Site icon Слушна

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)

... Калі ўсе маршруты складзеныя і вывераныя, ровар адрамантаваны і змазаны, аўсянка закупленая, праграміст Васіль Літвін з Чэрвеня прызначае дату ад’езду ў чарговую захапляльную велавандроўку. Ён цалуе на развітанне жонку Валянціну, абяцаючы выходзіць на сувязь штодня, цісне лапы катам Ныпелю і Пупсу, строга загадваючы ім быць сапраўднымі гаспадарамі да яго вяртанння. Затым спускаецца па лесвіцы з чацвёртага паверха да выхаду з пад’езда і… Па-а-а-а-а-ехалі!

Велавандроўкі. Веласіпед і рэчы.

Вось ужо 11 гадоў Васіль заўзята вандруе на ровары па цікавых мясцінах Беларусі і замежжа. Падарожжы бываюць кароткімі і працяглымі, але абавязкова – вельмі захапляльнымі і пазнавальнымі.

Падчас сёлетняга, па паўночным захадзе Беларусі, велавандроўнік пабачыў столькі, што вырашыў падзяліцца з намі па-мастацку зробленымі відэаролікамі, паказваючы кожны свой велатурыстычны дзень. І як жа хочацца пасля іх прагляду пабываць ва ўсіх тых мясіцнах, назвы многіх з якіх я нават і не чула!

І яшчэ больш хочацца, распрацаваўшы ўласны маршрут, махнуць на ім, таксама на ровары, ні пра што не думаючы!

І ўсё ж… Усё ж варта напачатку прыслухацца да спрактыкаванага чалавека з такім досведам. Які ровар лепей набыць? Што ўзяць з сабою? Як і дзе папаўняць запасы ежы і вады? А калі ровар зламаецца? А ў намёт кабан забрыдзе? І шмат-шмат іншых пытанняў, якія я задала Васілю Літвіну падчас нашай двухгадзіннай гутаркі.

І сёння мы распачынаем серыю публікацый «Велавандроўкі з Васілём Літвіным» з карыснымі лайфхакамі ад яго. Сачыце за публікацыямі, вандруйце разам з намі, праглядаючы відэаролікі і… Натхняйцеся на ўласныя падарожжы, шаноўныя сябры!

Васіль, прыгадваючы легендарную «Машыну часу»… Вы памятаеце, як усё пачыналася?! Калі адбылася ваша першая велавандроўка?

На ровары я вандрую з 2010-га года. Менавіта тады я набыў сучасны ровар, на якім можна падарожнічаць. Першыя велавандроўкі былі невялікімі – па Мінскай вобласці з сябрамі. І ў тым жа 2010-м я накіраваўся ў вялікі велапаход па Крыме, тады яшчэ ўкраінскім.

Яго арганізоўвалі для вялікай групы ўкраінскіх турыстаў. Я спісаўся з імі, і мы паехалі з кіраўніком. А на наступны год я паехаў па Крыме ўжо самастойна, у кампаніі з адным чалавекам. Сам планаваў маршрут, усё арганізоўваў. І вось ужо 11 гадоў катаюся (усміхаецца). Па розных краінах і па Беларусі.

А ў вас была ўжо да таго часу пэўная фізічная, веласіпедная падрыхтоўка?

Па шчырасці, я – чалавек, можна сказаць, неспартыўны. Але паколькі 11 гадоў катаюся, падрыхтоўка пэўная, вядома ж, ёсць.

А на самым пачатку?

На самым пачатку максімумам было – з’ездзіць у вёску Іванічы за 6 км ад Чэрвеня, на рэчку. І ўсё! (смяецца) Дарэчы, лічу, што ніякай асаблівай падрыхтоўкі не трэба, каб праязджаць па 50 км у дзень. З прыпынкамі, у сваё задавальненне.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Велавандроўкі – не для веларэкордаў. Яны павінны прыносіць максімум задавальнення менавіта ад нетаропкасці. Таму, плануючы маршрут, не варта закладваць вельмі вялікую адлегласць на кожны дзень і набіраць максімальную хуткасць нават пры ідэальным асфальце.

Круціце педалі, не спяшаючыся, стараючыся разгледзець максімум з таго, што трапляецца на шляху. Не лянуйцеся спыняцца, каб зрабіць фота чагосьці цікавага альбо зняць відэа.

Калі мы едзем у паход з намётам, з начоўкай і пры гэтым знаходзімся ў адпачынку, спяшацца не варта. Стаміліся – знайшлі прыгожае месца і спыніліся. Калі ёсць рэчка, возера, вадаём – цудоўна! Там можна пакупацца і заначаваць.

