Site icon Слушна

«Вось табе, бабуля, і Юр’еў дзень…»

У прамым сэнсе гэтага слова, без падтэксту. Сёння – адно з самых важных святаў у народзе: Юр’еў дзень, Юр’е (Юр’я) вясновы. Калі, па ўяўленнях нашых продкаў, Юр’я, апякун урадлівасці, адмыкае зямлю і тым самым абвяшчае пра надыход сапраўднай вясны.

Юр'еў дзень. Прыход сапраўднай вясны.

Калісьці менавіта 6 мая сяляне ўпершыню пасля зімы ўранні выганялі кароў на выпас, а коней – на начлег. Гэты дзень таксама лічыцца святам пастухоў. А царква ўшаноўвае вялікапакутніка Георгія Перамаганосца – нябеснага апекуна ўсіх воінаў.

Цікава, што ў некаторых мясцовасцях Беларусі, у розных яе абласцях, і дагэтуль захаваліся абрады і традыцыі на Юр’я. І няхай сабе рэканструяваныя, з сучасным гучаннем, але ад гэтага не менш каштоўныя.

Прыгадваю не адзін твор беларускай літаратуры, дзе аўтары распавядаюць пра ўласнае маленства, калі былі пастушкамі рознай жывёлы. Найбольш яскрава гэта апісана ў тэтралогіі Алены Васілевіч «Пачакай, затрымайся…», якую я вельмі люблю перачытваць. І не надакучае! Бывае, штосьці прыгадваюць у сваіх допісах і мае сябры-блогеры.

А вы выпасвалі ў дзяцінстве свойскую жывёлу, птушку?! Калі жылі ў вёсцы альбо прыязджалі туды на летнія вакацыі да бабуль-дзядуляў? Мне пашчасціла: мае бацькі іх не трымалі. Толькі нядоўга аднойчы – свінчо. Але я яго не выпасвала! А ў вёсцы жыла з сям’ёй да сваіх дзевяці гадоў.

А вось калі хтосьці пасвіў у дзяцінстве, дык можа з поўным правам далучацца да адзначэння Юр’я як свята пастухоў! Шмат дзе іх і зараз традыцыйна ўшаноўваюць, частуюць у гэты дзень. Там, дзе яшчэ людзі трымаюць свойскую жывёлу…

Ёй, жывёле, на Юр’я таксама надаюць шмат увагі. Дзесьці выганяюць, паклаўшы перад гэтым ля брамкі хлява велікоднае яйка, спецыяльна прыпасенае для гэтых мэтаў. Нашы продкі верылі, што тады іх каровы будуць круглымі і поўнымі. Дзесьці жывёлу злёгку пасцёбваюць асвечанымі вербнымі галінкамі, а тады ўтыркаюць іх у сцены хлява. І гэта была абарона ад злых духаў на цэлы год.

Калі ж людзі хацелі быць цэлы год здаровымі, моцнымі, поўнымі сіл, дык качаліся на Юр’я па ранішняй расе. Лічылася, што і ад сурокаў яна дапамагае.

Бр-р-р-р-р! Спецыяльна паглядзела прагноз надвор’я на сёння. Калі ўдзень і абяцалі ўчора яшчэ без ападкаў і плюс 14-16°С, дык на раніцу – 9-11°С. Штосьці не дужа хочацца ў расе качацца… Не хапала яшчэ прастыць у гэтай небяспечнай сітуацыі з каранавірусам… Але што было, тое было. За што купіла, як кажуць…

Юр’ю як апекуну ўрадлівасці 6 мая таксама выносілі на палеткі з рунню каравай ды іншыя пачастункі. І не проста ішлі, а з пэўнымі абрадавымі дзеяннямі.

Напрыклад, у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна заходзяць у жыта, каб памераць караваем яго рост, толькі праз своеасаблівую брамку, зробленую з ручніка. Яна сімвалізуе вароты, што адмыкае Юр’я.

А вось аматарам выносіць навагоднюю ёлку ўвесну (жартую!) даспадобы прыйдзецца святкаванне ў вёсцы Іванава Слабада, што ў Лельчыцкім раёне. Бо тут на Юр’я, 6 мая, якраз упрыгожаную ёлку і носяць! Цікава, праўда?!

Што датычыцца народных прыкметаў, дык вядомае вось што: «Як на Юр’я раса – хопіць коням аўса», «На Юр’я дождж – скаціне лёгкі год, а на грэчку – недарод», «Калі на Юр’я мароз, дык будуць добрыя проса і авёс». Ну, мяркуючы па апошняй прыкмеце, не будуць… «Як дождж на Юр’я, будзе хлеб і ў дурня». Хм… Паглядзім. Ці будзе той дождж…

А вось зірнула раніцай у акно... Дождж!!! І ў прагнозе – ён, на цэлы дзень. Ды яшчэ з магчымай навальніцай. А ўчора паказвалі адно сонца... «Вось табе, бабуля, і Юр'еў дзень» – ужо ў дачыненні да надвор'я...

Вяртаючыся ж у мінулае... Існавалі ў гэты дзень і пэўныя забароны. Так, жанчыны, якія пралі ці вязалі, на Юр’я вясновага не займаліся шэрсцю-воўнай. Бо лічылася, што ваўкі тады шмат авечак уцягнуць са статку.

Той, хто і зараз жыве ў вёсцы, можа скарыстацца парадамі, як адсвяткаваць Юр’я. Ну, а мы, жыхары гарадскія, віншуем з імянінамі ўсіх, хто носіць імя Юрый, Георгій, Ягор, назіраем за надвор’ем… І ў каго ёсць жаданне, можна сёння як не пакачацца па расе, дык назбіраць яе ў місачку. Кажуць, лекавая… Здароўя ўсім!

Exit mobile version