Выстаўку графікі і жывапісу «Партрэт роднай зямлі», прымеркаваную да 95-годдзя з дня нараджэння мастака Міхаіла Карпука, адкрылі 26 сакавіка ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва.
Выстаўку прадставілі ў ходзе праекта «Класікі — сучаснікі», які рэалізуецца сумесна з Беларускім саюзам мастакоў. У экспазіцыі больш за 50 твораў мастака. Ён знакаміты сваімі непаўторнымі краявідамі роднай Беларусі, у якіх паказваў мілыя сэрцу, знаёмыя з дзяцінства і горача любімыя вобразы прыроды. Міхаіл Карпук пісаў краявіды Брэстчыны, Гродзеншчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны і Міншчыны.
Міхаіл Карпук (1930–2018) нарадзіўся на Брэстчыне ў вёсцы Мыкшыцы. У 1962-м скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ім. А. К. Глебава, а затым Маскоўскі паліграфічны інстытут. Жыў і працаваў у Мінску.
Сапраўды, прыхільнасць Міхася Карпука да краявідаў Бацькаўшчыны не можа не кранаць. Ён шмат разоў пісаў пейзажы: захаваліся сотні эцюдаў і замалёвак, складаных кампазіцыйных вырашэнняў. Ён вірутозна перадаваў непаўторнае хараство беларускай прыроды – як незвычайна адметнай, своеасаблівай і ў той жа час задуменна паэтычнай.
Графічныя работы мастак выконваў пераважна алоўкам, сангінай і пастэллю. Яго карціны ўражваюць незвычайнай мяккасцю, плыўнасцю ліній і рыс, дакладнасцю ў перадачы дэталяў, кажуць аб шматграннасці мастацкай палітры.
Мноства карцін Міхаіл Карпук прысвяціў порам года, тонка прымячаў нюансы прыродных з’яў: «Сонечны дзень» (1978), «Пахмурны дзень» (1977), «Слуцкі матыў» (1980), «Рака Бобр» (1981), «Матыў вясны» (1991), «Срэбраная зіма» (1993), «Подых вясны» (1995), «У родным краі» (1997) і інш. На многіх палотнах мастак выяўляў не толькі мясцовыя пейзажы, але і выдатныя мясціны роднага краю «Капліца Святой Барбары ў Высокім» (1967), «Высокаўскі Троіцкі касцёл» (1973).
Манументальная серыя краявідаў Міхаіла Карпука, што налічвае сотні твораў, – гэта не проста прыгожыя замалёўкі з натуры, яны даюць вялікую пазнавальную інфармацыю і складаюць графічную панараму роднай зямлі, вясковага жыцця, культурнай спадчыны народа: «Навагрудскае замчышча» (1981), «Мірскі замак» (1983), «Восеньская раніца» (1994), «Хутар» (1995), «Навальніца» (1996), серыя «Па месцах радзімы Хруцкага» (1997–1998), «Зіма прыйшла» (2007).
У старым куточку Мінска, у «Троіцкім прадмесці» знаходзилася творчая майстэрня М. А. Карпука, утульная і светлая, як і яго творы, якія даруюць нам радасць і адчуванне вельмі сур’ёзнага, глыбокага, значнага – судакранання з роднай прыродай.
Мы ведаем Міхася Карпука як мастака, які звязаў свой лёс з тэлебачаннем і кіно. Канцэртныя праграмы, дзіцячыя і дарослыя перадачы, літаратурныя пастаноўкі, мастацкія стужкі – такі вялікі дыяпазон яго працы. За 15 гадоў, адданых тэлебачанню, ён аформіў інсцэніроўкі «Песня музыкі» па Якубу Коласу, «Якаў Багамолаў» М.Горкага, «Крах» па п'есе Л.Талстога, «Уся каралеўская раць» Р.Уорэна. А з 1972 г. ён працаваў ужо мастаком-пастаноўшчыкам на кінастудыі «Беларусьфільм», аформіў тэлевізійныя фільмы «Парашуты на дрэвах», «Ганнушка», «Канец бабінага лета», «Апошняе лета дзяцінства».
Шматгадовая праца на тэлебачанні і кінастудыі ўзбагаціла мастака назіраннямі і ўражаннямі, дапамагла яму развіць кампазіцыйнае майстэрства, уменне бачыць прастору глыбока, пісаць панарамныя краявіды. І ў той жа час у графіцы ён быў тонкім лірыкам і прыхільнікам выразнай дэталі.
Выстаўкі мастака адбываліся ў Беларусі, Літве, Польшчы, Швецыі. Творы знаходзяцца ў музеях і ў прыватных зборах Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, Бельгіі, Даніі, Швецыі, Люксембургу, Італіі, Ізраіля, Сірыі, ЗША і Канады.
Колеры Каўказа. Выстаўку Аляксандра Рубца прэзентавалі ў Мінску