Site icon Слушна

Выкраданне з бОльніцы (казка) + аўдыё

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/06/Vikradanne_z_bolnici.mp3?_=1

 

Быў пачатак лета. А я захварэла… Так крыўдна! Давялося колькі дзён сядзець дома, піць лекі. Мая 9прыяцелька, авечка Адэлька адведвала мяне, прыносіла смачныя клубніцы.

– Ну, спадарыня Наталля, я столькі вітамінаў на вас перавяла! Хто заўгодна ўжо ачуняў бы! Узялі моду летам хварэць!

– Я ж незнарок, Адэлю, – баранілася я.

– Незнарок… Хто вам паверыць?

– Адэлька, што ты чапляешся? У мяне такія планы на лета былі! Я разлічвала на цікавыя прыгоды, падарожжы, сустрэчы!..

– Няма мне часу слухаць! Лета на двары! Седзячы тут я магу яго правароніць. Лячыцеся!

Адэля ўцякала. А я лячылася. З усіх сілачак. А аналізы чамусьці станавіліся горшымі.

– Так-так, даражэнькая, – сказала мне ўрач. – Давядзецца пакласці вас у больніцу.

– Няўжо гэта неабходна? – супраціўлялася я.

– А вы хочаце прахварэць усё лета?

Прыгоды Адэлькі 1

Не! Мне хацелася падлячыцца як мага хутчэй. І таму я мусіла паехаць у больніцу.

Зрабіўшы неабходныя абследванні і запіс у журнале, мяне адправілі ў палату  на першым паверсе. А за вокнамі – язмін квітнее, півоніі на клумбах аж да зямлі гнуцца!

Я павіталася з жанчынамі ў палаце і прысела на вольны ложак. Як мне хацелася на волю! Туды, дзе квітнее гэты язмін і півоніі… Я ледзь трывала, каб не расплакацца. Жанчыны паглядалі на мяне спагадліва, але пакуль нічога не пыталіся. Я была ім вельмі ўдзячная за далікатнасць.

Адэльчын кулінарны талент (казка) + аўдыё

І тут… Думаеце, што ў больніцы не можа здарыцца нічога займальнага? Памыляецеся! Можа, калі гэта арганізуе мая непаўторная выдумшчыца Адэлька!

У палату віхурай уварваліся авечка Адэля і козачка Малімонка. У даўжэзных белых халатах для наведнікаў, у бахілах на капытках, у медычных масках на пысках, гружаныя вялікімі пакункамі, яны выглядалі так пацешна, што мы ўсе зайшліся ад смеху!

Пачуўшы выбухі рогату, у палату зазірнуў доктар.

– Ну во! Што я казала! – павярнулася да яго Адэлька. – Не ведаю, як астатнія, але гэта асоба дакладна прыкідваецца хворай. – Адэля тыцнула капытком у мой бок. – Што, хворы чалавек можа вось так рагатаць без дай прычыны? Аж ложак трасецца! І вы будзеце лячыць гэтую сімулянтку?

Адэля настойліва даводзіла доктару, што мяне трэба тэрмінова выдаліць з палаты і з больніцы, каб я не перашкаджала астатнім хварэць. Чым я магла ім перашкодзіць – не разумею, але ў Адэлі быў нейкі план, вядомы толькі ёй.

Нарэшце доктар падлавіў момант, калі Адэля на імгненне прыпынілася, і сказаў вельмі строга:

– Ваша прыяцелька хворая. Ёй неабходнае лячэнне. Зразумейце, мы тут здаровых людзей не трымаем.

– Хто вас ведае? Можа, вам сумна без хворых. Але з гэтай сімулянткі ніякай карысці не будзе! Вы мне дзякаваць павінны за папярэджанне! Бо такой парушальніцы спакою свет яшчэ не бачыў.

Пасля гэтых слоў мне стала зусім не да смеху. Але на Адэльчыны рэкамендацыіі доктар не звярнуў увагі. А вось яе паводзінамі быў абураны.

– Кожны пацыент, кладучыся ў больніцу, падпісвае згоду на захаванне рэжыму. Ваша прыяцелька таксама гэта зрабіла. Спадзяюся, з яе паводзінамі  праблем не будзе. А зараз прашу старонніх пакінуць памяшканне. Інакш паклічу ахоўнікаў!

