І зноўку ў лепшых традыцыях ідуць у храм вернікі, а таксама тыя, хто проста хоча мець у доме асвечаныя галінкі вярбы. І тым больш – правесці з імі рытуал, каб усе сямейнікі займелі здароўе: «Не я б’ю – вярба б’е, за тыдзень – Вялікдзень, будзь здароў, як вада, а расці, як вярба! Будзь здароў на ўвесь год!» І так хочацца верыць, што гэта сапраўды дапаможа. Вербніца прыйшла!
А ці ёсць у вашых сем’ях, шаноўныя сябры, традыцыя штогод свяціць галінкі вярбы ў Вербную нядзелю? І вы дакладна ведаеце, што трэба зрабіць са старымі, мінулагоднімі?! Так, спаліць у печы.
Прычым даўней існавала і такая традыцыя: сабраць попел і рассыпаць яго па градах. І быццам бы там, дзе ён рассыпаны, пры любым надвор’і будуць добра радзіць агуркі! Ну што ж, можна і паспрабаваць. Тым больш, што мы традыцыйна спальваем старую вярбу ў печы на дачнай сядзібе. І агуркі адпаведна растуць на тамтэйшай зямлі.
… Пасцябаўшы злёгку ўсіх хатніх асвечанымі галінкамі са словамі-замовамі, нашыя продкі пераходзілі да свойскай жывёлы. І не толькі сімвалічна сцябалі кароў, коней, козаў, свіней, але і на катоў ды сабак не забываліся. Так што ў каго коцікі ў хаце… Можаце паспрабаваць таксама!
Вярбу, прынесеную з царквы на Вербніцу, не толькі захоўвалі ў жытле, але і ўтыкалі ў сцены хлявоў ды іншых гаспадарчых пабудоў. Бо лічылася, што вярба ахоўвае і ад благога вока, і ад маланкі ды пажараў.
Давялося пачуць і такое. Калі чалавек дужа ўжо баіцца грымотаў, трэба з’есці пупышку вярбы. Саму ж яе варта выставіць падчас навальніцы на акно. Казалі нават, што калі асвечаную галінку вярбы кінуць у агонь, ён патухне…
Яшчэ нашыя продкі верылі, што пупышкі дапамагаюць пры дзіцячых хваробах, паразітах, ліхаманцы, хворых зубах. І – елі. Цікава, якія яны на смак? Вы не каштавалі?! Я дык дакладна не…
Сама ж вярба мае станоўчую энергетыку, таму «стасункі» з ёю павінны дапамагчы набрацца сіл. Асабліва, калі дакранацца-абдымацца з дрэвам у перыяд з шасці да дзевяці гадзін вечара.
Верыце вы ў народныя прыкметы ці не, але ў Вербную нядзелю не раілі працаваць, займацца вышываннем, вязаннем і г.д. Традыцыйна забаранялася сварыцца, высвятляць адносіны. Дзень павінен быць урачыстым і святочным, напоўненым дабрынёй. Нават калі вы не збіраецеся ісці ў храм, асвячаць галінкі і ніяк не адзначаеце…
Дарэчы, многія карыстаюцца тым, што звычайна ля храмаў у гэтае свята прадаюць букеты з вярбы. І часта прадаўцы сцвярджаюць, што галінкі ўжо асвечаныя. Таксама лічыцца добрай традыцыяй падараваць букеты родным і блізкім альбо суседзям, знаёмым.
У мяне да вярбы пяшчотнае стаўленне з дзяцінства. Вельмі падабаліся і падабаюцца яе «коцікі», як ласкава мы іх называем. Вось убачыш такія на дрэве – і разумееш, што, нягледзячы на часцяком халоднае яшчэ надвор’е, вясна сапраўды прыйшла.
У маленстве вельмі хацелася мець букет з іх дома. Асабліва, калі яны рабіліся ўжо жоўтымі. Бывае, панюхаеш іх – і пасля доўга атрасаеш нос ад сонечнага пылку. Затое весела! І праблемаў з букетамі не было. У вёсцы Клінок, дзе я тады жыла, той вярбы было – заваліся! Адно дрэва і ўвогуле расло непадалёк ад нашай хаты. Улетку мы, дзеці, вельмі любілі бавіць на ёй час…
А што ж з народнымі назіраннямі за надвор’ем на Вербніцу? Так, яны ёсць. Дождж звычайна абяцае багаты ўраджай, а сухое надвор’е – наадварот. Ну вось табе і маеш!
Напярэдадні, у суботу, тое надвор’е «калбасілася» (асабіста ў нас), як магло! То снег, то сонца, то проста пахмурна і абавязкова – ветрана. А на сёння абяцаюць адно толькі сонца і сонца за хмаркай… Ат, усё роўна ўраджай вырасцім, праўда?! 🙂
І яшчэ адну цікавую прыкмету прачытала… Новую, я так думаю… Маўляў, калі хочаце прыцягнуць дабрабыт у сям’ю, варта на Вербніцу… пасадзіць якую расліну пакаёвую. Лепей за ўсё – так званае грашовае дрэва, таўсцянку. А вы ж памятаеце, што яна, да ўсяго, яшчэ і лекавая?! Паляпшае настрой, павышае працаздольнасць, сон нармалізуе і нават… дапамагае змагацца з рэспіраторнымі хваробамі!
А цікава… Калі пасадзіць у зямлю галінку вярбы… Прыжывецца ці не?! У вадзе-то карэньчыкі можа пусціць…
Са святам усіх, хто сустракае сёння Вербніцу! Здароўя моцнага, міру, ладу і згоды ў сем’ях!