Site icon Слушна

Вер вачам сваім. Пра што папярэджвае ксантэлазма

Ксантэлазма. Усё, што трэба ведаць пра гэта захворванне вачэй

Сярод хваробаў, вядомых чалавецтву, можна вылучыць захворванні, якія «не баляць», не прыносяць дыскамфорту і па вялікім рахунку не ўплываюць на якасць жыцця. Тым не менш, пакідаць іх без увагі ні ў якім разе нельга. Пры ўсёй сваёй бяскрыўднасці яны, як правіла, з'яўляюцца індыкатарамі куды больш сур'ёзных паталагічных працэсаў у арганізме, нярэдка спалучаных з рызыкай для жыцця. Ксантэлазма – адзін з такіх папераджальных сігналаў.

Што такое ксантэлазма і пра якую небяспеку папярэджвае яе з'яўленне, журналіст Слушна даведалася ў Таццяны Варановіч, загадчыцы аддзялення мікрахірургіі №1 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска.

Прычыны ўзнікнення ксантэлазмы і групы рызыкі

Ксантэлазма – дабраякаснае ўтварэнне, якое пашкоджвае скуру верхняга і ніжняга павека абодвух вачэй. Праяўляецца ксантэлазма спачатку адзінкавымі бляшкамі. Пры вялікай іх колькасці бляшкі могуць злівацца ў шырокія ўтварэнні жоўтага колеру рознай ступені інтэнсіўнасці – ксантому – і значна пагаршаць знешні выгляд чалавека. Акрамя візуальнай непрывабнасці, ксантэлазма ніяк сябе не выяўляе. Няма ні болю, ні свербу, ні лушчэння, ні якіх-небудзь іншых непрыемных адчуванняў.

Ксантэлазма – дабраякаснае ўтварэнне, якое пашкоджвае скуру верхняга і ніжняга павека абодвух вачэй.

 
Таццяна Варановіч
Загадчыца аддзялення мікрахірургіі №1 10-й ГКБ г.Мінска
З'яўленне ксантэлазмы часцей за ўсё звязана з метабалічнымі парушэннямі ў арганізме, у прыватнасці, з парушэннямі ліпіднага абмену. Кажучы простай мовай, халестэрын, які ва ўжытку называюць дрэнным, не праходзіць поўны цыкл абмену ў арганізме і адкладаецца (у выпадку з ксантэлазмой) на скуры павекаў. Гэтым тлумачыцца і колер новаўтварэння – ад бляклых да насычаных адценняў жоўтага. Гэта колер ліпідаў, малекул тлушчу. Хуткасць росту дабраякаснай пухліны вельмі індывідуальная. У кагосьці адзінкавыя бляшкі даволі хутка могуць перарасці ў шырокую ксантому. А ў кагосьці гэты працэс будзе доўжыцца гадамі.

Улічваючы асноўную прычыну ўзнікнення ксантэлазмы, вылучаюць групы рызыкі сярод людзей, схільных да яе. Да іх адносяцца:

  • людзі, старэйшыя за 45-50 гадоў;
  • жанчыны. Адзначана, што ксантэлазма часцей псуе знешнасць прадстаўніц прыгожага полу. Хаця падобныя выпадкі фіксуюцца і сярод мужчын;
  • людзі з хранічнымі захворваннямі, так ці інакш звязанымі з парушэннем тлушчавага абмену і дысфункцыяй метабалізму: цукровым дыябетам, атлусценнем, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, захворваннямі шчытападобнай і падстраўнікавай залоз, печані і інш.

Дыягностыка ксантэлазмы

Дыягностыка ксантэлазмы не патрабуе вялікіх намаганняў. Зблытаць новаўтварэнне з іншай паталогіяй цяжка. Таму кваліфікаванаму афтальмолагу досыць візуальнага агляду, каб паставіць правільны дыягназ. Тым не менш, доктар прызначыць біяхімічны аналіз крыві, ліпідаграму, а таксама правядзе дыферэнцыяльную дыягностыку, каб выключыць злаякасны характар пухліны або (у выпадку з адзінкавымі бляшкамі) – закаркаванне потавых залоз.

 

 
Таццяна Варановіч
Загадчыца аддзялення мікрахірургіі №1 10-й ГКБ г.Мінска
Добрая навіна ў тым, што ксантэлазма (або ксантома, як стадыя развіцця захворвання) сама па сабе бяскрыўдная. І нават пры інтэнсіўным росце не зафіксавана ніводнага выпадку яе перараджэння ў злаякасную пухліну. Дрэнная тая, што таблетак ад ксантэлазмы няма. Адзіны метад лячэння – выдаленне ўтварэння.

