Site icon Слушна

Вы ўсё яшчэ чытаеце інфу? Пра каранавірус?

І я таксама. Шукаю і чытаю. Як журналіст, блогер, рэдактар беларускай версіі інфармацыйнага партала Здаровыя людзі і просты абывацель. Альбо яна сама трапляецца на вочы. На сайтах, у сацыяльных сетках і месэнджарах. Праўда, атрымаўшы пару разоў фэйкавую інфармацыю, ды яшчэ і пераслаўшы яе некаторай колькасці сваіх рэальных сяброў-знаёмых (з найлепшых памкненняў, вядома ж! 🙂 ), пачала ўсё ж аддаваць перавагу сайтам надзейным і правераным. Чаго і вам жадаю…
Каранавірус. Правераная інфармацыя ў сеціве.

І адразу неяк прыгадалася леташняе мерапрыемства – першая эстафета «У імя жыцця» для анкапацыентаў і іх блізкіх, у якой мы бралі непасрэдны ўдзел і аказвалі інфармацыйную падтрымку. Сярод іншых майстар-клас давала і кіраўнік нашага інфармацыйнага партала Здаровыя людзі, к.м.н., дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА Вольга Іванаўна Святліцкая. А называўся ён – «Як не патануць у моры інфармацыі. Інструкцыя для пацыента».

Вось і прыгадалася, што правераная і праўдзівая інфармацыя не абавязкова будзе пры пошуку на першай старонцы ў топе. Бо прасоўванне ў інэце сайтаў яшчэ ніхто не адмяняў. А глядзець і давяраць у сітуацыі з каранавірусам трэба найперш сайтам медыцынскім. Прычым агульнавядомым. Тым, якія маюць інфармацыю з першых вуснаў – непасрэдна ад урачоў.

Напрыклад, возьмем наш інфармацыйны партал Здаровыя людзі. Ён хаця і не працуе як хуткаабнаўляльны сайт навінаў, але журналісты і рэдактары стараюцца аператыўна пісаць і выкладаць апошнюю інфармацыю, атрыманую з прэс-канферэнцый і брыфінгаў Міністэрства аховы здароўя, браць каментары ва аўтарытэтных урачоў.

Па гэтай жа прычыне хочацца параіць сайт газеты Медыцынскі веснік, у межах рэдакцыі якой працуе і наш інфармацыйны партал. І гэта не самарэклама! Гэта аб’ектыўная рэальнасць.

Што я бачу і адчуваю на сёння? Што змянілася пасля маіх першых разважанняў пра сітуацыю з каранавірусам? Ну, найперш па волі сумнага лёсу ў мяне дадалося відаў транспарту, на якіх цяпер езджу ў адну лячэбную ўстанову. Плюс да трох у адзін бок – на працу. Пакуль не скажу, што больш бачу тых, хто кашляе-чхае. Не больш. Але яны ёсць. І, паводле маіх назіранняў, дзеляцца на тры групы. Крыху жартаўліва, крыху сумна, але штосьці ў гэтым ёсць.

Група першая. Гэта тыя, хто, як у анекдоце пра пурген, сядзяць і кашлянуць баяцца! 🙂 Каб чаго не падумалі. Хаця, хутчэй за ўсё, альбо банальная прастуда, альбо проста ў горле дзярэ, альбо сліной ці паветрам падавіўся. А навакольныя зразумела што падумаюць. І выклічуць «касманаўтаў» (прабачце, вызначэнне не маё! Што пачула…).

Група другая. Тыя, што лічаць: кашляць і чхаць, нічым і ніяк не прыкрываючыся, – справа для грамадскіх месцаў цалкам звычайная і натуральная. Маўляў, а што рабіць, калі так атрымліваецца?! Прыкрывацца хаця б! Пры-кры-вац-ца! І нават калі вы не будзеце заўважаць даволі злосныя позіркі навакольных… Негатыў будзе віраваць у паветры. Так што лепей без патрэбы ў такім стане не ездзіць у грамадскім транспарце.

Якраз сёння назірала ў гарадскім аўтобусе, як хлопец, на выгляд студэнт, старанна (прабачце!) корпаўся ў носе. Праўда, з дапамогай насоўкі. Але доўга. І я адчувала, што мой позірк, накіраваны на яго, быў далёкі ад дружалюбнага… Ведаю, што не дужа добра, але нічога не магу з сабой зрабіць. Пакуль што…

Група трэцяя. Якая кіруецца прынцыпам: «Беражонага Бог беражэ». У масках. Пальчатках. З абавязковым флаконам антысептыку ў сумачцы. Тыя, хто пераходзіць у іншы вагон цягніка метро, калі ў гэтым хтосьці кашлянуў. Калі не да маніякальнасці, дык, здаецца, вельмі правільная пазіцыя.

Вы хочаце пацікавіцца, да якой групы адношуся я? Па праўдзе? Напалову – да першай, напалову – да трэцяй! 🙂 А вы?!

Змяніўшы вязаныя пальчаткі на скураныя, стараюся толькі ў іх адчыняць-прытрымліваць дзверы метро, брацца за поручні… А вось не дакранацца да твару – больш складана. Хаця ўжо атрымліваецца значна лепей, чым падчас першых разважанняў пра каранавірус.

І – так, флакон антысептыку заўсёды са мной. Праўда, не ведаю… 3 рублі 7 капеек за 100 грамаў сродку… Гэта нармалёва ці дорага? А то некаторыя купляюць літр, атрымліваецца напалову танней. Але літр з сабой не пацягнеш. Трэба шукаць, куды адліваць…

Праўда, для маёй адчувальнай скуры рук антысептык – гэта ой! І нават – ой-ёй-ёй! Таму ў самым крайнім выпадку. А так, дома і на працы – старое добрае мыла. Старанна мыць рукі 20 секунд – мабыць, буду працягваць гэта рабіць увесь час. Ужо на поўным аўтамаце.

А ў іншым… Калі поўна клопатаў, звязаных са здароўем – сваім альбо блізкага чалавека… Далібог, на страх перад каранавірусам проста не застаецца часу і сіл. І ўсё ж як жа хочацца, каб ён хутчэй ад людзей адвязаўся…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version