Падыходжу да сваёй шматпавярхоўкі з іншага, нязвыклага боку. Вочы з цікавасцю запыняюцца на вокнах суседніх пад’ездаў. «Ого, які ў нас мароз! – дзіўлюся. – Ажно ледзяныя ўзоры на шыбах расквеціліся. Я так даўно іх чамусьці не бачыла…» І толькі праз некалькі секунд разумею: а вокны-то – звычайныя, старога узору. Не ПВХ…
Яшчэ з які дзясятак гадоў таму і ў нас такія ж стаялі. Звычайныя шыбы, драўляныя рамы, якія добра-такі пацярпелі ўжо ад ападкаў. Уцяпліць іх на зіму было тым яшчэ квэстам! Даводзілася заклейваць нават вакол фортак. Калі ж свежага паветра ўзімку рэальна пачынала не хапаць, акуратненька адрывалі заклеенае. Хаця форткі тады можна было нават не адчыняць: вецер свістаў у шчыліны…
Зразумела ж, па тым часе зусім не сумую! І колькі б ні казалі пра шкоднасць матэрыялаў, з якіх вырабляюць вокны па новых тэхналогіях, але іх зручнасць і надзейнасць пераважае ўсё. Шкадую толькі аб адным: няма цяпер на тых шклопакетах ледзяных заваблівых узораў. А мне так падабалася іх разглядаць. Нават у дарослым ужо ўзросце… Таму і напісаліся калісьці гэтыя радкі:
На шкле дзівосным срэбрам цуд расцвіў…
Бялюткія суквецці – у пакоі.
Да іх я дакранаюся рукою,
А за акном – крыштальны пераліў.
І повязь гэту нельга зразумець:
Ці ажывіліся ў цеплыні ўзоры,
Ці подых снежнай ледзяной прасторы
Жывыя кветкі змусіў затрымцець…
Прыгадала пра ўзоры Дзядулі Мароза ці Снежнай Каралевы – і перад вачыма адразу ж усплылі… сняжынкі! Як жа мне падабалася перад Новым годам рэзаць іх з паперы і клеіць на вокны з дапамогай вады і мыла! Асабліва добра трымаліся тонкія, з прамакатак. Памятаеце, былі такія ўкладанні ў сшыткі даўней? Калі пісалі яшчэ чарнільнымі ручкамі?!
А зараз усё больш папулярнымі становяцца выцінанкі. Зарадзіліся яны ў Кітаі, а пасля прыйшлі і ў Беларусь. Кажуць, што апошні раз такі росквіт выцінанак, як зараз, назіраўся ў першае дзесяцігоддзе пасля вайны. Затым гэты від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва быў добра-такі прызабыты.
Цяпер жа можна набыць іх гатовыя наборы, дзе трэба толькі выразаць фігуркі па контуру і ўнутры па намаляваных лініях. Цэлыя кампазіцыі выцінанак упрыгожваюць вокны да Новага года! І гэта выглядае такім захапляльным, што нават я ўжо задумваюся: а ці не ўпрыгожыцца сёлета гэтак і мне?!
А што датычыцца сняжынак, дык зараз у сеціве з чаго толькі ні прапаноўваюць іх зрабіць! Апрача паперы, з нітак і клею, бісеру і пластыкавых бутэлек, з макаронаў і зубачыстак, з дроту і ватных палачак… Словам, з таго, на што толькі хопіць фантазіі.
Але мне даспадобы якраз-такі традыцыйныя сняжынкі, з паперы, з майго дзяцінства (ну як жа яго ні прыгадаць!)… Калі складаеш ліст у некалькі столак, рэжаш-рэжаш-рэжаш… А затым разгортваеш – і цябе штораз чакае сюрпрыз!
А вы любіце ўпрыгожваць вокны да Новага года?!