Site icon Слушна

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 4. «Я ў Друі перайшоў мяжу…»

Пра столькі цікавых мясцінаў на паўночным захадзе Беларусі я пачула ад Васіля Літвіна! І што самае дзіўнае – некаторыя назвы чамусьці ніколі на вочы не трапляліся. Ні ў сеціве, ні ў друкаваных СМІ. Ці то інфармацыйных нагодаў там няма, ці то што… Затое ёсць прыгожы касцёл. Ці музей. Ці парк. Адмысловы помнік. Альбо штосьці яшчэ. Таму едзем разам з нашым велавандроўнікам! І – даведваемся пра лайфхакі.

Ушачи - Фариново - Новополоцк. Четвертый день велопохода.

З Барысава – на Лепель, тады на Ушачы… Ваш родны Наваполацк… Усе больш-менш знаёмыя мясціны. І, куды, Васіль, пакіравалі далей?

На аўтамабільную запраўку.

Вось як! А навошта?

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Аўтамабільная запраўка – карысная рэч і для веласіпедыста. Там, па-першае, крамы, а па-другое, там заўсёды можна напампаваць колы ровара!

А які павінен быць ціск у колах?

Тут усё залежыць ад іх памеру. У горніка колы вялікія, там дзесьці 2-2,5 атмасферы, калі я нічога не блытаю. На горніку я, зрэшты, рэдка езджу. А на маім турынгу – 5-6 атмасфераў. Не кожная ручная помпа столькі напампуе. У мяне ёсць з сабою, вядома ж, але яна маленькая. Больш для, так бы мовіць, аварыйных выпадкаў.

А калі я еду, бачу запраўку ды яшчэ і ведаю, што колы трэба падпампаваць… Альбо калі кола прабілася, але не зусім яшчэ спусціла… Дык я стараюся дацягнуць да запраўкі, дзе яго адрамантую і там жа напампую.

І як вы ў дарозе вызначаеце, што кола час падпампаваць?!

Звычайна проста пальцамі правяраеш, наколькі прагінаецца пры націсканні. А яшчэ, калі раптам вялікая дзірка, дык кола хутка спускае. І ты адчуваеш, што ровар едзе неяк не так. Тут ужо трэба рамантавацца тэрмінова.

А калі ў такіх выпадках паспадзявацца, што яшчэ колькі праедзеце… Калі ўжо моцна спусціла… Дык можна так рызіну «пажаваць», што давядзецца мяняць і камеру, і пакрышку.

Далей у вас па маршруце – Расоны, Клясціцы…

… І Асвейскае возера – адно з самых вялікіх у Беларусі. Гэта Верхнядзвінскі раён. У возеры я пакупаўся…

І як на той час была вадзічка – на пачатку лета?!

Яна, канешне, цёплая, ды не такая, як на курорце. Але абсталяваная зона адпачынку маецца. Невялікі пляж, альтанкі, навесы, мангалы… А ў самім возеры зверху на вадзе раска была. Не дужа прыемна купацца… Але ж веласіпедысту трэба памыцца…

І памыць вопратку…

Так! Я з сабой браў трое трусоў, тры пары шкарпэтак, тры футболкі…

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Мыла з сабой лепей не браць гаспадарчае, з яго рэзкім пахам. Пажадана без паху, універсальнае. Каб і самому памыцца, і памыць вопратку.

А што яшчэ, апрача мыла, бяром са сродкаў гігіены?

Зубную пасту (лепей маленькую па памеры, яе хопіць), складную зубную шчотку. Абавязкова трэба ўзяць з сабой вільготныя сурвэткі, хаця за іх і сварацца эколагі. Без іх – нікуды. Бо не заўсёды ты спыняешся ля вадаёма. А памыцца ж трэба. Таму вільготныя сурвэткі – наша ўсё!

Можна браць і вільготную паперу для прыбіральні, якая раскладаецца. Але яна рэдка бывае ў продажы.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

З сабой бярэцца ўсё сінтэтычнае: футболкі, шкарпэткі… Прычым шкарпэткі лепей браць ці спецыяльныя веласіпедныя, ці бегавыя. Яны хаця і сінтэтычныя, але «дыхаюць». Трусы – напалову сінтэтычныя. Ручнікі – спецыяльныя турыстычныя. Усё прадаецца ў спецыялізаваных крамах.

У тым плане, каб хутчэй высыхала?!

Не толькі. Яшчэ каб не націрала. Бо калі будуць мокрымі трусы альбо шкарпэткі натуральныя, дык праз паўгадзіны язды ў іх можна сабе штосьці нацерці… А натуральны мокры ручнік, калі не высахне, заважыць ледзь не кілаграм.

Пераходзім да абутку…

А вось тут ёсць розныя меркаванні. Класічныя велавандроўнікі едуць улетку – у сандалях, увесну ці ўвосень – у красоўках. Я лічу сябе велатурыстам вопытным, прасунутым. У мяне на веласіпедзе спецыяльныя кантактныя педалі, таму спецыяльны велаабутак. Калі ты едзеш на ровары прышпіленым да педаляў.

