Трэцяга мая тэхнічная база Клінічнага радзільнага дома Мінскай вобласці папоўнілася новым спецыялізаваным абсталяваннем – сучасным гінекалагічным крэслам, адаптаваным пад патрэбы жанчын з абмежаванымі магчымасцямі. Яго закупку фінансаваў Мясцовы сацыяльны Фонд «Добра», пад эгідай якога аб'ядналіся прадстаўнікі беларускіх камерцыйных структур у мэтах садзейнічання рэалізацыі сацыяльна значных, дабрачынных праектаў.
Гаворка, як магло падацца, не ідзе пра разавы акт мецэнацтва. Гэта першы, але ўпэўнены крок, які азначае моцнае партнёрства дзяржаўных і прыватных, міжнародных і лакальных арганізацый у імкненні забяспечыць людзям роўны доступ да паслуг у галіне сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя. І такім чынам дасягнуць у Беларусі адной з глабальных Мэтаў ўстойлівага развіцця, прынятых на саміце ААН у 2015 годзе.
Урачыстая цырымонія перадачы абсталявання прайшла з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі, Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў (РАІК), кіраўнікоў установы аховы здароўя.
15% людзей ва ўсім свеце маюць тую ці іншую групу інваліднасці. Прыкладна такая ж сітуацыя склалася і ў Беларусі. На жаль, у грамадстве дагэтуль пераважае меркаванне, што сэксуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе дзяўчат і жанчын з інваліднасцю – тое, пра што яны могуць думаць у апошнюю чаргу, і мара адчуць радасць мацярынства для іх апрыёры недасяжная.
У лістападзе мінулага года ў Мінску адбыўся ўнікальны двухдзённы семінар з удзелам беларускіх урачоў, іх калегаў са Швецыі і людзей з траўмамі спіннога мозгу. Гэта быў першая маштабная размова пра патрэбы інвалідаў-калясачнікаў у кантэксце сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца. Перадача спецыяльнага гінекалагічнага крэсла Клінічнаму раддому Мінскай вобласці – лагічны і чаканы працяг той самай размовы. І, па сутнасці, гэта маштабны, комплексны праект у дзеянні, ключавое значэнне ў якім маюць стварэнне даступнага асяроддзя, навучанне медыцынскага персаналу, інфармаванне грамадства і збавенне ад стыгмы ў дачыненні да жаданняў і магчымасцяў людзей з інваліднасцю. Словам, усё тое, што не на словах, а на справе павышае якасць медыцынскіх паслуг і забяспечвае іх роўную даступнасць для ўсіх і кожнага.
Асаблівым госцем на мерапрыемстве стала Аляксандра Чычыкава. Актыўны член Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, удзельніца ўсіх праектаў ЮНФПА, якія тычацца вырашэння пытанняў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, Міс свету-2017 на інваліднай калясцы і проста далікатная, абаяльная і вельмі пазітыўная дзяўчына. Яна, як і ўсе юныя лэдзі ў яе ўзросце, марыць пра шчаслівыя адносіны, моцную сям'ю і здаровых дзяцей. І любы рух, што так ці інакш набліжае да мары, знаходзіць у яе жывы водгук.
Чакаецца, што ўжо да канца гэтага года падобныя спецыялізаваныя гінекалагічныя крэслы з'явяцца ва ўсіх абласных радзільных дамах Беларусі, а пасля ў жаночых кансультацыях і радзільнях раённага ўзроўню. А гэта значыць, што ў жанчын з'явіцца больш магчымасцяў, у якіх яны былі абмежаваныя.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by