Site icon Слушна

Васіль Смычок: «Аднаўленне – працэс доўгі, але вынік таго варты»

Рэабілітацыя ў Беларусі: аднаўленне катэгорый жыццядзейнасці

Пасля перанесенага інсульту толькі 10% пацыентаў вяртаюцца да працы без абмежаванняў. Астатнія застаюцца інвалідамі. Мазгавыя інсульты і інфаркты міякарда значна памаладзелі: калі раней яны лічыліся хваробай пажылых, дык сёння на бальнічным ложку аказваюцца людзі, якім 50, 40, 30 гадоў. Значыць, у рэабілітацыі ўсё больш маюць патрэбу працаздольныя.

Што ўяўляе сабой медрэабілітацыя ў нашай краіне? Пра гэта размова з Васілём Смычком.

Каб вярнуць чалавека да максімальна паўнавартаснага для яго жыцця, прадпрымаецца комплекс мер. Складаецца індывідуальная праграма рэабілітацыі, вызначаюцца функцыянальныя парушэнні, якія прывялі да абмежавання жыццядзейнасці (здольнасці да перасоўвання, стасункаў, арыентацыі і г.д.). Для рэабілітолага важны не толькі клінічны, але і клініка-функцыянальны дыягназ. Ён адлюстроўвае наяўнасць функцыянальных парушэнняў і ступень іх выяўленасці, характар цячэння захворвання, магчымасць дасягнення кампенсацыі лекавымі, тэхнічнымі ці іншымі сродкамі.

Этапы медрэабілітацыі

Сістэма медрэабілітацыі прадстаўлена 326 спецыялізаванымі аддзяленнямі (96 стацыянарных і 230 амбулаторна-паліклінічных) – больш за 4 000 ложкаў для дарослых і дзяцей.

Такой колькасці, на думку Васіля Барысавіча, дастаткова. Галоўнае, каб накіроўвалі ў гэтыя аддзяленні менавіта тых, хто сапраўды мае патрэбу ў рэабілітацыі (пацыентаў, у дачыненні да якіх можна разлічваць калі не на поўнае знікненне наступстваў хвароб і траўмаў, дык хаця б на істотнае паляпшэнне стану, кампенсацыю тэхнічнымі сродкамі).

У Беларусі сістэма медрэабілітацыі складаецца з этапаў.

1. Лячэбна-рэабілітацыйны. Ажыццяўляецца ў вострым перыядзе захворвання або траўмы. Пачынаецца, калі пацыент знаходзіцца ў профільным аддзяленні стацыянара або нават у аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі. Прафілактыка застойнай пнеўманіі, пролежняў таксама адносіцца да рэабілітацыйных мерапрыемстваў

2. Ранняй стацыянарнай медрэабілітацыі. Ажыццяўляецца ў вострым і раннім аднаўленчым перыядах захворвання або траўмы ў стацыянарных аддзяленнях ранняй медрэабілітацыі.

Напрыклад, у неўралагічным ці кардыялагічным аддзяленні чалавека выратавалі пасля мазгавога інсульту ці інфаркту міякарда. Пасля гэтага яго варта перавесці ў цэнтр, аддзяленне або бальніцу медрэабілітацыі.

На рэспубліканскім узроўні такую рэабілітацыйную дапамогу аказваюць:

  • Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне,
  • РНПЦ медэкспертызы і рэабілітацыі ў Гарадзішчы,
  • Рэспубліканская дзіцячая бальніца медрэабілітацыі ў Астрашыцкім Гарадку,
  • Рэспубліканскі дзіцячы цэнтр медрэабілітацыі ў в.Баравое,
  • Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння ў Мінску.

Шматпрофільныя цэнтры медрэабілітацыі ў сярэднім на 200 ложкаў ёсць і ў кожным абласным цэнтры. Што тычыцца арганізацый аховы здароўя Мінска, дык гэта Гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі, які функцыянуе на базе 11-й ГКБ.

3. Амбулаторны. Ажыццяўляецца ў рэабілітацыйных, а пры іх адсутнасці ў профільных аддзяленнях амбулаторна-паліклінічных арганізацый аховы здароўя. У многіх паліклініках працуюць аддзяленні або кабінеты медрэабілітацыі. Урач-рэабілітолаг (ці ўрач па профілі захворвання) вызначыць наяўнасць паказанняў і супрацьпаказанняў. Спецыялісты будуць дапамагаць пацыенту ў ліквідацыі рухальных, маўленчых і іншых парушэнняў па індывідуальна складзенай праграме

4. Хатні. Тычыцца 2 катэгорый пацыентаў. Першая – тыя, хто не перасоўваецца зусім або з цяжкасцю перамяшчаецца па кватэры. У такім выпадку важна навучанне родзічаў: варта распавесці, што можна хвораму чалавеку і чаго нельга, як яго прыўздымаць, усаджваць, карміць і інш. Ёсць школы пацыента і школы родзічаў пацыента. Другая катэгорыя – хворыя з лёгкімі і ўмеранымі наступствамі захворванняў і траўмаў. У паліклініцы для іх складваюцца рэкамендацыі і заданні для заняткаў у хатніх умовах.