А ці памятаецца вам, колькі падчас першай велавандроўкі па Крыме накруцілі км? За колькі дзён?

Та-а-а-а-а-к… Гэта былі 10 дзён, па 70 км… Каля 700 км па паўночным беразе Крыма. Хачу зазначыць, што ў той велавандроўцы былі даволі падрыхтаваныя таварышы. Таму было крыху аванцюрна з майго боку адразу ж, без трэніроўкі, ехаць разам з імі, бо да гэтага ў вялікія паходы не ездзіў. І тут запісаўся да вопытных турыстаў.

Але яны мяне зразумелі, ставіліся вельмі добразычліва. Усё прайшло ўдала, мне спадабалася.

Васіль, а ці памятаюцца вам вашыя дзіцячыя ровары? Цікавасць да велавандровак, мабыць, з іх пачыналася…

Калі я наведваў дзіцячы садок, у мяне быў трохколавы «лісапед». Катацца ж на ім нескладана – сеў і паехаў. Жыў я тады з бацькамі ў горадзе Наваполацку.

У нас меўся гараж – за км ці два ад горада. І аднойчы бацька пайшоў туды. А я катаўся-катаўся па двары ды вырашыў: а паеду да яго ў гараж! І на трохколавым роварчыку (смяецца) паехаў па горадзе. Добра памятаецца, як бацькі мяне шукалі, як знайшлі і добра мне «ўламілі»…

Але, я так разумею, гэта не адбіла ў вас ахвоту катацца?! І ў свой час вы пераселі на дарослы ровар?!

Памятаю, як навучыўся катацца на дарослым. Да гэтага мяне вучылі бацькі, сваякі… Як тады гэта рабілі? Пасадзяць дзіця на вялікі веласіпед тыпу «Школьнік» ці « Арляня»… Трымаюць за руль альбо сядло. Адпускаюць – я падаю…

А потым неяк я са сваім стрыечным братам пайшоў на вялізны луг, добра роўны. Ён катаўся на ровары, а я назіраў. Тады брат кажа: «Паспрабуй пракаціцца…»

Я сеў на той ровар. Хістаюся, руль туды-сюды… А луг жа вялікі. Хочаш – управа едзь, хочаш – улева… І не падаеш! І так за адзін раз я сам і навучыўся катацца…

Пасля гэтага ў мяне заўсёды быў ровар – гарадскі, звычайны. На ім я катаўся па горадзе, ездзіў на працу – і ў Наваполацку, і ўжо ў Чэрвені. Гэта быў звычайны веласіпед, і на ім я нікуды далёка не ездзіў.

Атрымліваецца – з роварам па жыцці?!

Так!

І зноўку вяртаемся да вашай першай вялікай велавандроўкі. Як збіраліся? Што бралі з сабой? Чаго не хапіла, што аказалася лішнім?

Ужо тады быў шырока распаўсюджаны інтэрнэт. Усё можна было пачытаць. Намёту (палаткі) тады свайго я не меў. Але паколькі ехаў з групай… Звычайна намёт бярэцца на 2-3 чалавекі. Што мне трэба было абавязкова набыць? Спальны мяшок і дыванок. Кіраўнік велапаходу напісаў, хто якія прадукты бярэ: «Ты – 2-3 бляшанкі тушонкі, – ты – кілаграм такіх і такіх крупаў…»

Першы раз я ўзяў вельмі шмат лішняй вопраткі: 2 курткі, пару швэдараў… А ехаў жа ў Крым, дзе цёпла…

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Калі збіраецеся ў велавандроўку з групай, звычайна асноўныя рэчы для агульнага, так бы мовіць, карыстання размяркоўвае кіраўнік групы. Пры індывідуальнай базавым спісам лепей загадзя пацікавіцца ў інтэрнэце. А таксама варта ўявіць сабе вандроўку і прадумаць, ці ўсё з таго спісу вам спатрэбіцца. Вось спальнік і дыванок – абавязкова!

А калі едзеце на ровары, дзе знаходзяцца рэчы? У заплечніку?

Не-не! Як я раней ездзіў? Браў з сабой спецыяльны велазаплечнік, які называецца «велаштаны». Ён змяшчаецца на багажнік і звісае з яго злева і справа. У «штаніны» ты ўсё і складаеш. Гэта класічны мяшок для рэчаў, які выкарыстоўваецца ў складаных велапаходах.

