Акварэль, батык, калаж… Усе гэтыя тэхнікі выкарыстоўвала вядомая беларуская мастачка Галіна Пятроўна Крываблоцкая, ствараючы свае дзіўныя, напоўненыя любоўю і святлом работы. Справай яе рук стаў таксама шэраг сцэнічных касцюмаў для Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» і для Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры». Аднак асноўным напрамкам яе творчасці стаў габелен, які нараджаецца ў выніку працяглага працаёмкага працэсу, патрабуючы ад майстра не толькі натхнення, але і немалых намаганняў.
У Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адкрылі рэтраспектыўную выстаўку габелена, графікі і калажу «Над гарызонтам», прысвечанай гадавіне памяці Галіны Пятроўны Крываблоцкай.
На рэтраспектыўнай выстаўцы прадстаўлена больш за 60 работ розных жанраў: габелен, графіка, калаж. Творы Галіны Пятроўны вельмі розныя: элегічныя і сонечныя, камерныя і парадныя, зусім невялікія і манументальныя. Гаворачы пра апошнія, нельга не ўзгадаць заслону «Вясёлка», памерам 8 на 26 метраў, якая выканана Галінай Крываблоцкай для Малой залы Палаца Рэспублікі, а таксама манументальную работу «Мелодыя зямлі» для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Нават самыя маштабныя працы аўтара не ствараюць уражанне чагосьці масіўнага, цяжкага. Усе работы без выключэння выклікаюць адчуванне лёгкасці, прысутнасці святла і паветра.
Сама Галіна Пятроўна казала: «Я люблю свабоду і ў дзеяннях, і ў настроі. Калі я вольная — я магу тварыць».
Можа быць менавіта таму ўсе вытканыя кветкі, птушкі, дрэвы, касмічныя далечы быццам бы лунаюць над зямлёй, над гарызонтам, шчырыя і светлыя, як памяць аб выдатным чалавеку, таленавітым мастаку — Галіне Пятроўне Крываблоцкай.
Аўтар выкарыстоўвала шырокі дыяпазон тэматычнай накіраванасці: ад сюжэтаў флоры і фауны да імправізацый на тэму касмічнага характару, ад тэм камернага гучання да вобразаў маштабнага значэння. Для іх засваення аўтар карысталася мовай мастацка-вобразных асацыяцый, алегорый і абагульненняў.
Галіна Крываблоцкая нарадзілася ў горадзе Докшыцы, Віцебскай вобласці ў 1953 годзе. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976 г.). Вучылася ў П. Масленікава, А. Бараноўскага, М. Раманюка, працавала ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З 1993 па 2010 годзе была выкладчыкам гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.А. Ахрэмчыка.