Сёння ў нас – Вялікдзень. Праваслаўныя адзначаюць свята Уваскрэсення Хрыстова. Сапраўдныя вернікі сустракаюць яго з вялікай радасцю і замілаваннем. І гэтае пачуццё перадаецца ўсім астатнім.

Людзі ў вёсках заўсёды наведвалі царкву і верылі ў Бога. Шчыравалі на зямлі ледзь не суткамі, рэдка калі дазваляючы сабе не працаваць. Гэта толькі падчас самых вялікіх царкоўных святаў. Збіраліся за сталом, чыталі малітвы, елі, пілі.
І хата, гаспадарчыя пабудовы ды падворак прыбіраліся ў перадвелікодны тыдзень. І мыліся ў лазні ў Чысты чацвер рана. І пакуль дарослыя былі на ўсяночнай службе, у хаце гарэла святло.
Дзецям, цікавей за ўсё было атрымаць яйкі не толькі ў сваёй хаце, але і ад іншых сваякоў. А тады гуляць з імі ў розныя велікодныя гульні.
А чулі пра традыцыю мыцца з раніцы на Вялікдзень вадою, у якую трэба пакласці чырвонае яйка, а таксама штосьці з золата ці срэбра?! А гэта для таго, каб увесь год быць чыстым і прыгожым, як яйка, а таксама багатым.
А чаму ў праваслаўных існуе звычай гатаваць багаты стол? Бо даўней верылі: Ісус Хрыстос можа зайсці ў госці ў любую хату… І трэба, каб было чым яго пачаставаць. А разгаўлялася сям’я звычайна свянцоным яйкам.
Дык хто сёння быў на ўсяночнай службе? А ці звярнулі ўвагу, як гарэлі свечкі? Калі трашчалі, дык гэта значыць, што лета будзе навальнічным і дажджлівым. А калі ў Велікодную ноч дождж пагаспадарыў, дык шмат дажджоў варта чакаць ажно да Сёмухі (Тройцы). Лета ж мелася быць халодным.
Цікава, а ці ходзяць дзе сёння валачобнікі? Ну хаця б з рэканструкцыяй старажытнага абраду? Бо калі на Каляды пабачыць-пачуць калядоўшчыкаў можна і ў горадзе, дык валачобнікаў, па шчырасці, не бачыла ні разу і на вёсцы. А была ж, была такая традыцыя ў народзе. І запісаў песень валачобных стае…
І таксама цікава, ці вызірне сёння сонца? І ці зможам мы за ім паназіраць? Даўней казалі, што на Вялікдзень нават сонца «скача ад радасці».
У кожнага ў душы – сваё свята. Галоўнае, каб яно было. Хаця б ва ўспамінах дзяцінства, юнацтва, а можа, і больш дарослага жыцця.
У традыцыях выпякання пасхальных булак, якія так завабліва пахнуць дражджамі і яшчэ чымсьці вельмі прыемным. І ніякія крамныя не параўнаюцца са «свойскімі», бо тут і душа, і дабрыня, і вера, і надзея, і любоў. У фарбаванні яек, таксама па традыцыі – у цыбульным шалупінні. У збіранні ўсёй сям’і за адным сталом…
Усіх, хто сёння святкуе, сардэчна віншуем і зычым Божае ласкі, здароўя моцнага, удачы ва ўсіх справах і пачынаннях, дабрыні, душэўнасці, міру, ладу і згоды ў сем’ях.
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