Гэта прагучала не проста строга, а пагрозліва, але Адэля і выгляду не падала, што спалохалася.

– Спадзяюся, перадачы хворым тут не забароненыя? – ледзяным тонам спыталася яна і торкнула мне ў рукі пакунак з мандарынамі і апельсінамі. Пасля падхапіла подручкі спалатнелую ад перажыванняў Малімонку і важна выплыла з палаты. Доктар пакіраваўся следам каб прасачыць, ці будзе выканана яго ўказанне.

Зорны карагод над возерам (казка)

Я папрасіла прабачэння за гэты спектакль у суседак па палаце і пачаставала гасцінцамі, што пакінулі мае наведніцы. Вельмі не хацелася, каб людзі паверылі ў маю неўраўнаважанасць і дзівакаватасць.

– Што вы! – супакойвалі мяне жанчыны. – Колькі ляжым у больніцы – хто пяць дзён, хто тыдзень, а такога канцэрта не бачылі. Ды пасля гэтай смехатэрапіі мы ўсе хутка на папраўку пойдзем!

Каму як, а мне на аздараўленне давялося пайсці ў той жа вечар. Зноў дзякуючы Адэлінай вынаходлівасці.

Раздаўшы мандарыны і апельсіны, на дне пакунка я заўважыла пісульку: «Пераходзім да плану Б. Пісульку знішчыць!» Ага! Гэта прадстаўленне і быў план А, і ён праваліўся. Цікава, якім жа будзе план Б? Я задуменна пакруціла паперку ў руках і заўважыла на адваротным баку нейкую схему. Штрыхі, кропачкі, клічнікі, стрэлачкі, нолікі, два-тры пытальнікі – і ўсё!

Зразумела было толькі адно: я тэрмінова спатрэбілася Адэлі «на волі», таму яна з такім імпэтам кінулася выбаўляць мяне. Заставалася толькі гадаць, што так карцела Адэлі? Але я вырашыла не тлуміць сабе галаву гэтымі загадкамі, а заняцца сваім здароўем.

Медычныя прызначэнні на гэты дзень былі выкананыя. Заставалася  дачакацца вынікаў рэнтгена і кропельніцы. Чамусьці гэтай апошняй працэдуры я баялася больш за ўсё. Жанчыны супакойвалі, казалі, што гэта не  страшна, але як толькі я ўяўляла сябе прышчэпленай іголкай з трубачкамі да стойкі з вадкімі лекамі, мне рабілася млосна. Так млосна, што пасля абеду я … заснула. Пасляпалудзенны сон – адзін з абавязковых пунктаў распарадку дня ў больніцы.

Дрэва (казка)

Думаеце, мне ўдалося выспацца? Аняго ж! Будзе Адэля чакаць, пакуль яе хворая прыяцелька вылежыцца! У акно ціхенька пастукалі. У мяне не такі ўжо чуйны сон, але калі за бразгатаннем шыбы выразна пачулася «ме-е-е-е», я адразу ўсхапілася.

Пад акном стаяла Малімонка і рабіла мне знакі. Я прыадчыніла акно.

– Пані Наталля! Хуценька падыдзіце да акна на калідоры. А то  ўсіх пабудзім. У мяне для вас сакрэтная інфармацыя! – таемным шэптам паведаміла мне козачка і схавалася за рогам будынку. Я, пакінуўшы акно адчыненым, пасунулася на дыбачках з палаты, каб не разбудзіць суседак.

– Што здарылася, Малімоначка? – запыталася я ў козачкі. – Што за тэрміновасць такая і дзе Адэля?

– Ну Адэля, яна… у яе важная справа, – замялася Малімонка. – Як вы, спадарыня Наталля?

– Нішто. Асабліва пасля вашага наведвання. Так насмяяліся, што нават паздаравелі ўсёй палатай. Толькі што ж вы мяне так ачарнілі? Доктар будзе думаць, што я прахадзімка нейкая.

– Мне Адэля наказала маўчаць, – прызналася, нервуючыся, Малімонка.

– Ну, а што за сакрэтную інфармацыю ты маеш мне перадаць?

– А…, – сумелася Малімонка, – вы пісульку з планам знайшлі?

– Знайшла, але зразумела толькі адно: Адэля зноў нешта задумала. Мяне цікавіць, што?

