Ноч гаспадарыла ў гарадах і вёсках. Па чарзе, нібы згаварыўшыся, патухалі агні ў вокнах, знікалі з вуліц казачныя цені дрэў і падстрыжаных, нібы пад лінейку, кустоў бузіны і людзей, асабліва іх цені, якія паўтаралі іх рухі, ламаліся на кустах і выпростваліся, даўжэлі, сунуліся па дрэвах і ўвогуле здаваліся казачнымі ў месячным святле. Знікалі прахожыя, знікалі і цені.
Чуваць было, як гудзелі правады…
Гэта вецер узняўся. Ён зацікавіўся жыццём чалавека.
…З дзяўчынай адной са звычайных шэрых пяціпавярховак аднаго невялікага, але ўтульнага гарадка штосьці рабілася.
То ёй раптам здавалася, што яна зусім лёгкая, бязважкая, не мае цела і, нібы растварыўшыся ў паветры, зліўшыся з ім, не адчувае ніякага супраціўлення сабе – праз усё на свеце, каб захацела, змагла б, здаецца, прайсці без перашкоды. Лёгка, самі сабою, як на дыскатэках, перастаўляюцца ногі, лёгка, нават без подыху ветрыка, бяжыцца над зямлёю, амаль не дакранаючыся да яе, а калі і спатыкалася часам, то падала ціха, павольна быццам нехта невідомы, асцярожна падтрымліваючы, клаў яе на траву.
То, бывала, цела налівалася такім цяжарам, што не магла спупіць ніводнага кроку, не было нават сілы падняць і пераставіць у іншае месца нагу – як усё роўна нехта моцны прыціскаў яе да зямлі, змушаў уплішчыцца ў яе, расцячыся і знікнуць там назаўсёды.
Толькі што была лёгкая, як птушка, а ўжо цяжкая, як валун. Спрабавала беражна сесьці, але падала на зямлю каменем. Быццам той, хто трымаў дасюль яе цела, а зараз ад яго застаўся толькі фотаадбітак на журнальным століку, выпусціў нечакана яе, «сваю адзіную» з рук…
А на вуліцы, зазіраючы ў асветленыя вокны крамаў і верандаў звычайных кватэр і шыкоўных сядзіб заседзеўшых людзей, ляцеў Ветрык.
Вятрыска адпачываў удзень, а ноччу выходзіў на працу, каб прадоўжыць свой спрадвечны агляд людскога жыцця. Можа, хтосьці абвінаваціць яго ў залішняй цікаўнасці, але… ён проста непакоіўся за людзей. За іх лёс. Хто, акрамя яго, будзе непакоіцца за чалавека?
Ветрык прыпадаў то да аднаго акенца, то да другога. Тут яму і адкрывалася ўся праўда людскога жыцця.
Карціна першая
У кватэры на поўную гучыць магнітафон: людзі, відаць, адпачываюць, – падумаў Ветрык. – Сямейны поспех павінны адзначыць! Але…
У гэтай сям’і, відаць, пра здаровы лад жыцця не чулі. А калі і чулі, вырашылі, што ён для сумных, нудных людзей, якія не ўмеюць браць усё ад таго жыцця.
Стол застаўлены посудам з моцнымі напоямі і харчам. Не сціхае магнітафон, але ён не можа заглушыць злых галасоў дарослых - мужа і жонкі. Яны махаюць адно аднаму рукамі, нават штурхаюцца, відаць, папракаючы ў розных грахах. Поўны мужчына ўжо распускае рукі, хапаючы жанчыну за валасы, сілаю даказвае сваю праўду і верхавенства.
А ў самым далёкім куточку кватэры, уціснуўшыся ў яго, сядзіць дзяўчынка. У вачах яе застыў жудасны страх. Адной ручкай дзяўчынка туліць да сябе невялічкую ляльку, другой – сціскае, камечыць, што ёсць моцы падол чырвонай сукеначкі. Лямант бацькоў зліваецца з манатоннымі галасамі кінагерояў, што высвятляюць адносіны на тэлеэкране, які вісіць у яе пакойчыку. Яны таксама выстаўляюць адно аднаму злачынныя рахункі, – усе, да канца. А якая розніца, калі і не ўсе? Заўтра ж будзе новы аўдыт з неаб’ектыўнымі папрокамі і кампраматам. Усё тое самае… Але дарослыя самі зрабілі свой выбар, як ім жыць, а вось дзіця свайго не запыталі, ці згодна яно на такое жыццё…
Свет, безумоўна дапытваецца ў такіх, куды яны ідуць…
Ветрык дрыжыць ад душэўнага болю, менавіта за гэту маленькую, напоўненую страхам дзяўчынку. Ён кідае мяккімі сняжынкамі ў шыбу, грукае ў акенца, просіць спыніцца, завывае ад болю, але ніхто не рэагуе у гэтым жудасным патоку эмоцый. Так і не дастукаўшыся да гэтых людзей Ветрык вымушаны быў ляціць далей… Можа там яго пачуюць?