Звычайна такое выкарыстоўваюць прафесійныя спартсмены, турысты – не часта. Але мне падабаецца. Калі ты адчуваеш сябе з роварам адным цэлым.

Ага! Асабліва, калі, не дай Бог, падаць будзеш…

Так! Калі ўпершыню абуваеш кантактны абутак і прышпільваешся да кантактных педаляў, ты абавязкова падаеш! (смяемся). Бо забываешся адшпіліцца спецыяльным рухам нагі. А мацаванне там – як на горных лыжах. Гэта дарагая рэч, але на такое мне не шкада грошай.

А з сабой што з абутку бераце?

Сланцы ці штосьці такога тыпу. Бо ты цэлы дзень едзеш. У цябе ногі стаміліся, успацелі. Ты прыязджаеш да мяркуемага месца начоўкі – і адразу ж пераабуваешся. А яшчэ ж ёсць такія чыстыя мясціны, дзе можна пахадзіць басанож. Сланцы лёгкія, і яны не займаюць шмат месца.

Адпачылі – і едзем далей… Куды?

У вёску Сар’я. Там адзін з самых прыгожых храмаў Беларусі. І з цікавай гісторыяй. Можна пачытаць у інтэрнэце. Касцёл, які стаў царквой.

Еду я ў тым накірунку, бачу – удалечыні стаіць касцёл. Пад’ехаў, прачытаў – царква. Зараз шмат дзе каля цікавых пабудоў, помнікаў стаіць слупок з таблічкай. І там можна прачытаць, што гэта такое… Сар’ю паглядзець я раю.

Росіца, вёска Вопытная, Бігосава, Верхнядзвінск, дзе таксама ёсць што паглядзець… Міёры, куды вы напачатку не планавалі, але пабылі, бо не туды пасля Верхнядзвінска паехалі… Бывае! Але мы не будзем спыняцца, а рушым у…

У Друю, на самую мяжу з Латвіяй! Гарадок, а дакладней – аграгарадок. Там ёсць што паглядзець. Дабравешчанская царква і касцёл Святой Тройцы, разваліны царквы святых Пятра і Паўла (калісьці ў Друі было больш за 20 храмаў! – аўт.), у цэнтры Друі – Барысаў камень. Былая рэзідэнцыя Сапегаў…

І акурат на беразе ракі стаіць памежны слуп. Калі прайсці міма яго, дык можна перайсі мяжу – у адзін і другі бок (смяецца). Сімвалічна, вядома ж, перайсці. Бо сапраўдная мяжа з Латвіяй праходзіць, я так разумею, па рацэ. Але я прайшоўся ля слупа і зрабіў сэлфі! Па той бок – ужо замежная Піедруя.

Там яшчэ ёсць адмысловы мост праз раку Друйка, прыгожы. Карацей, у Друі я таксама раю пабываць. Гэта прыгожае месца з цікавай гісторыяй.

Пра знакамітыя Браслаўскія азёры не будзем распавядаць – пра іх усюды пішуць. Толькі калі пару ўражанняў…

Маё ўражанне ад Браслаўскіх азёраў (і я нікога не хачу зараз пакрыўдзіць!) – гэта беларускі Крым. І кожны хоча ўзяць з цябе грошай – такое маё адчуванне. Пад’язджаеш да азёраў, а там – турыстычныя альбо рыбалоўныя стаянкі. І яны – платныя.

Вядома ж, калі ты памыешся, пакупаешся – і адразу паедзеш далей, ніхто цябе не прагоніць. Але калі ты хочаш станавіцца з намётам – тэлефануй на нумар, які ўказаны на таблічцы. І альбо да цябе прыедуць, альбо ты сам паедзеш, каб заплаціць.

Там альтанкі, біяпрыбіральня, дровы, месца для вогнішча… І гэта фактычна ўсе паслугі, а заплаціць павінен, як за нармальны хостэл.

Вядома ж, калі ехаць адпачываць вялікай кампаніяй, дык яно таго каштуе. Але калі ты – турыст-адзіночка. І плаціць за цэлую стаянку…

Я, вядома ж, пакупаўся. Знайшоў ужо далей для начоўкі сухое месца на прыгорку. І толькі пачаў ваду грэць… А тут непадалёк ад мяне выходзіць добры такі алень!

Я яму кажу:

– Прывітанне, алень!

А ён зусім мяне не спужаўся. Паглядзеў так і, мусіць, падумаў: «І што ты тут робіш?!» (смяемся)

Пераначаў, як звычайна.

Пад Браславам ёсць такі населены пункт – Плюсы.

Плюсы – гэта грыбы!мяемся)

Дык вось у аграгарадку прыгожы касцёл. Але ўскладняецца ўсё тым, што і Плюсы вельмі блізка ад мяжы з Латвіяй, і там ёсць памежны пераход. Але ён не для ўсіх, а толькі для мясцовых жахыроў. Зараз, здаецца, і ўвогуле зачынены.

У Плюсах ёсць крама. Але па законе подласці яна была зачыненая. «Ну, – думаю, – з’ем тое, што ў мяне ёсць: каўбаса, сыр…» І толькі прысеў, каб паесці, пад’язджае да мяне на веласіпедзе памежнік:

– А што вы тут робіце – непадалёк ад дзяржаўнай мяжы?!