 
Васіль Смычок
Дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар
На жаль, такія школы карыстаюцца папулярнасцю толькі на стацыянарным этапе, адразу пасля ўзнікнення хваробы. Тады яшчэ і хворы, і яго родзічы напалоханыя і маюць патрэбу ў парадах. Да амбулаторнага этапу многія перастаюць наведваць такія школы. А дарэмна. Рэабілітацыя – працэс паступовы, можа доўжыцца гадамі. Але пры належнай упартасці намаганні ўзнагароджваюцца.

5. Позняй (паўторнай) стацыянарнай медрэабілітацыі. Прызначаецца і праводзіцца пацыентам у позні аднаўленчы перыяд, на этапе наступстваў захворванняў, у выпадках, калі аднаўленне страчанага здароўя адбываецца, але патрабуецца прымяненне высокаінтэнсіўнай рэабілітацыйнай дапамогі ва ўмовах стацыянара для дасягнення станоўчага эффекту.

Плюсы ступеньчатай сістэмы

У загадзе Міністэрства аховы здароўя ад 10.12.2014 № 1300 «Аб парадку аказання медыцынскай рэабілітацыі ў амбулаторных, стацыянарных умовах, ва ўмовах дзённага знаходжання, а таксама па-за арганiзацый аховы здароўя» выразна выкладзеныя медыцынскія паказанні і супрацьпаказанні да накірунку на розныя этапы медрэабілітацыі, паказана, на які дзень пасля цяжкіх захворванняў і траўмаў хворага можна і трэба пераводзіць у стацыянарнае аддзяленне рэабілітацыі.

 
Васіль Смычок
Дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар
Калі мы бываем за мяжой і распавядаем пра нашу сістэму рэабілітацыі, заўсёды сустракаем непадробную цікавасць. Этапнасць не выконваецца нават у такіх краінах з высокім узроўнем жыцця, як ЗША ці Германія. Нашу мадэль этапнай сістэмы рэабілітацыі бяруць у якасці прыкладу краіны постсавецкай прасторы, напрыклад, Украіна і Казахстан.

Чалавек не выпадае з поля зроку медыкаў, пастаянна атрымлівае рэабілітацыйную кваліфікаваную дапамогу.

Важны маральны аспект: хворы бачыць, што ім займаюцца. Гэта дае каласальны эфект – нават з вельмі цяжкімі хворымі можна дамагчыся прагрэсу. Напрыклад, ляжачыя пацыенты пачынаюць самастойна садзіцца, уставаць, есці. Для іх сям'і гэта велізарнае палягчэнне.

Калі наступствы захворвання менш цяжкія, спецыялісты займаюцца пацыентам да таго часу, пакуль ён ні стане самастойна сябе абслугоўваць і перасоўвацца (можа вярнуцца да працы, няхай нават па іншай спецыяльнасці).

За апошнія 10 гадоў павялічыўся паказчык поўнай рэабілітацыі: у 2007 годзе складаў 6,8%, сёння 9,6%. Паказчык частковай рэабілітацыі вырас за гэты перыяд з 11,5% да 14,3%.

 
Васіль Смычок
Дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар
Рэабілітацыя – суперважны медыка-сацыяльны напрамак, які рэальна павышае якасць жыцця. Яна не абмяжоўваецца толькі медыцынскімі аспектамі, казаць пра яе трэба ў комплексе з сацыяльнай, адукацыйнай, прафесійнай, бытавой сферамі. Канвенцыя аб правах інвалідаў, ратыфікаваная ўрадам, накладвае вялікую адказнасць на нашу краіну. Пытанні, якія датычацца стварэння безбар'ернага асяроддзя, аказання паслуг інвалідам і інш., абмяркоўваюцца на Рэспубліканскім міжведамасным савеце па праблемах інвалідаў, што сведчыць аб увазе да гэтай праблемы з боку дзяржавы.

У рэспубліцы 560 тысяч інвалідаў, з іх 28 тысяч дзяцей да 18 гадоў. Лічба павялічваецца год ад года, аднак збольшага гэта звязана з тым, што людзі сталі часцей звяртацца па рэабілітацыйную дапамогу.

Паказанні для прызначэння

Рэабілітацыі падлягаюць дарослыя пацыенты і дзеці, у якіх наступствы захворвання або траўмы прывялі да парушэнняў функцый органаў або абмежавання жыццядзейнасці.

Кажучы простай мовай, калі пацыент лячыўся ад радыкуліту і ачуняў, дык бальнічны закрываецца. А вось калі наступствы захворвання патрабуюць аднавіць, напрыклад, функцыю руху, прызначаецца рэабілітацыя. Яна ахоплівае тэрапію, траўматалогію, неўралогію, анкалогію і іншыя вобласці.

