Site icon Слушна

Выспацца на выхадных. Што задужа…

Як выспацца, але не пераспаць?

Ну што ж… Калі не ва ўсіх, дык у часткі беларусаў – дакладна з заўтрашняга дня надыходзяць такія міні-вакацыі: чатыры выхадныя запар. І хаця два з іх звыклыя (субота-нядзеля), а яшчэ за адзін давядзецца адпрацоўваць (а хтосьці паспеў ужо гэта зрабіць!)… Усё ж факт застаецца фактам. Чатыры выхадныя!!!

Вядома ж, хтосьці працуе на такім прадпрыемстве ці ў такой установе, арганізацыі, дзе выхадныя не пераносяцца. І ў так званыя чырвоныя дні календара таксама ёсць праца па зменах і не па зменах. Таму ім звычайна выхадныя – міма. Бо і каровы штодня дояцца, і хлеб выпякаецца… І сайты, уявіце сабе, абнаўляюцца. 🙂 А яшчэ тэлеграмы – адпраўляюцца (калі хтосьці гэтым яшчэ карыстаецца), самалёты лётаюць, цягнікі ў свой шлях выпраўляюцца…

Але я зараз пра тых, каму, прама скажам, пашчасціла атрымаць чатыры выхадныя запар і хто ўжо зараней будуе на іх планы. Кудысьці паехаць, паспець у кароткатэрміновую вандроўку за межы Беларусі (той жа ўкраінскі Львоў па-ранейшаму папулярны), перарабіць кучу хатніх спраў (жанчыны), пакорпацца ў гаражы і павудзіць рыбу (мужчыны)… Заняткаў – не пералічыць!

Ну, а хтосьці мае на мэце выкананне абсалютна шараговага, але часам такога недасяжнага жадання. Проста… ВЫСПАЦЦА! Прычым пажадана залегчы ў ложак хаця б на суткі. Але калі гэтак дужа нерэальна, дык хаця б падольш паспаць, забяспечыўшы сабе позні пад’ём чатыры раніцы запар.

Але, аказваецца, і тут трэба не забывацца дбаць пра ўласнае здароўе! Бо і перасып, як і недасып, мае свае плюсы і мінусы. І калі з недасыпам мы практычна ўсе добра ўжо разабраліся, дык з яго супрацьлегласцю…

Не, я нікога не абламваю! 🙂 Больш за тое – сама ў ліку тых, хто марыць выспацца. Але глядзіце, што нам падрыхтавалі даследчыкі, пра што папярэджваюць.

Калі мы позна ўстаём, адпаведна, будзем і позна класціся. Бо рана спаць нам яшчэ проста не захочацца. І што атрымліваецца?! Правільна, замкнёнае кола. А калі ўсё ж ляжам рана і ўстанем позна, атрымаецца ён – перасып. Але вось жа парадокс! І недасып, і перасып часцяком прыводзяць да адных і тых жа праблемаў са здароўем.

Па-першае, можа пацярпець пазваночнік. Асабліва калі вы спіце ў няёмкай позе. Таму і раяць нам спецыялісты лепей на працягу дня даваць для яго ўмераную нагрузку, у тым ліку і фізічнымі практыкаваннямі, а не ў прамым сэнсе адлежваць спіну ды бакі.

Па-другое, можа ўзнікнуць галаўны боль. Ад перасыпу – таксама! І добра, калі атрымаецца справіцца з ім без таблетак, калі ён ліквідуецца шэрагам правераных мераў. Такіх, як пэўнае запарванне зёлак, сок бурака ў вушы, прыкладванне да ілба капуснага ліста, націранне скроняў воцатам… Ну, і што яшчэ кожны сам сабе ўжо даўно падабраў.

Па-трэцяе, могуць абвострыцца… хваробы сэрца. Пакуль даследчыкі так і не выявілі, у чым крыецца прычына. Але залежнасць ужо адшукалі.

Па-чацвёртае, апрача іншых фактараў, і кароткі сон, і доўгі аднолькава могуць справакаваць узнікненне… цукровага дыябету. А яно нам трэба? Яно нам не трэба!

Па-пятае, зноў пра значнае. Атлусценне! Таксама і ад недасыпу, і ад перасыпу.

Ёсць, вядома ж, яшчэ і па-шостае, па-сёмае… Але… Думаю, дастаткова для таго, каб прыйсці да высновы. Ну, адзін дзянёк можна паваляцца, колькі арганізм просіць, так?! А тады… Норма  і толькі норма! Якая ў кожнага – свая. Даўно выпрацаваная. А сярэдняй нормай спецыялісты звычайна называюць 7-8 гадзін сну ў суткі. Ды і ўсё ж шкада губляць ледзь не палову дня… выхаднога.

Сказаўшы па праўдзе… Калі атрымлівалася вось так, у выхадныя, паваляцца падольш, дык сапраўды і галава балела, і пазваночнік. Дык ужо з уласнага вопыту ведаю: калі расплюшчыла вочы і гэта не 6 раніцы, а пазней – трэба ўставаць! 🙂

Таму прыемнага адпачынку вам, шаноўныя сябры, падчас будучых вялікіх выхадных, цудоўнага настрою і выдатнага самаадчування!

Exit mobile version