Лячэнне ксантэлазмы

Зараз існуе некалькі спосабаў пазбаўлення ад ксантэлазмы:

  • Лазернае лячэнне. Плюс гэтага метаду ў высокай дакладнасці выдалення пухліны з мінімальнай інвазіўнасцю, адсутнасці рубцоў, кароткіх тэрмінах рэабілітацыі.
  • Электракаагуляцыя. Працэс разбурэння бляшак уздзеяннем на іх высокачастотнага току. Перыяд гаення можа заняць да 2-х тыдняў, падчас якіх трэба забяспечыць адэкватны догляд за павекамі з ужываннем лекавых сродкаў.
  • Крыякаагуляцыя. Тлушчавае адкладанне літаральна замарожваецца вадкім азотам, руйнуючы структуру ўтварэння і спыняючы рост клетак.

Аднак гэтыя высокаэфектыўныя метады выдалення ксантэлазмы прымяняльныя ў выпадках, калі памер пашкоджанага ўчастка не перавышае 4-5 мм. Інакш спатрэбіцца хірургічнае выдаленне пухліны.

Аперацыя праводзіцца пад мясцовым абязбольваннем і патрабуе накладання касметычных швоў, якія выдаляюць праз 7-10 дзён пасля ўмяшання. Пры поўным гаенні рубцы не застаюцца ці зусім незаўважныя. У перыяд аднаўлення неабходна берагчы вочы ад сонца і ўстрымлівацца ад наведвання салярыя. Ультрафіялет аказвае неспрыяльнае ўздзеянне, таму на месцы швоў могуць застацца пігментныя рубцы. Па гэтай прычыне выдаленне ксантэлазмы праводзяць, як правіла, у асенне-зімовы перыяд, калі няма актыўнага яркага сонца.

Часам ксантэлазма можа рэцыдываваць. Хаця і не часта, заўважае эксперт, але такое здараецца. Пры гэтым новыя ўтварэнні заўсёды пашкоджваюць новыя ўчасткі павек. Праблема ў тым, што выдаленне ксантэлазмы не ўплывае на глыбінныя прычыны яе з'яўлення. Гэта значыць, на тыя парушэнні абменных працэсаў у арганізме, якія справакавалі ўзнікненне і рост дабраякаснай пухліны.

Вочы не падманеш

 
Таццяна Варановіч
Загадчыца аддзялення мікрахірургіі №1 10-й ГКБ г.Мінска
Ксантэлазма – даволі распаўсюджаная з'ява. Але для сучасных людзей мае важнае значэнне тое, як яны выглядаюць, таму ад любых дэфектаў знешнасці яны імкнуцца сябе пазбавіць. Толькі ў нашым аддзяленні кожны тыдзень выконваюць 1-2 аперацыі па выдаленні ксантэлазмаў (ксантом). Тым не менш, многія пацыенты гадамі жывуць з імі, не адчуваючы асаблівых праблем.

Але, папярэджвае эксперт, нават калі тлушчавыя бляшкі не прыносяць клопатаў і не ўплываюць на самаацэнку іх уладальніка, ігнараваць сігналы, тым больш такія відавочныя, якімі арганізм дае ведаць пра сваё нездароўе, катэгарычна нельга.

 
Таццяна Варановіч
Загадчыца аддзялення мікрахірургіі №1 10-й ГКБ г.Мінска
Ксантэлазма сама па сабе не небяспечная. Але яна з'яўляецца індыкатарам таго, што адбываецца ўнутры арганізма. Бо пры метабалічных парушэннях «дрэнны» халестэрын можа адкладвацца ва ўнутраных органах, у сценках буйных крывяносных сасудаў, прыводзячы да атэрасклерозу і, адпаведна, павялічваючы рызыку ішэмічнай хваробы, інсульту ці інфаркту.

Таму пры выяўленні ксантэлазмы або ксантомы рэкамендавана здаць біяхімічны аналіз крыві і ліпідаграму, а пры адхіленнях у паказчыках – праверыць стан іншых органаў і буйных сасудаў, уключаючы брахіяцэфальныя і сасуды галаўнога мозгу. У 99% выпадкаў, на жаль, там таксама выяўляюцца паталагічныя змены, і тады спатрэбіцца дадатковае лячэнне.

Беражыце сябе і будзьце здаровымі!

 

Exit mobile version