквідаваць шматлікія небяспечныя захворванні – натуральную воспу, цыркуляцыю двух з трох дзікіх штамаў віруса поліяміэліту. Радзей рэгіструюцца выпадкі адзёру, краснухі, дыфтэрыі, слупняку, генералізаваных формаў сухотаў і вострага віруснага гепатыту В, іншых інфекцый, якія папярэджваюць з дапамогай імунізацыі.
Праблема адмоў ад прафілактычных прышчэпак прыводзіць да павелічэння колькасці людзей, адчувальных да інфекцыйных захворванняў, што можа стаць прычынай пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі. Але ж многія з гэтых інфекцый пагражаюць цяжкімі наступствамі ў будучым.
Поліяміэліт небяспечны пажыццёвым паралічам, адзёр – слепатой і энцэфалітам, дыфтэрыя – паралічам і міякардытам, эпідэмічны паратыт – бясплоддзем і цукровым дыябетам, гепатыт В – цырозам і ракам печані, краснуха падчас цяжарнасці – прыроджанымі арганічнымі пашкоджаннямі плоду.
Адсутнасць прышчэпкі ад слупняку можа прывесці да смерці дарослых і дзяцей нават пры нязначнай траўме. У непрышчэпленых супраць сухотнай інфекцыі значна ўзрастае рызыка захворвання на сухоты ў цяжкай форме са шматлікімі ўскладненнямі.
Маштабнае і імклівае развіццё пандэміі COVID-19 яшчэ раз прадэманстравала важнасць вакцынацыі як эфектыўнага спосабу папярэджання інфекцыйных захворванняў.
Якое ваша меркаванне: ці патрэбныя прафілактычныя прышчэпкі? Ці плануеце прайсці вакцынацыю супраць каранавіруса? Прыміце ўдзел у апытанні на сайце РЦГЭіГЗ.