Першая асацыяцыя на слова «халестэрын» у абсалютнай большасці людзей - атэрасклероз і яго наступствы: хваробы артэрыяльных сасудаў, у тым ліку артэрыяльных сасудаў мозга, а таксама захворванні сэрца – стэнакардыя і інфаркт міякарда. Наколькі справядліва гэта? Калі і пры якіх умовах халестэрын становіцца для нас небяспечным?
Навошта нам патрэбен халестэрын, якую функцыю ён выконвае і як знізіць узровень «дрэннага» халестэрыну, Слушна распавёў галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца РНПЦ «Кардыялогія», доктар медыцынскіх навук, прафесар Яўген Атрошчанка.
Навошта нам патрэбен халестэрын?
Халестэрын неабходны нашаму арганізму для паўнавартаснай жыццядзейнасці. Ён уваходзіць у склад клетачных мембран, забяспечваючы іх трываласць. Удзельнічае ў вытворчасці палавых гармонаў (андрагенаў і эстрагенаў), а таксама тых гармонаў, якія выпрацоўваюцца наднырачнікамі (картызол) і ў яечніках (эстрадыёл).
Акрамя гэтага, халестэрын з'яўляецца папярэднікам вітаміну D, сінтэз якога адбываецца ў скуры пад уздзеяннем сонечнага святла. Іграе важную ролю ў працэсе метабалізму (абмене рэчываў) тлушчараспушчальных вітамінаў (А, D, Е і К). Ён неабходны, паколькі забяспечвае жыццядзейнасць органаў і сістэм.
«Дрэнны» і «добры» халестэрын
За «перамяшчэнне» халестэрыну ў арганізме адказваюць ліпапратэіны, якія дзеляцца на:
- ліпапратэіны вельмі нізкай шчыльнасці (ЛПВНШ) Ц утвараюцца ў печані, утрымліваюць ліпіды (трыгліцерыды і халестэрын), якія пераносяцца з крывёй да тканак;
- ліпапратэіды нізкай шчыльнасці (ЛПНШ) утвараюцца з ЛПВНШ за кошт выхаду з іх трыгліцэрыдаў, утрымліваюць у асноўным халестэрын, які дастаўляюць ад печані да тканак арганізма.
- ліпапратэіды высокай шчыльнасці (ЛПВШ) транспартуюць нявыкарыстаны халестэрын ад тканак у печань, дзе з яго сінтэзуюцца жоўцевыя кіслоты.
Павышаны ўзровень ЛПНШ можа выклікаць тлушчавыя адклады ў сценках сасудаў, як правіла, у артэрыях. Халестэрын ЛПНШ яшчэ называюць «дрэнным», паколькі яго ўзровень карэлюе з высокай рызыкай развіцця атэрасклерозу і такіх яго праяў, як інфаркт міякарда, інсульт і аклюзія перыферычных артэрый (перакрыццё крыватоку).
Халестэрын ЛПНШ – галоўны «вінаваты» з'яўлення атэрасклератычных бляшак, якія звужаюць прасвет сасудаў альбо цалкам іх закаркоўваюць, тым самым парушаючы ток крыві. У норме ЛПНШ складае 1,71-3,5 ммоль/л. Павышаным лічыцца больш за 5 ммоль/л.
Высокая канцэнтрацыя ЛПВШ істотна зніжае рызыку атэрасклерозу і сардэчна-сасудзiстых захворванняў, халестэрын ЛПВШ часам называюць «добрым халестэрынам» або альфа-халестэрынам.
ЛПВШ уваходзяць у склад шматлікіх жыццёва неабходных гармонаў, якія рэгулююць розныя працэсы ў арганізме. Гэта своеасаблівая мясцовая «крыніца» энергіі. З ЛПВШ складаюцца мембраны ўсіх клетак. Ён расшчапляецца ў печані або выводзіцца з арганізма. Норма ЛПВШ>1,0 (у мужчын) і больш за 1,1 ммоль/л (у жанчын).
Чаму расце «дрэнны» халестэрын
Як ні банальна гучыць, але асноўная прычына павышэння ўзроўню такога халестэрыну, курэнне. Яно прыводзіць да паражэння сценак сасудаў, робячы іх больш тонкімі і слабымі.
«Дрэнны» халестэрын без цяжкасцей пранікае скрозь іх і асядае ўнутры. Як вынік – развіццё атэрасклерозу (захворванне артэрый).
Яшчэ адна прычына – гэта празмернасць у ежы і атлусценне.
У прыватнасці, ужыванне ў вялікай колькасці прадуктаў з высокім утрыманнем насычаных тлушчаў: чырвонага мяса, каўбасы, сасісак, цвёрдых сыроў, мучных кандытарскіх вырабаў і выпечкі.
Не апошнюю ролю ў павышэнні ўзроўню «дрэннага» халестэрыну іграе і працяглы псіхаэмацыйны стрэс.
Невялікі кароткачасовы стрэс актывізуе ахоўныя сілы арганізма, а вось моцны і працяглы – наадварот, падрывае здароўе.
Сярод іншых фактараў, якія ў той ці іншай ступені спрыяюць павышэнню ўзроўню халестэрыну, – маларухомы лад жыцця, злоўжыванне алкаголем, наяўнасць спадарожных захворванняў (цукровы дыябет, хваробы печані і нырак, артэрыяльная гіпертэнзія, зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы). Акрамя гэтага, шанцы «займець» высокі ўзровень ЛПНШ павялічваюцца з узростам.
Зніжаем узровень ЛПНШ (ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці)
У канцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя ў ЗША правялі Фрамінгемскае даследаванне, якое доўжылася 65 гадоў. Яго мэта – выявіць асноўныя прычыны развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Вынікі гэтага даследавання паказалі, што людзі з высокім узроўнем ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці часцей пакутуюць ад захворванняў сэрца і сасудаў, а гэта асноўная прычына развіцця атэрасклерозу і, як вынік, інфаркту міякарда.
Такім чынам, што трэба рабіць, каб знізіць халестэрын?
- здаць аналізы на ліпідны профіль. Пасля 40 гадоў такое даследаванне спецыялісты рэкамендуюць праходзіць раз на год;
- калі паліце – кідайце. Нічога, акрамя шкоды, гэта не прыносіць;будзьце ўмеранымі ў ежы. Абірайце прадукты, што змяшчаюць Амега-3 ненасычаныя кіслоты. У вялікай колькасці яны ёсць у марской рыбе (ласось, селядзец, тунец, скумбрыя, мойва) і некаторых рачных (дзікарослы карп). Ужывайце больш агародніны і садавіны. Пазбягайце прадуктаў, у якіх змяшчаецца вялікая колькасць транс-тлушчаў (чыпсы, бульба фры, фаст фуд);
- рухайцеся. Пажадана не радзей за пяць дзён у тыдзень мінімум 30 хвілін у дзень, і не забывайцеся на правіла 10 тысяч крокаў;
- калі вы пакутуеце ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукровага дыябету або іншых захворванняў, якія могуць правакаваць высокі ўзровень халестэрыну, – выконвайце рэкамендацыі свайго ўрача і прымайце прызначаныя прэпараты;
- калі ёсць залішняя вага, паспрабуйце прывесці яе ў норму;
- адмоўцеся ад злоўжывання алкаголем;
- пазбягайце стрэсаў.