А калі зараз ездзіў па Беларусі і летась па Турцыі… Ёсць такая модная тэма ў велатурызме, называецца «байкпакінг» (англ. «bikepacking»). Гэта такая ідэя ці канцэпцыя, якая прадугледжвае выкарыстанне некалькіх невялікіх сумак для раўнамернага размяшчэння грузу на ровары.

І ўвогуле, варта браць з сабой як мага меней рэчаў. Бо ў мяне няма тых вялізных «штаноў». І багажніка самога няма. Ёсць невялікая сумка пад раму і невялікая сумка пад сядло. Гэта спецыяльныя сумкі, якія прадаюцца. Людзі з Магілёва шыюць іх пад заказ – па памеры веласіпеднай рамы.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Калі вы ўжо вопытны, дасведчаны велатурыст і дакладна ведаеце, што вам спатрэбіцца ў паходзе, а што – не, тады варта скарыстацца байкпакінгам. У іншым выпадку лепей усё ж набыць для пачатку «велаштаны».

У апошні паход я ўзяў з сабой усяго 10 кг рэчаў – з вопраткай, прадуктамі, тэхнікай…

Гэта на колькі дзён?!

12 поўных. Улічваючы, што прадукты па дарозе можна дакупаць. І ўсё так кампактна размясцілася…

З вышыні пражытых… 11 гадоў велапаходаў – што самае асноўнае? Што варта ўзяць з сабой, без чаго не абыдзешся зусім?

Ведаеце, бываюць такія велапаходы… Вось як летась, калі я быў у Турцыі. Калі едзеш ад гатэля да гатэля, галоўнае – узяць з сабой банкаўскую картку (смяецца). Ці наяўнасць – як хто прывык. А па Беларусі… Як мінімум, спатрэбіцца намёт, дыванок-«пенка», спальны мяшок, вопратка для халоднага надвор’я, куртка ад дажджу… Абавязкова – сродак ад камароў! Камары падчас маёй апошняй велавандроўкі мяне проста з’елі…

Абавязкова – аптэчку для сябе і рэмкамплект для ровара. Каб сабраць аптэчку, трэба мець пэўныя веды і ўсё той жа досвед велатурыста.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Калі вы – пачынаючы велавандроўнік, спіс для запаўнення аптэчкі лепей знайсці ў сеціве і прыпадабніць да сябе.

І вось тут – першае відэа ад Васіля Літвіна на яго ютуб-канале «Два каты і веласіпед» – як сабраць індывідуальную аптэчку.

І асобна, вы сказалі, «аптэчка» для ровара?!

Так! І рэмнабор для ровара. Там – запасныя камеры, заплаткі, клей… Залежыць ад таго, наколькі ты тэхнічна падкаваны ў рамонце свайго ровара. Калі ты – навічок, дык давядзецца, як што, альбо камусьці тэлефанаваць: «Забярыце мяне адсюль!»… Альбо выбіраць такі маршрут, дзе побач праходзіць электрычка… Альбо разлічваць на вялікія гарады, дзе можна знайсці майстэрню.

А калі ты ўжо больш-менш прафесіянал… Тады бярэш шмат запчастак, якія могуць спатрэбіцца. Там і ланцуг, і пакрышка… Парада тая ж: глядзець спіс у сеціве.

За гэтыя 11 гадоў што-небудзь спатрэбілася – вам ці ровару?!

Канешне! Сур’ёзных траўмаў у мяне не было (цьфу-цьфу-цьфу!) – такіх, каб у «хуткую» звяртацца, хаця падзенні здараліся. А банальныя пацёртасці, парэзы, удары… Прастыў я аднойчы – у велапаходзе па Расіі. Ну, палячыўся…

Гарэлкай з перцам?!

Не-не! (смяемся)

Дарэчы, а як са спіртным у велавандроўках?!

Калі адзін – вядома ж, не. Ніякага спіртнога! Бо трэба мець цвярозы розум і поўны кантроль. А калі з кампаніяй… Вось былі ў Крыме. Ну як жа не пакаштаваць крымскага віна?! Калі я ездзіў у велапаход у Партугалію, трэба было і мадэры, і парто пакаштаваць (смяецца). А там звычайна начуеш у гатэлі, так што трохі – можна.

А куды ж падзецца ровару пры начоўцы ў гатэлі? Як з ім можна падарожнічаць у транспарце – па Беларусі і ў замежжы? І дзе паспеў пабываць велападарожнік Васіль Літвін? Пра ўсё гэта і не толькі – наступным разам. Сачыце за нашымі публікацыямі і… Задавайце Васілю пытанні ў нашых групах у сацсетках!

Фота – з архіва Васіля Літвіна.

Exit mobile version