– Нічога асаблівага, спадарыня Наталля, – вочкі ў Малімонкі бегалі. – Не магу я сакрэт адкрываць вось так, праз акно. Яшчэ пачуе хто! Вылазьце! Я вам толькі на вушка сказаць магу.

Вакол не было ні душы. Але Малімонка відавочна хвалявалася і я, як той дурны пеўнік да лісіцы, палезла праз акно.

Гоп! Чамусьці я прызямлілася не на газон, а ў крэсла-каталку. Баранчык і Адэля з крэслам як з-пад зямлі выраслі! Не паспела я азірнуцца, як мяне паімчалі-пакацілі па дарожках больнічнага сквера да брамы. За намі імчалася Малімонка з клункам. Ля брамы звычайна сядзеў ахоўнік, але на месцы яго не было. Ён з усіх ног бег да куста язміну, адкуль чулася страшэннае галашэнне.

– Малайчына Даліктуся! – запыхана адзначыла Адэля. – Галосіць як сапраўдная пацярпелая!

Праз дзве-тры хвіліны мы аказаліся за брамай бОльніцы, у невялікім яблыневым садочку. Я нарэшце ачомалася і ўскочыла з крэсла-каталкі. Баранчык падхапіў яго і павалок назад. Адтуль усё яшчэ чулася Даліктусіна галашэнне.

– Адэля! Растлумач, што гэта значыць? – абурана запыталася я.

– Як што? Элементарнае выкраданне! – засопшымся голасам ганарліва заявіла Адэля.

– А маёй згоды ты спытала?

– А што вас пытаць? Вы не згадзіліся б. Толькі скардзіліся – не хачу ў больніцу! А самі адразу і скарыліся! І нават пад рэжымам падпісаліся!

– Што ты сабе дазваляеш?! – бушавала я. – Як мне цяпер дактарам на вочы паказацца? І дакументы мае ў палаце засталіся, і рэчы! – я стаяла на вуліцы ў лёгкім халаціку і тэпціках на босую нагу. Во дык паварот лёсу! Чалавек кладзецца падрамаць пасля абеду ў больніцы, а яго выкрадаюць! З больніцы! Хворага!

– Ат, спадарыня Наталля! Не турбуйцеся! Дакументы і рэчы я выцягнула з палаты, пакуль Малімонка вам зубы загаворвала.

Жырафа і чарніцы (казка)

Малімонка падскочыла да мяне і спрытна накінула на плечы кофтачку.

– Адэля! Але мне лячыцца трэба!

Авечка глядзела на мяне са шчырым неразуменнем.

– Дык вы самі не хацелі класціся ў больніцу!

– Не хацела! А што рабіць, калі трэба?!

– Што рабіць? Закаляцца, займацца фітнесам, ёгай, плаваннем, а не сядзець дзень пры дні ў кампутары! Ведаю я, якое лячэнне ў гэтых больніцах!

– Адкуль табе гэта ведаць?

Пакуль мы сварыліся, да нас далучыліся Баранчык і Даліктуся. Заўважце, апошняя – без аніякіх пашкоджанняў!

– Як гэта – адкуль? Цёткі, што загараюць на маім лужку, як збяруцца, дык столькі жудасцяў пра больніцы расказваюць! У мяне воўна дыбкі становіцца і вушкі ў трубачку ад жаху скручваюцца! Вось скажыце, вам кропельніцай пагражалі?

Я кіўнула.

– От бачыце! А вам ўдалося шчасліва пазбегнуць гэтых катаванняў! І дзе падзяка?

Ніякай удзячнасці я не адчувала. Пакрычаўшы яшчэ некалькі хвілін, мы змоўклі.

Што рабіць? Давядзецца ісці да доктара, тлумачыць сітуацыю. Я прапаноўвала “выратоўцам” самім прынесці прабачэнні персаналу больніцы, але ахвотных не знайшлося. Малімонка, Даліктуся і Баранчык пачуваліся вінаватымі, а Адэля адно цвердзіла, што я свайго шчасця не разумею.

Махнуўшы рукой на сваіх “ратавальнікаў”, я пайшла вініцца.

