Site icon Слушна

Верабейка і каток Барсік (казка) + аўдыё

Верабейка і каток

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2023/01/Verabejka-chyk-chyryk-chastka1.mp3?_=1

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2023/01/Verabejka-chyk-chyryk-chastka2.mp3?_=2

 

Надвячоркам знаёмства тое адбылося. Чорнай, як вугельчык, масці каток Барсік упершыню выйшаў на самастойнае паляванне.

А тое усё з мамкай ды з мамкай: ні кроку без яе. Яму, канечне ж, падабалася: ніхто не пакрыўдзіць, па-першае, а па-другое, ежу таксама няма патрэбы здабываць — малачко мамчына сма-а-чнае. А як паспрабаваў надоечы маладзенькіх мышак,  якімі мамка  частавала свайго гарэзу, не паверыце - спадабалася. Еў ён мышку, а мамка пазірала і цешылася  сынком, а пасля і пытаецца:

– Барсік, а ці не пара табе ужо і самастойным быць, да волі прывыкаць? – мурлы-ы–мурлыы.

Каток Барсік

– Я гатовы! – мяў-ў—мяў-ў,- пацягнуўся, выпрастаў шыю і лапкамі сабе па траўцы як грабане-грабане, быццам сілу маці паказвае. Глядзі, мамка, які я насамрэч вялікі і смелы!

Барсік храбрыўся, хаця ведаў пра суперніка амаль усё. Пра тое, што верабейкі дружныя і бойкія, кемлівыя і з задзірыстым норавам.

А паглядзіце як вось той верабейка перамяшчаецца, не пераступае з нагі на нагу, а прыгае адначасова на двух нагах. Увесь дзень прыг-скок, прыг-скок па сцежках, прама ля ног чалавека.

– Я б так не змог, – казаў каток. – Калі толькі ля ног свайго гаспадара. І тое не заўсёды яму падабаўся б мой занятак. – Гэтыя малыя птушачкі-назолы ўсеядныя. Ласуюцца зусім іншым, чым я – насякомымі шкоднікамі, насеннем раслін, парэшткамі са стала чалавека (калі мяне апярэдзіць!) і, зразумела, розным зернем ды курынаю мешанкаю, якую штодня для сваіх чубатак рыхтуе гаспадыня.

Верабей па натуры аптыміст – заўсёды бодры, радуецца паветру, святлу. Аб гэтым і яго жыццесцвярджальная песенька: «жыў», «жыў».

Барсік у сваю чаргу выхваляўся сваім рознакаляровым кажушком, што нельга параўнаць з шэрым някідкім апярэннем.

Затое наконт ахайнасці супернік можа нават паспрачацца з кім заўгодна. Пасачыце за Верабейкам і ўбачыце, як старанна, нават з нейкай філіграннай дакладнасцю наводзіць ён сваю знешнасць, прыхарошваючыся – то перасыпае пёркі пяском, збаўляючыся ад насякомых-паразітаў, то купаецца ў вадзе, то дзюбкаю чысціцца вычышчае сябе.

Калі бацькі паведамілі Барсіку, што сусед Верабейка дужа вёрткі і ў палёце можа развіць хуткасць за пяцьдзясят кіламетраў, той сцішыўся. І не ў цяпле жыве як Барсік…

Начуе Верабейка на гарышчах, у выцяжных трубах, дуплах дрэў, пад стрэхамі хат, шпакоўні можа займаць. Дзе пападзецца, там і яго начны прыстанак.

І пра тое, што сям’я верабейкаў за лета выводзіць больш за дзесяць малых, ён ўжо ведаў. Аднаго разу, калі з-пад шыферыны, дзе зладжана гняздзечка, вывалілася голенькае і яшчэ сляпенькае малое, Барсік знаёміўся, забаўляўся з ім, пакуль не залашчыў…

Не паспела маці ўхваліць яго смеласць як Барсік ўміг скочыў на ганак, затым – на лаву пад акенцам, паказваючы сваю зухаватасць.

Раптам, дзе толькі браўся, над самай спінай яго віхрам праляцеў верабейка. Ды як зачырыкае – чык-чырык, чык-чырык, ажно конікаў разбудзіў, што сцішыліся перад адпачынкам.

– Хто гэта такі чорненькі і незнаёмы? – чык-чырык, чык-чырык.

– Ты што мяне не ведаеш? Я – Барсік і на падворку самы галоўны, – мяў-мяў.

