Цьмяная, пазбаўленая тонусу, абязводжаная пасля зімы скура мае патрэбу ў адмысловым доглядзе. Акрамя ўздзеяння агрэсіўных знешніх фактараў, яна перажывае стрэс з-за недахопу вітамінаў. Дадатковымі непрыемнымі «бонусамі» робяцца: лушчэнне, раздражненне, адчуванне сцягнутасці і павышаная адчувальнасць з-за парушэння ахоўнага бар'ера, агрубенне скуры і абвастрэнне адчувальнасці сасудаў.
Як абудзіць нашу скуру ад «зімовай спячкі», вярнуць ёй мяккасць, пругкасць і здаровы колер, журналісту Слушна распавяла ўрач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.
Скура твару ўвесну
Без стараннага ачышчэння ўсе намаганні – марныя
Для таго, каб пазбавіць скуру ад сухасці і адчування сцягнутасці, у першую чаргу, неабходна аднавіць гідраліпідны слой. Чысціць скуру касметолагі рэкамендуюць паэтапна. Першы этап заключаецца ў тым, каб выдаліць касметыку, тлушч, пыл і бруд, якія назапасіліся за дзень. Гэта можна зрабіць з дапамогай міцалярнай вады, малачка для зняцця макіяжу ці іншых сродкаў, прызначаных для гэтых мэтаў.
Другі этап – умыванне скуры з вадой і пенкамі, мусамі альбо гелямі. Яны спрыяюць больш глыбокаму ачышчэнню пораў і рыхтуюць скуру да нанясення крэму, сыроваткі альбо маскі.
Юлія Баранава:
– Калі ваша скура занадта сухая, пры мыцці можна выкарыстоўваць мінеральную негазаваную альбо звычайную пітную ваду, якая больш мяккая і не ўтрымлівае хлору.
Стымулюючым абнаўленне скуры дзеяннем валодаюць пілінгі, скрабы і гамажы. Але іх рэкамендуецца выкарыстоўваць не часцей за два разы на тыдзень, для сухой будзе дастаткова і аднаго.
Юлія Баранава:
– Акрамя выдалення адмерлых клетак, падобныя доглядавыя сродкі чысцяць закаркаваныя поры на твары, што дазваляе пазбегнуць запаленняў і ўтварэння камедонаў (у порах скуры назапашваюцца часцінкі скурнага сала, якія з'яўляюцца спрыяльным асяроддзем для размнажэння мікробаў). Пасля выкарыстання пілінгаў, скрабаў і гамажаў варта наносіць на твар пажыўны крэм.
Што ж тычыцца хімічнага ды іншых відаў пілінгу, дык большасць пілінгаў з'яўляюцца ўсесезоннымі, аднак варта ўлічваць, што пасля траплення на скуру сонечных прамянёў могуць застацца пігментныя плямы альбо прыкметныя рубцы, таму варта выконваць меры бяспекі і абавязкова наносіць сонцаахоўны крэм з фактарам абароны 50.
Асаблівае значэнне мае ўвільгатненне
Павысіць утрыманне вільгаці ў скуры дапамагаюць доглядавыя касметычныя сродкі, у саставе якіх ёсць гіялуронавая кіслата (у пераліку інгрэдыентаў крэму будзе напісана Sodium Hyaluronate). У веснавы перыяд раніцай варта выбіраць крэм, які ўвільгатняе, альбо вітамінны, а ўвечары надыходзіць час пажыўных.
Юлія Баранава:
– Крэм павінен падыходзіць вашай скуры. Як гэта зразумець? Даволі лёгка. Калі пасля нанясення крэму няма непрыемных адчуванняў (сцягнутасці, тлустага бляску, адчування сродку на скуры), значыць, гэты крэм вам падыходзіць. І яшчэ адзін нюанс. Для сухой скуры варта выбіраць крэм на алейнай аснове, для тлустай – на воднай.
Яшчэ два «памочнікі» ў справе аднаўлення скуры пасля зімы – вітаміны А і С. Яны дапамагаюць пазбавіцца ад цьмянага колеру твару. Разам з тым, трэба памятаць, што гэтыя кампаненты павышаюць адчувальнасць скуры да ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Выйсце – выкарыстанне сродкаў з сонцаахоўным фактарам.
Юлія Баранава:
– Выкарыстанне касметычных сродкаў, як у дзённым крэме, так і ў танальным, з SPF-фактарам – гэта важная частка догляду скуры. Яны абараняюць ад шкоднага ўздзеяння сонечных прамянёў, праяў пігментацыі, заўчаснага старэння. Пры гэтым SPF-фактар увесну павінен быць не ніжэйшым за 50.
