Мець свой блог, уласнае кола чытачоў і прыхільнікаў – гэта насамрэч цудоўны спосаб рэалізацыі свайго творчага пачатку. А яшчэ – магчымасць выказацца, падзяліцца сваімі думкамі і даведацца пра меркаванне іншых. Бо адна з важных і патрэбных опцый у блогу – магчымасць атрымаць зваротную сувязь. Ды гэта проста крута!!!
Ці можа блогер быць журналістам, а журналіст – блогерам? Па майму цвёрдаму перакананню – так! Зрэшты, і я – прыклад гэтаму. Лічу, што найлепшыя блогеры – гэта журналісты, а найлепшыя журналісты… філолагі! Усё ж пісьменнасць у нас ніхто не адмяняў.
А чытаць «творы» са скажонымі словамі, без знакаў прыпынку альбо, прабачце, з ненарматыўнай (і цалкам адкрыта!) лексікай… Асабіста для мяне – задавальненне, ніжэйшае за сярэдняе. Хаця некаму падабаецца. Хтосьці ажно пішчыць ад захаплення такой «вольнай» творчасцю… Сапраўды, кожнаму – сваё. Але такому допісу асабіста я падабайку не пастаўлю…
А ці можа блогер замяніць журналіста ў яго дзейнасці? Прабачце, але не… Розніцу я адчуваю. Да таго ж, пэўныя каноны журналістыкі яшчэ ніхто не адмяняў… І не будзе ж блогер замяняць, напрыклад, настаўніка, праўда?! Блогер – гэта не прафесія, а стан душы! 🙂
Як жа я «дайшла да такога жыцця»?! А ведаеце… З гора! Яшчэ тры гады таму. І не гэты інфармацыйны партал маю на ўвазе… Тут стаж маёй працы – год і сем месяцаў. Але ганаруся сваёй дзейнасцю на партале Здаровыя людзі, магчымасцямі для развіцця, для праявы свайго творчага «я» бязмерна! Нясціпла?! А затое праўда! J І дзякуй усім, хто спрыяе мне ў гэтым! Адчуваць сябе чалавекам – цяпер і пра мяне. А так… Усяго хапала…
Мне вельмі хочацца, каб многія з тых, хто ўзначальвае пэўнае выданне, пасля абавязкова апынуліся на «пасадзе»… простых журналістаў. Каб адчулі на сабе, як гэта: круціцца цэлы дзень па раёне, ехаць у які на двух альбо на трох відах транспарту туды і на такой жа колькасці назад… Захоплена і прыгожа распавядаць пра ўбачанае і пачутае… А тады…
Плакаць горкімі слязьмі, гледзячы, які маленечкі кавалачак ад тваёй вялікай творчай працы выходзіць у газеце… Як цэлы матэрыял проста «па-зверску» пакрэслены. Бо то месца (быццам бы!) у газеце няма, то так пісаць нельга, а то і… з-за банальнай зайздрасці. І не раз, не два такое здаралася… Бог вам суддзя, як кажуць, аматары пакрэсліць! І пазбавіць чалавека яго законна заробленых грошай… А бумеранг – ён такі, прылятае…
І вось калі ўжо проста трываць стала немагчыма, а жаданне змяшчаць поўныя версіі напісанага зрабілася неадольным… А яшчэ ж улічыце, як крыўдзяцца людзі, якія шчыра і доўга адказвалі на твае пытанні! Яны ж думаюць, што гэта журналіст так мала напісаў! Дык вось тры гады таму я пачала шукаць, дзе можна было б весці свой блог. На беларускай мове, вядома ж… І трапілася мне на вочы пляцоўка ББ. Дзе, да таго ж, можна было выказвацца ананімна. Хаця рэгістрацыю, вядома ж, праходзіш у абавязковым парадку.
І – о, цуд! Там я цяпер і «жыву», перыядычна знікаючы па розных прычынах і вяртаючыся назад. Там я пішу, пра што хачу, пра што думаю. Там маю кола сваіх прыхільнікаў і ўлюбёных аўтараў, чый прыхільнік – я. Віват, блогеры ББ! Дзякуй вам за ўсё!
Ну, а затым надышлі цяжкія часы. І блог – гэта сапраўды было месца, дзе я адпачывала душой. Размяшчаючы сярод іншага матэрыялы пра дзейнасць Чэрвеньскага лясгаса… Ну проста мне цікава было пісаць пра цудоўных людзей! Да таго ж, заўсёды мела добрыя стасункі з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Жаннай Чарнавец, якая шчыра хварэе за сваю справу!
Дык вось мімаходзь у 2018-ым я даведалася пра конкурс, які ладзіла Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. І – чарговы цуд! Намінацыя ёсць і для блогераў. Прыемна, што менавіта я была прызнаная там пераможцай. Ну вось, пахвалілася… 🙂
А затым – новая праца і новае начальства, якое падтрымала маю ідэю весці блог тут, на інфармацыйным партале. І жыццё зноўку зрабілася цікавым. Так прыемна адчуваць сябе запатрабаванай!
Маім самым адданым чытачом да нядаўняга часу была мая мілая мамачка… Як жа яна любіла чытаць мае допісы ў абодвух блогах… Як захаплялася, хваліла… Радавалася, калі я прыгадваю і яе… Мамачка мая дарагая… Больш няма каму мяне так хваліць… І ты абавязкова мяне б сёння павіншавала… ПлАчу…
Ці можа блогер пісаць пра ўсё, пра што яму хочацца, запытаецеся вы. Так. Галоўнае, каб гэта было досыць адмыслова і арыгінальна. Бо калі ў вас не будзе чытачоў… Навошта тады блог?!
Віват, блогеры! Са святам нас усіх! Пабольш адмысловых допісаў (не люблю слова «пост»), зацікаўленых чытачоў і задавальнення ад сваёй творчай дзейнасці!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!