Штосьці ўпершыню я цябе бачу,– схітрыў верабейка. Яшчэ чаго нейкі тут –Чык-чырык, Чык-чырык.

Ты мяне не ведаеш? Я –Барсік! І на падворку самы галоўны, – мяў-ў-мяў-ў-ў.

—Галоўны той, хто ў паветры, казаў Чык-чырык.  А ты — задавака ты, а не галоўны. Я цябе не баюся, бо як распрамлю свае імклівыя крылы ды на ўсёй хуткасці зтараню на цябе дзюбкаю толькі поўсць паляціць, – Чык-чырык!

— Ну-у, поўсць паляціць! Глядзі, каб не так! Хутчэй з цябе пер’е паляціць, калі кіпцюрыкі хоць з адной лапкі выпушчу.

Ды як затупае, як закрычыць: мяў-ў-мяў-ў! Пасля як падскочыць у паветры, быццам на батуце ды з новай сілай закрычыць-залямантуе: мяў-ў-мяў-ў!

Затым, быццам самы страшны тыгр ці леапард, як выгне спіну дугою, як уздымецца поўсць яго, ды грэбне-грэбне пярэднімі лапкамі зямельку, ажно пясок як не за сто метраў ляціць.

Усё жывое сцішылася, насцярожылася. Спалохаўся і верабейка, але выгляду не падаў, а толькі яшчэ больш раззлаваўся:

— Чык-чырык! Я ўсядно падпільную як ты будзеш забаўляцца і ўдзяўбу цябе ў спіну. Сказаў гэтак пагрозліва і знік.

Не прайшло і паўдня як Барсік убачыў ля курынага карытца  ладную чародку вераб’ёў, а сярод ўсіх асаблівым зухам  ў шэранькай камізэльцы пахаджваў Чык-чырык.

Дзяўбуць сабе курыны ячмень і весела шчабечуць, пераскокваючы з месца на месца, быццам пасміхаюцца з гаспадара падворка. Барсік уміг хацеў накінуцца і расправіцца з тым героем, пакараць за непаслухмянасць, але стрымаў сябе. А як толькі  Верабейка адвярнуўся, Барсік скок – і цап таго, спаймаў завадатара.

– Ах ты, нягоднік! – закрычаў каток – і як сцісне вострымі  ды дужымі лапкамі, і раструшчыў крылцы.

– Павадзіўся, бач ты яго і сяброў панаводзіў, што галоднымі куркі застануцца і яечак для бабуліных унукаў не будуць несці. А ці сорамна, злодзей, у чужое лезці?  Ці ж не хапае зярнятак на пожні ці ля току, альбо ўзбоч дарог? Канеше ж, гатовенькае ды чужое смачнейшае. Ці не так? І хто галоўны на падворку ты, відаць, так і не зразумеў?

– Ты! Канечне ж, ты! Толькі навошта крылца мне зламаў?

– Крылца зажыве, а гэта каб лепш запомнілася наша сустрэча.

– Ніколі не прылячу на твой падворак, - нямым голасам прамовіў Чык-чырык.

– Не хочацца верць, але ты павінен ведаць, што я адшукаў тваё гняздо ў дупле старой грушы. Так што далей ад мяне трымайся, - не мог дараваць яму крыўды Барсік.

Ды як затупае, ды грэбне-грэбне пярэднімі лапкамі.

— Не губі мяне, каток, — просіцца верабейка, — адпусці, дзеці ў мяне малыя.

— Добра, дарую табе жыццё. Але паабяцай, што больш ніколі не будзеш ласы на чужое – гэта раз. І па-другое, заўжды пры сустрэчы ты абавязаны вітаць мяне сваім чык-чырык тройчы.

На гэтым і пагадзіліся

З  тае пары як убачыць верабейка катка абавязкова тройчы вітаецца сваім – чык-чырык. Нават узімку, калі пасля сцюжы выблісне сонейка і паклікае чародкі вераб’ёў да людскога жытла, а каток абыходзіць свае ўладанні.

Вось толькі асноўнага абяцанку так і не стрымаў Чык-чырык – як спажываў чужое, так і спраўляецца на чужым. І катка ён так ні разочку не пакрыўдзіў, бо і Барсік больш праворным стаў.

https://bel.24health.by/yak-snyazhynki-snegavichka-stvaryli-kazka/

Exit mobile version