Карціна другая
На ложку, трумо, на шкапчыку раскіданы ў блішчастай упакоўцы падарункі. Параскіданае жаночае адзенне – паўсюль: на крэсле, падлозе… Зусім маладая дзяўчына з ядавіта-рыжымі валасамі, неакуратна нафарбаваным тварам сядзіць на краі ложка і пускае колцы дыму ў счарнелую столь. Яна глядзіць «сляпымі» вачыма ў адну кропку і сама не ведае, што прымушае яе так паводзіць. Званок у дзверы прымушае дзяўчыну «прачнуцца» і падымае яе на ногі. Яна не ведае, што такое душа, але верыць у свае цялесныя здольнасці, як ведае, хто зараз там прыйшоў. І ўжо нічога не можа змяніць. І паслухмяна ідзе адчыняць.
Маладым думаецца, што яны ўвесь час будуць падымацца ўгору і з пагардай пазіраць на нас, звычайных людзей: “Чаго вы? У мяне таксама ўласнае жыццё! І не чапляйцеся да мяне!”
Пракуралесіўшы ў маладосці ці хопіць на стомятроўку ў старасці…
–Н-да… Я не хацеў бы мець такую дачку, – думаў Ветрык…
Ветрыку становіцца і моташна, і сорамна. Прэч адсюль…
Карціна трэцяя
У старым пашарпаным фатэлі сядзіць, сцяўшы рукі старэнькая бабулька. Час ад часу яна ўскідвае голаў у неба, глядзіць на абраз праз свечку, жыгнаецца. З ёю – парыжэлая, няйначай сынава, фатаграфія: у палявой ваеннай форме для тропікаў, усміхаецца малады хлопец. Усміхаецца, нібы супакойваючы маці: усё ў парадку. І яна верыць, што так і ёсць. Яна чакае, што хутка адчыняцца дзверы і ўсё будзе інакш. Толькі ноч ды зоркі – дзеці Бога – ведаюць, што так не станецца. Яны бачаць адно і тое ж ужо больш за дваццаць год…
Я таксама хварэю пачуццямі да чалавека.
Вецер уздыхнуў цяжка і паляцеў далей…
Карціна чацвёртая
Весялосць за багатым і прапахлым моцнымі напоямі сталом, лезе праз акно з душнага пакоя. З-за рыльцаў бутэлек ледзь бачны галовы. Людзі спяваюць нешта пра любоў; выкрыкваюць кожны на свой лад, здзічэла смяюцца.
Песня страчвае сэнс.
Людзі пяюць пра любоў, а што яны ведаюць пра яе?...
У Ветрыка настаражваецца сэрца і б’е часцей у такт узбуджаным сілам зямлі. Ён прыслухоўваецца да начы, да зямлі, да яе вялікага і таемнага подыху, у якім яшчэ захавана вялікая трывога - трывога за чалавечую душу.
Вецер, нібы паранены,зрываецца з месца...
– Ну што, пабачыў? Даведаўся, як жыве чалавек? – сам сабе задаваў пытанні Ветрык. – Але адказаў не знаходзіў. І разгневаўся яшчэ з большай сілаю і са злосцю паляцеў да Азярка. Параіцца.
Падымаючы прыбярэжны пясок і каменне, кідаючы яго далёка за горы, рэкі і азёры.
– Вецер, дружа, – першым звярнулася Азярко, – што так разгневала цябе?
– Ат, каб ведала ты, мая сяброўка, як жыве чалавек!
– Ведаю! – цяжка ўздыхнула Азярко.
– Вось адкажы мне: ці можна так беззваротна здзеквацца і над сабою, і над іншымі?
– Што табе параіць? Эх, людзі…
– Каб толькі я мог дапамагчы штосьці зрабіць, яб усю моц сваю направіў на гэта…
– Э-э-э, братка! Ці здолееш адзін? – адказвала Азярко, таксама ўздымаючы свае разгневаныя чорныя хвалі.
І ў яшчэ большым задуменні Ветрык вымушаны быў паляцець далей…
Карціна пятая
У пакоі ні душы. Гарыць забытая лямпа як сімвал нязгаснага жыцця. На канапе – недавязаны дзіцячы шкарпэтак, на падлозе – перакулены кубак, на століку – недачытаная кніга… Усё не скончана. І не будзе скончана ніколі…
Ветрык не можа больш цярпець, але збіраецца з воляй і вяртаецца да тае самотнай адзінокай дзяўчыны.
Бачна, што яна ўзяла сябе ў рукі. Зараз яна павесялела. Ужо няма партрэта таго, хто разрушыў яе жыццё, наследаваў у душы і перакінуўся на іншую. На журнальным століку ўсміхаецца букет свежых кветак.
– Ці не малайчынка вы, незнаёмая душа! – Хоць я вас і не ведаю, але ўжо люблю вас за тое, што вы моцная духам і знайшлі ў сябе сілы жыць, – думаў Ветрык.
У кватэры чыста і ўтульна. Толькі ў вітальні сумуе валізка па сваім бегунку.
Жыватворны вецер працягваў падарожнічаць па гарадах і вёсках, заглядваючы ў вокны і грукаючы ў тыя, дзе хоча дастукацца да чалавечай душы. Ён просіць толькі аб адным: супыніцца хаця б на хвіліну. Супыніцца, каб задумацца пра свае ўчынкі.
Можа і да цябе, мой дружа, калі-нікалі залятае Ветрык і падае свае знакі? Калі пачуешь яго за сваім акенцам — спыніся, падумай, можа і ты робішь штосьці не так…
https://bel.24health.by/verabejka-kazka/