Чаму жабкі буслоў баяцца? (казка)

Давялося выслухаць шмат непрыемнага. “Гэта сур’ёзная ўстанова, а не цырк! Тут людзі здароўе папраўляюць, а не камедыю ламаюць! Дзе логіка? Вы кладзецеся ў больніцу, а ўжо праз паўдня збягаеце! І здароўю шкодзіце і рэпутацыю больніцы псуеце! Трэба паведаміць на вашу працу пра такія паводзіны…”

Мяне выратавала нечаканая ўдача! У кабінет зазірнула медсястра і перадала мае рэнтгенаўскія здымкі. Врач уважліва іх разгледзеў, здзіўлена хмыкнуў і задумліва пабарабаніў пальцамі па стале.

– Вельмі дзіўна, спадарыня Наталля, але дыягназ “запаленне лёгкіх” не падцвердзіўся. І нават прыстойнага бранхіту я не знаходжу. Лічыце, вам пашанцавала. Утрымліваць вас у больніцы не мае сэнсу. Прапаную далечвацца дома. Віншую! Вы так ірваліся з нашай установы… – доктар  нарэшце ўсміхнуўся. – Скажыце шчыра, пані Наталля, няўжо сапраўды план вашага выкрадання распрацавала гэтая баявітая авечачка?

Я запэўніла, што так і ёсць. Урач выклікаў дзяжурнага ахоўніка. Той прынёс відэазапіс майго выкрадання, зроблены камерай відэаназірання. І мы ўсе разам яго паглядзелі. Пачатак “аперацыі” быў не вельмі выразна бачны, затое далей усё было як на далоні. Даліктуся наўмысна сунула ножку ў ліўнёўку і галасіла, быццам яе рэзалі. Праз хвіліну відэавочка камеры высачыла кампанію астатніх маіх ратавальнікаў. Выгляд у мяне быў  збянтэжаны, разгублены, расхрыстаны…

Затое Адэля з Баранчыкам рашуча і з такім імпэтам цягнулі крэсла-каталку да выхаду, быццам я была пушынкай. Услед за імі подбегам кіравалася Малімонка, раз-пораз азіраючыся. Пакуль ахоўнік выцягваў з ліўнёўкі Даліктусю, мяне выперлі ў садок. Пасля Даліктуся падзякавала за сваё выратаванне і спакойна далучылася да нашай кампаніі.

Хаця мне было няёмка,  але і я не змагла стрымацца ад смеху, назіраючы збоку працэс выкрадання.

– Ну, спадарыня Наталля, і ўгнявілі вы мяне, і насмяшылі. Але паколькі здароўе вашае палепшылася, прапаную паставіцца да сённяшніх падзей не як да зланамысных, а як да пацешных. Не ведаю, навошта выкрадалі вас прыяцелі, але гэта мусіць быць нешта вельмі важнае!

…Сапраўды! Я ж так і не пацікавілася ў Адэлі, што за пільнасць прымусіла яе арганізаваць маё выкраданне.

Я развіталася з медыкамі, і забраўшы сваіх “ратавальнікаў”, якія чакалі мяне ў скверыку, пакіравалася дамоў, далечвацца.

– Адэлю, – запыталася я, – дык дзеля чаго ты ўсё гэта арганізавала?

Адэля толькі таго і чакала!

– Заўтра, між іншым, мы запрошаныя на выступ ў бібліятэку, а яшчэ планавалася інтэрв’ю на радыё. А я заўтра ўвесь дзень занятая на тэлебачанні! І як без вас выкруціцца?

– Ты лічыш гэта апраўданнем для такога вэрхалу?

– Вядома! І вас ратавала, і паздаравелі вы імгненна, і не давядзецца пераносіць сустрэчы! Дарэчы, у мяне быў распрацаваны яшчэ адзін план.

Адэля дастала з торбачкі чорную маску (у фільмах рабаўнікі банкаў якраз такія апранаюць) і рагатку.

– Адэля! Што гэта?

– Калі б план Б праваліўся, мы меркавалі напасці на больніцу і ўзяць вас тыпу ў “закладнікі”. Эх, не даўмелася я запрасіць сюды сваю здымачную групу. Такі файны сюжэт прапаў!

…Не! У мяне няма слоў! З такой прыяцелькай і сапраўды магу атрымаць сярод людзей славу аферысткі і шукальніцы прыгод!

📌 Чытайце таксама:

Прыгоды авечкі Адэлі. Пачатак тэатральнага сезона (казка) + аўдыё

Зубрынае інтэрв’ю для авечкі Адэлі (казка) + аўдыё

Exit mobile version