Site icon Слушна

Ведаць пра ВІЧ і не баяцца

Падведзеныя вынікі рэспубліканскага конкурсу графічных работ сярод насельніцтва Беларусі па праблеме ВІЧ-інфекцыі на тэму «Фарміраванне талерантнага стаўлення да людзей, якія жывуць з ВІЧ. Пераадоленне стыгмы і недапушчэнне дыскрымінацыі».

Конкурс быў арганізаваны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, а сама цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў адбылася на базе дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя».

З 737 работ, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, толькі 8 змаглі атрымаць высокую ацэнку экспертнага журы.

У намінацыі «Чалавек, які жыве з ВІЧ, – раўнапраўны грамадзянін грамадства. Талерантнасць – аснова гуманнай дзяржавы» першае месца заняла работа «Адны пачуццi – адны людзi» Аляксея Цыганова, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці – галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя «Круглянскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

Другое месца было прысуджанае Таццяне Сазановіч з горада Асіповічы. Работа «#безразличныхНЕТ».

У намінацыі «Дакладныя факты пра ВІЧ-інфекцыі на сучасным этапе. Веданне дапаможа развеяць міфы» работа «Ведаць і не баяцца» Юліі Мітракінай з а/г Лясны заняла першае месца і прыцягнула ўвагу журы сваім пазітыўным сюжэтам.

 
Іна Карабан
Галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Наша прафілактычная работа накіраваная на зніжэнне стыгмы ў дачыненні да людзей, якія жывуць з ВІЧ, у аснове якой ляжаць не веды і не разуменне пра саму ВІЧ-інфекцыю. Мы хочам памяняць стаўленне як да самой праблемы, так і да людзей, у якіх яна ёсць. У сучасных умовах чалавек, які мае ВІЧ станоўчы статус і прымае антырэтравірусныя прэпараты, ужо не нясе небяспекі для навакольных. ВІЧ-інфекцыя зрабілася хранічным захворваннем, і пражыць з ёй можна вельмі доўга.
 
Алег Скрыпко
Урач-інфекцыяніст, намеснік галоўнага ўрача па амбулаторным падзеле работы Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы
Цяпер няма праблемаў у лячэнні ВІЧ-інфекцыі, але ёсць праблема ў негатыўным стаўленні да чалавека з ёй. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб стварыць пазітыўны стэрэатып мыслення ў дачыненні да такіх людзей і матываваць на лячэнне ўсіх, хто мае ў тым патрэбу. Пры раннім выяўленні ВІЧ-інфекцыі і прызначэнні неабходнага лячэння (у Беларусі такое лячэнне праводзіцца на бясплатнай аснове) чалавек не паспявае набываць выяўленых праяў імунадэфіцыту і жыве гэтак жа, як чалавек з любым хранічным захворваннем.
 
Сяргей Кручынін
Старшыня экспертнага савета і журы конкурсу
ВІЧ-інфекцыя развіваецца ва ўзроставай групе 35 + і людзей старэйшых, таму інфармацыйная праца з імі найбольш цяжкая. Людзі баяцца здаць тэст на ВІЧ і не заўсёды выконваюць правілы асабістай гігіены. Стэрэатып іх мыслення, страх хваробы не дае прыняць правільнае рашэнне.

Калі ў вас усё ж узніклі пытанні па ВІЧ/СНІДу або неабходнасць здаць аналізы ананімна і бясплатна, заўсёды можна звярнуцца ў Рэспубліканскі або абласныя цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Кантактныя тэлефоны:

Мінск (017) 321 22 68

Брэст (0162) 20 75-86

Віцебск (0212) 23 80 82

Гомель (0232) 75 71 40

Гродна (0152) 75 57 48

Магілёў (0222) 71 65 83

Фота – Аксана Жураўлёва.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version