Існуе восем асноўных катэгорый жыццядзейнасці:

  • здольнасць да самаабслугоўвання;
  • здольнасць да самастойнага перамяшчэння;
  • здольнасць да арыентацыі;
  • здольнасць да стасункаў;
  • здольнасць кантраляваць свае паводзіны;
  • здольнасць да навучання;
  • здольнасць да працоўнай дзейнасці;
  • здольнасць да вядучай узроставай дзейнасці (вызначаецца толькі ў дзяцей).

Калі хаця б адна з іх парушана, патрабуецца рэабілітацыя.

Супрацьпаказанняў няшмат:

  • высокая некарыгіруемая артэрыяльная гіпертэнзія,
  • ліхаманкавы стан,
  • актыўная фаза туберкулёзу і інш.

Інваліднасць па новых крытэрыях

Сёлета пачнецца фарміраванне новай галіновай навукова-тэхнічнай праграмы на 2019-2021 гады для вырашэння актуальных праблем медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі. У ёй будзе закладзена навуковая тэматыка, накіраваная на рэалізацыю палажэнняў важнага міжнароднага дакумента, які падпісала наша краіна, – Канвенцыі аб правах інвалідаў.

Прадугледжана ўдасканаленне сістэмы медыка-сацыяльнай экспертызы, распрацоўка новых крытэрыяў вызначэння інваліднасці, якія адпавядаюць міжнародным стандартам.

 
Васіль Смычок
Дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар
У большасці краін свету не ведаюць, што такое групы інваліднасці. Яны ёсць толькі ў нас, на Украіне, у Расіі і яшчэ некалькіх постсавецкіх краінах. У свеце пераходзяць на працэнтную сістэму вызначэння ступені страты працаздольнасці. У нас у планах распрацоўка новай сістэмы – захаваем добрыя старыя напрацоўкі і прыўнясём сучасныя павевы. Напрыклад, магчыма, разам з вызначэннем групы інваліднасці будзем вызначаць яшчэ і ступень страты агульнай працаздольнасці ў працэнтах. Такі эксперымент у 1-2 рэгіёнах думаем правесці ў 2019 годзе. Чуў неяк такі выраз: лячэнне – гэта мыш, а рэабілітацыя – слон. Пасля выратавання чалавека важна мінімізаваць наступствы хваробы. Гэта працаёмкі працэс, які часам займае гады. Але вынік таго варты.

Што ўключае ў сябе паняцце рэабілітацыя

Што ўключае ў сябе паняцце рэабілітацыя

1. Псіхадыягностыка і псіхакарэкцыя.

Больш за 50% пацыентаў пасля інфаркту міякарда або інсульту адчуваюць дэпрэсію, не кажучы пра тых, хто перанёс анкалагічныя захворванні. Людзі лічаць, што нармальнае жыццё для іх ужо скончана, што непазбежныя страта працы, сям'і і звыклага ўкладу. Але ў большасці выпадкаў, прыклаўшы намаганні своечасова, можна знайсці спосабы, як не выпасці з сацыяльнага жыцця. У першы дзень знаходжання пацыента ў стацыянарнай рэабілітацыйнай установе псіхолагі праводзяць тэставанне. Як правіла, амаль заўсёды патрабуецца дапамога (індывідуальная і групавая тэрапія). Нават тое, што чалавек прагаворвае свае страхі ў кампаніі тых, хто разумее яго, зніжае напружанне і вяртае жаданне жыць максімальна паўнавартасна.

2. Фізічныя метады (фізіятэрапеўтычныя працэдуры, масаж, бальнеалячэнне і інш.).

Сучасныя метады прадугледжваюць выкарыстанне трэнажораў з біялагічнай зваротнай сувяззю, камп'ютарнымі тэхналогіямі. Напрыклад, каб прымусіць працаваць парэтычную пасля інсульту руку, пацыент выконвае практыкаванні падчас камп'ютарнай гульні (напрыклад, ёсць заданне нацерці хворай рукой моркву). Эфектыўныя рабатызаваныя трэнажоры (іх у краіне некалькі). Хворага змяшчаюць у трэнажор, і робат дапамагае яму вучыцца хадзіць, распрацоўваць рухі ў руках і нагах. Існуе нямала новых методык па паляпшэнню маўлення. Нанова вучыцца гаварыць дапамагаюць лагапеды і фаніятр. Часам чалавек не можа сказаць, але можа праспяваць – так паступова вяртаецца маўленне.

3. Медыкаментознае лячэнне. Прымяняецца як дапаможны і падтрымліваючы сродак.

 
Васіль Смычок
Дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар
У рэабілітацыі важны актыўны ўдзел пацыента. Калі ён не разумее, што ад яго патрабуецца, не матываваны вярнуцца да максімальна актыўнага жыцця, асаблівага эфекту не будзе.

4. Тэхнічныя сродкі. Інвалідам і пажылым людзям важна забяспечыць дапамогу ў побыце – абсталяванне кватэры адмысловымі прыстасаваннямі (поручнямі, сядзеннямі і г. д.). Значная колькасць тэхнічных сродкаў (крэслы-каляскі, кіі, мыліцы, хадункі, поручні, пратэзы і інш.) Выдаюцца на ільготных умовах.

Exit mobile version