Бляск у вобласці Т-зоны (лоб, нос, падбародак) часцяком памылкова прымаюць за прыкмету тлустай скуры. Гэта няправільна. У большасці выпадкаў тлусты бляск у гэтай вобласці сведчыць пра няправільны догляд скуры і кажа пра абязводжванне. Самая вялікая памылка ў дадзеным выпадку – узмоцненае ачышчэнне гэтых месцаў, амаль да рыпення, а таксама выкарыстанне ў гэтай зоне спіртазмяшчальных сродкаў.
Але так скурнае сала выдзяляецца яшчэ больш актыўна (такім чынам наша скура абараняе сябе ад агрэсіўнага ўздзеяння). Таму даглядаць Т-зону трэба беражліва, абавязкова ўвільгатняць, пры неабходнасці выкарыстоўваць сродкі, якія валодаюць маціруючым эфектам.
Дадатковы догляд і сілкаванне
Хуткі спосаб абнавіць і насыціць скуру – маскі і сыроваткі. Маскі дапамагаюць увільгатніць і аднавіць ліпідны баланс эпідэрмісу. Добрым эфектам валодаюць маскі, у складзе якіх ёсць травяныя і кветкавыя адвары, алеі, вітаміны А, B і Е, калаген. Аднавіць тонус і насыціць скуру можна з дапамогай вітамінных сыроватак. З гэтым важным «заданнем» выдатна спраўляюцца рэтынол (вітамін А), такаферол (вітамін Е), вітамін С, гіялуронавая кіслата, алей макадаміі. Але памятайце, што падобныя сродкі толькі дапаўняюць штодзённы догляд, але не з'яўляюцца яго заменай.
Незаменны і важны начны догляд
Калі мы спім, у нашым арганізме адбываецца мноства працэсаў, у тым ліку рэгенерацыі, абнаўлення і вывядзення таксінаў. Таму начныя касметычныя сродкі нi ў якiм разе нельга ігнараваць.
Юлія Баранава:
– Уначы надыходзіць час актыўнага абнаўлення і аднаўлення. Гэтыя ж працэсы адбываюцца і ў скуры. Яе клеткі актыўна аднаўляюцца і рэгенеруюцца. Таму не варта грэбаваць ачышчэннем скуры перад сном і нанясеннем актыўнага крэму альбо сыроваткі.
Спецыяліст звярнула ўвагу таксама, што наносіць крэм неабходна не толькі на твар, але і на шыю, і зону дэкальтэ. Прычым гэта правіла тычыцца і дзённага догляду.
Добра зарэкамендавалі сябе так званыя «начныя маскі». Яны інтэнсіўна ўвільгатняюць і сілкуюць, іх не трэба змываць, як звычайную маску. Наносяцца такія сродкі на ўсю ноч. Але калі вы адзначаеце ўзмацненне ацёчнасці ранкам пасля выкарыстання такіх сродкаў, дык старайцеся іх выкарыстоўваць за 4 гадзіны да сну.
Памятайце пра харчаванне
Безумоўна, як бы мы ні прытрымліваліся правілаў догляду скуры, нічога не атрымаецца, калі харчавацца няправільна. У якіх жа вітамінах мае патрэбу скура ўвесну?
Аднавіць скуру і вярнуць ёй эластычнасць дапамагае вітамін А. Яго шмат у печані, яйках, тлустай рыбе.
Калі ваша скура сухая, пачырванелая, трэба аднавіць яе пругкасць, вам на дапамогу прыйдуць вітаміны групы В. Выбар – кашы ды іншыя злакавыя прадукты, арэхі, бабы, мяса, яйкі, малако, сыр.
Здаровы колер скуры адновіць вітамін С. Крыніца – цытрусавыя (апельсіны, мандарыны, лімоны, грэйпфруты), балгарскі перац, таматы.
Вітамін E – спецыяліст шырокага профілю. Ён з'яўляецца моцным антыаксідантам, стымулюе абнаўленне клетак, дапамагае разгладзіць маршчыны і забяспечвае абарону. Ён утрымліваецца ў алеях, арэхах, семачках.
Умацаваць сценкі сасудаў, палепшыць кровазварот і мікрацыркуляцыю ў скуры дапаможа вітамін К. Яго можна атрымаць, калі ўключыць у свой рацыён пятрушку, шпінат, кіслую капусту, брокалі, брусельскую капусту, кукурузу, фасолю, гарбуз.