Больш за 80% беларусаў, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, лічаць моцнае здароўе асноўнай каштоўнасцю жыцця ў параўнанні з кар'ерай, матэрыяльным дастаткам і адукацыяй. Такія дадзеныя агучыў на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.
Штогод 7 красавіка адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Другі год па ініцыятыве СААЗ тэма дня – «Усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя». У 2019 годзе ўвага звернута ў бок развіцця першаснай медыка-санітарнай дапамогі.
Даступнасць і якасць
Што мае на ўвазе канцэпцыя ўсеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя? Перш за ўсё, гэта так званая фізічная даступнасць да паслуг аховы здароўя, а значыць, медыцынская дапамога максімальна набліжаная да месцаў пражывання насельніцтва. Па-другое, якасць медыцынскай дапамогі, якая аказваецца. Па-трэцяе, магчымасць карыстацца медыцынскімі паслугамі, не адчуваючы пры гэтым фінансавых цяжкасцяў.
Адзначыў эксперт і праблемныя моманты. Напрыклад, адзін з іх датычыцца фінансавага боку пытання. Безумоўна, ні адна краіна свету не можа дазволіць сабе задаволіць абсалютна ўсе медыцынскія патрэбы насельніцтва.
Пытанні прафілактыкі і прыхільнасці пацыентаў да лячэння
Вынікі праведзенага ў Беларусі даследавання STEPS паказалі, што 45% насельніцтва Беларусі пакутуе ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, прычым больш за палову з іх не прымаюць ніякіх медыкаментозных прэпаратаў для зніжэння артэрыяльнага ціску. І прычын гэтаму, на думку прадстаўніка СААЗ, некалькі.
Яшчэ адна прычына, адзначыў Батыр Бердыклычаў (праўда, яна ў большай ступені тычыцца мужчын), – складанасці пры праходжанні медкамісіі на атрыманне вадзіцельскіх правоў. Таму многія хаваюць, што ў іх артэрыяльная гіпертэнзія, лічыць эксперт. Ён дадаў, што нядбалае стаўленне да свайго здароўя можа прывесці да даволі негатыўных наступстваў. Нават калі лічбы артэрыяльнага ціску і не нашмат перавышаюць норму, год-два – і ідуць незваротныя змены ў арганізме, з часам гэта можа стаць прычынай інфаркту або інсульту.
Дарэчы, адной з прычын, чаму такая колькасць людзей у нашай краіне пакутуе ад высокага артэрыяльнага ціску, з'яўляецца залішняе спажыванне паваранай солі. Норма – 5 г у суткі, беларусы ж ужываюць больш за 10 г солі.
Да заканчэння 2020 года ўсе тэрапеўты стануць урачамі агульнай практыкі
Як распавяла загадчыца кафедры грамадскага здароўя БелМАПА Марына Шчавелева, укараненне ўрача агульнай практыкі – гэта не проста «змена шыльды», гэта абсалютна іншы падыход да працы з чалавекам і персаналам, праца ў камандзе: урач – памочнік урача – медыцынская сястра.
Сёлета плануецца, што ўжо 75% тэрапеўтаў стануць урачамі агульнай практыкі. Да заканчэння 2020 года – усе 100%. На аднаго ўрача агульнай практыкі павінна прыходзіцца 1 тыс. 300 дарослых пацыентаў і 1 тыс. 500 дзяцей, што вызначана дзяржаўнымі мінімальнымі сацыяльнымі стандартамі.
Дарэчы, летась быў павялічаны і час прыёму ўрачом агульнай практыкі. Зараз час першаснага прыёму складае 20 хвілін, калі доктар абслугоўвае дарослае і дзіцячае насельніцтва, калі толькі дарослых –18 хвілін.
Лячэнне – кожнаму
З 1 студзеня 2018 года ў нашай краіне рэалізуецца глабальная стратэгія ЮНЭЙДС (Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу): 90-90-90. Гэта значыць, патлумачыў намеснік галоўнага ўрача Гарадской інфекцыйнай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Алег Скрыпко, што 90% ВІЧ-інфіцыраваных павінны ведаць свой статус. З іх 90% павінны атрымліваць спецыфічнае антырэтравіруснае лячэнне. У 90% выпадкаў пацыенты, якія атрымліваюць такое лячэнне, павінны мець «невызначальную вірусную нагрузку», якая з'яўляецца ключавым момантам не толькі ў захаванні здароўя чалавека, што пакутуе, але і ў прадухіленні распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі ў далейшым. Чалавек з падаўленай віруснай нагрузкай практычна не заразны, падкрэсліў спецыяліст.
Усяго ў Беларусі, па стане на 1 сакавіка 2019 года, жыве звыш 21 тысячы чалавек з ВІЧ-пазітыўным статусам.
Мужчыны складаюць 60% ад усіх ВІЧ-інфіцыраваных. Больш за ўсё людзей з ВІЧ-пазітыўным статусам ва ўзроставай групе ад 15 да 49 гадоў (90%). Зрэшты, ёсць выпадкі заражэння і ў больш старэйшай узроставай групе. Напрыклад, з зарэгістраваных у студзені-лютым 2019 года, асобы, старэйшыя за 60 гадоў, склалі 4,5%. Часцей за ўсё ВІЧ у нашай краіне перадаецца палавым шляхам – 64% выпадкаў.
На дадзены момант у Беларусі атрымліваюць лячэнне каля 16 тыс.чалавек, або каля 75%. Да заканчэння 2020 года запланавана 80%.
– Мы імкнемся да таго, каб рэалізаваць мэту элімінацыі ВІЧ-інфекцыі як праблемы аховы здароўя, – рэзюмаваў Алег Скрыпко.