– Касцёл прыехаў паглядзець…

– А чаму ў бок мяжы ездзілі?!

– У краму…

– Дык яна ж зачыненая!

– Але ж я не ведаў…

– А куды вы затым паедзеце?

Я распавёў, што, маўляў, той дарогай, якой сюды прыехаў, назад і вярнуся…

– Ну, добра. А колькі вы яшчэ тут будзеце сядзець?

– Хвілін 20.

Вось так у нас ахоўваюць мяжу! Варта ведаць, калі зберацеся ў тыя мясціны. І абавязкова трэба мець з сабой дакументы!

А вы чулі пра вёску Данькі?! Вось і я не чуў. А там, аказваецца, музей… ката!

Ого! Здорава як!

Еду я па дарозе і бачу ўказальнік: 5 км, в.Данькі, музей ката, заязджайце. Я, вядома ж, паехаў! У мяне ж дома два каты. І ютуб-канал, калі хто забыўся, – «Два каты і веласіпед». Як жа не заехаць?!

Там мужчына і жанчына, якія пераехалі з Мінска, зрабілі аграсядзібу, прымаюць гасцей. І – так, у іх цікавы музей. Для вялікай групы турыстаў нават цэлае дзейства паказваюць.

А жывыя каты там ёсць?!

Жывы ў іх адзін. Але калі я прыехаў, і яго ў полі зроку не было. Сказалі – пайшоў мышэй лавіць! (смяемся) У іх – скульптуры, пашоўкі, цацкі ды іншае. Легенды распавядаюць пра катоў. Я, вядома ж, набыў сабе магніцік з катамі. Цікава ў іх усё зроблена, таксама раю паглядзець.

Далей – гара Маяк, вёска Мяжаны з касцёлам, Дрысвяты…

У Дрысвяты не даехаў – дарога падвяла. Па карце – грунтовая, са спадарожніка – то ёсць, то няма… На справе тое, што праз поле ішло, перааранае, іншыя часткі проста кустоўем зараслі.

Як я распавядаў ужо, падчас гэтай вандроўкі мяне дужа кусалі камары ды мошкі. І вось для чарговай начоўкі я вырашыў выбраць месца на ўзгорку, каб быў вецер. Каб ён іх здзімаў!

Праўда, гэта мяне не выратавала, бо надвор’е было бязветранае. Затое – прыгоды…

Тэлефаную жонцы, кажу, куды прыехаў. Маўляў, намёт паставіў, усё добра. Надвор’е добрае, камары ядуць… І тут у метрах дзесяці ад мяне выходзіць… кабан. Такая чорная туша! Я замаўчаў, а жонка: «Ты чаго? Ты дзе?»

А я думаю. Што рабіць?! Збегчы ад кабана практычна нерэальна. А ён таксама стаіць і на мяне пазірае. Я пастаяў-пастаяў, а тады давай махаць рукамі ды крычаць! І казаць, каб мяне не еў… І кабан развярнуўся і пайшоў у кусты…

Жахі якія!!!

Так. Мне трохі страшна зрабілася. А ноччу… Ляжу і думаю: ці штосьці стукае ў кустах, ці рохкае… Можа, кабан думае вярнуцца?! Але ж у мяне з сабой радыё ёсць! Я ўключыў радыёпрыёмнік на ўсю гучнасць. Тады выключыў – быццам бы ціха. Ніхто больш не ходзіць і не рохкае.

Яшчэ пару разоў уночы прачынаўся і ўключаў радыёпрыёмнік – для прафілактыкі. А ўвогуле, калі еду адзін, у дарозе я ўключаю радыё і слухаю. Альбо музыку з флэшкі. Бо калі навокал нічога не адбываецца, не змяняецца, а толькі лясы і палі… Музыка дарэчы.

А на раніцу, пашукаўшы ды так і не знайшоўшы дарогу на Дрысвяты, я паехаў у вёску Апса. Там вельмі прыгожы касцёл і старажытная закінутая сядзіба. Увогуле, паўночны захад Беларусі, як вы ўжо зразумелі, гэта край касцёлаў. Многія дзейнічаюць.

Між іншым, калі праязджаў Апсу, пабачыў нарэшце дарогу на Дрысвяты. Але гэта было ўжо добра ўкругаля. А я ж хацеў напрамкі…

Яшчэ раю пабываць у Відзах. Там цудоўны касцёл Раства Дзевы Марыі. Ну, і Відзы – адна з жамчужынаў Беларусі.

Вось пра столькі цікавостак мы сёння даведаліся ад Васіля Літвіна! А наступным разам, шаноўныя сябры, мы ўжо будзем заканчваць гэтую захапляльную велавандроўку. Але цікавостак наперадзе яшчэ шмат! Сачыце за публікацыямі!

Скрыншоты з відэа Васіля Літвіна.

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 2. «Я еду – і вітаюся з катамі…»

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 3. «Аўсянка, сэр!»

Exit mobile version