Артэрыяльны ціск на працягу дня можа павышацца альбо паніжацца, вяртаючыся да нармальных значэнняў. Так наш арганізм рэагуе на розныя жыццёвыя абставіны: стрэс, хваляванне, заняткі спортам ці адпачынак. Разам з тым, бываюць сітуацыі, калі ціск рэзка павышаецца.
Журналіст «Слушна» запыталася ў нашага эксперта – загадчыка кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесара Андрэя Прыстрома.
Характэрныя прыкметы высокага ціску
Адразу адзначым, што ўсе ніжэйпералічаныя прыкметы могуць быць як сімптомам павышанага артэрыяльнага ціску, так і іншых захворванняў. Калі вы неаднаразова з імі сутыкаліся, яны ўзмацняюцца, не праходзяць, абавязкова трэба звярнуцца па кансультацыю да ўрача!
-
Галаўны боль
Часта можна пачуць, што асноўнай прыкметай павышанага артэрыяльнага ціску лічыцца рэзкі галаўны боль, як правіла, у вобласці патыліцы (часам і ў скронях). Аднак, ён можа ўзнікнуць не заўсёды.
Артэрыяльную гіпертэнзію не проста называюць «маўклівым забойцам». Захворванне вельмі доўга працякае бессімптомна, а значыць, чалавек, сам таго не ведаючы (калі, вядома, час ад часу не карыстаецца танометрам), ходзіць з павышаным ціскам. У выніку арганізм паступова прыстасоўваецца, і нават стабільна высокія значэнні не выклікаюць дыскамфорту, у тым ліку галаўнога болю.
Андрэй Прыстром:
– Чалавек рэагуе галаўным болем толькі на змену ціску, прычым як у выпадку яго моцнага павышэння, так і зніжэння. Калі ў чалавека стабільна высокія значэнні, напрыклад, 160/100 мм рт слупа, ён іх не адчувае. Разам з тым, пры яшчэ большым павелічэнні паказчыкаў і нават пры зніжэнні да стандартных значэнняў 120/80 мм рт слупа чалавеку будзе дрэнна.
Галаўны боль можа таксама быць сімптомам паніжанага артэрыяльнага ціску.
-
Пагаршэнне памяці
Высокі артэрыяльны ціск аказвае ўплыў на памяць і разумовую дзейнасць. Такія людзі хутка стамляюцца. З-за высокага ціску пакутуюць дробныя артэрыі галаўнога мозгу, ён горш забяспечваецца крывёю. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да змены нармальнай функцыі галаўнога мозгу, што спрыяе страце памяці і правакуе іншыя парушэнні (напрыклад, інсульт).
-
Пагаршэнне зроку і з'яўленне «мушак» перад вачыма
Пры рэзкім скоку артэрыяльнага ціску можа знізіцца зрок і могуць з'явіцца так званыя чорныя «мушкі» ў вачах. Многія спісваюць гэтыя сімптомы на ўзроставыя змены альбо праявы іншых захворванняў.
Калі ціск рэзка ўзнімаецца, адбываецца спазм сасудаў, пры якім пэўныя ўчасткі вока адчуваюць дэфіцыт кіслароду, што прыводзіць да з'яўлення мільгаючых «мушак». Пры нармалізацыі паказчыкаў гэтыя сімптомы знікаюць.
-
Пачашчэнне сэрцабіцця
Змяняецца частата сардэчных скарачэнняў (часам людзі апісваюць свае адчуванні «сэрца стукае» альбо «сэрца калоціцца»). Пачашчаны пульс, які добра прамацваецца пры лёгкім націску, сведчыць пра павышаны артэрыяльны ціск.
-
Павышаная патлівасць
Калі вы не пакутуеце ад гіпергідрозу, моцная патлівасць, якая ўзнікла, можа казаць пра раптоўнае павышэнне артэрыяльнага ціску.
Нярэдка яна суправаджаецца такімі сімптомамі, як здранцвенне рук, твару, языка, пачашчаны пульс, задышка, боль у вобласці сэрца.
Як правіла, пры зніжэнні ціску да нармальных значэнняў павышаная потавыдзяленне праходзіць.
Акрамя гэтага, могуць з'явіцца такія сімптомы, звязаныя з рэакцыяй вегетасасудзістай сістэмы чалавека на рэзкі ўздым ціску, як:
- Пачырваненне/бледнасць скурнага покрыва
- Частае мочаспусканне (кожныя 5 хвілін)
- Вострая дыярэя
- Адчуванне тэмпературы
- Млоснасць
- Дрыгаценне рук
- Вільготныя і халодныя рукі
- Шум у вушах
Што рабіць, калі няма танометра
Безумоўна, дакладныя значэнні можа паказаць толькі танометр. Разам з тым, у экстраных выпадках можна выкарыстоўваць наступны спосаб.
Для гэтага неабходна прыняць зручную позу, абаперціся спіной на спінку крэсла, расслабіцца.
Затым намацаць пульс на запясці, палічыць колькасць удараў за 30 секунд. Атрыманы вынік неабходна памножыць на два.
Калі частата сардэчных скарачэнняў (ЧСС) меншая альбо роўная 60 – артэрыяльны ціск паніжаны, 60-80 удараў у хвіліну – у норме, больш за 80 – павышаны.
Акрамя таго, калі пры вымярэнні вы зразумелі, што пульс добра адчуваецца, яго рытм досыць пачашчаны, хутчэй за ўсё артэрыяльны ціск павышаны.
ЧСС дрэнна праслухоўваецца, перарываецца – ціск ніжэйшы за норму.
Без дакладнага вымярэння артэрыяльнага ціску танометрам ніякія лекавыя гіпатэнзіўныя прэпараты піць не варта, падкрэсліў эксперт.