Site icon Слушна

Ах, якая ж гэта асалода – басанож прайсціся па траве… :)

А вы любіце хадзіць басанож?! Па ізумрудавай пяшчотнай траве, мяккай лясной ігліцы, гарачаму рачному пяску, халаднаватай ранішняй расе… І няхай сабе пасля нашыя ногі запатрабуюць дадатковага догляду, затое колькі станоўчых эмоцый! Не кажучы ўжо пра бонусы для здароўя. Як там сёння: надвор’е нам дазволіць ці не адзначыць Дзень хаджэння басанож?! 🙂

Басанож. У чым перавага хады.

Ці ведаеце вы, што казалі ў старажытнасці?! «Кожны крок басанож – дадатковая хвіліна жыцця». А Сакрат і ўвогуле лічыў гэта своеасаблівай гімнастыкай для розуму. Праўда, меркаванні даследчыкаў разыходзяцца. Адны лічаць, што хаджэнне басанож спрыяе прастудам, іншыя ж – за тое, што гэта дазваляе загартавацца і павышае імунітэт.

Ну, а мы проста памятаем, што ўсё тое добрае, што ў меру. І калі ваша мэта – загартоўванне, дык не трэба распачынаць хадзіць басанож у халоднае ці сырое надвор’е. Да загартоўвання ў любым выглядзе варта падыходзіць паступова. Згодныя?! 🙂

А давайце прыгадаем дзяцінства. Асабліва, калі жылі ў вёсцы альбо прыязджалі туды падчас летніх вакацый да бабуль і дзядуляў. Пахадзіць-пабегаць гарачымі летнімі дзянькамі басанож – самая мілая справа! І на дрэвы зручна залазіць… 🙂 І па сажалцы хадзіць… Эх, дзяцінства-дзяцінства! Дзе ты?! 🙂

Наступіла выпадкова на цвік?! У лепшым выпадку – трыпутнік прыкладваеш. У горшым… замазваеш гразёю (а было і такое). І ніякага табе слупняку ці іншых наступстваў. Бо справа адбывалася ў дачарнобыльскі перыяд. Экалогія нам спрыяла… Як, зрэшты, і ўласны імунітэт…

Калі ж і зараз трапляеш у такія месцы, дзе мяккая трава, альбо гладкі пясок, ці мелкаводдзе, адразу ж марыш скінуць абутак і прайсціся так. Рэла-а-а-а-а-акс! 🙂

Але і чаргаванне розных паверхняў пры хаджэнні басанож таксама вельмі карыснае. Па-першае, гэта натуральны масаж ступняў. Па-другое, паляпшае кровазварот і работу сардэчна-сасудзістай сістэмы. Па-трэцяе, у мозг паступае дастатковая колькасць кіслароду, што спрыяльна адбіваецца на псіхічным здароўі. І пералічваць усе перавагі ад такога хаджэння можна яшчэ доооооўга… 🙂

Недарэмна ж у многіх санаторыях і не толькі робяць спецыяльныя сцежкі здароўя, дзе чаргуюцца розныя ўчасткі. І хаджэнне па іх басанож спрыяе паляпшэнню самаадчування пры многіх станах.

Я ж прыгадваю комплекс «Тэрмальныя воды Косіна» ў Закарпацці. Вось куды б  хацела вяртацца зноў і зноў! Сярод шматлікіх басейнаў там ёсць два неглыбокія побач, спецыяльна для загартоўвання ног. Адзін з халоднай вадой, другі – з цёплай. І паціху ідзеш то па адным, то па другім. Першыя ўражанні? Прыкладна такія… Аа-а-а-а-а-а-а-а-а-а! 🙂

Услых, праўда, не галасіла. Цішком сама сабе, асабліва калі першы раз у халодную (добра халодную!) ваду. Але… спадабалася. Зацягвае… 🙂 Раю!

А ўвогуле, хаджэнне па вадзе не толькі ўмацоўвае імунітэт, павышае супраціўляльнасць арганізма хваробам, але і паляпшае работу СКТ, стымулюе работу лёгкіх, пазбаўляе ад бяссонніцы.

Калі патрэбна ўзбадзёрыцца, дык лепей пахадзіць басанож па шышках, хваёвых іголках, гарачаму пяску, вострых камянях (асцярожна!)… Узімку вітаюцца снег і лёд (для загартаваных ужо). А калі мэта – расслабіцца, падыдуць цёплы пясок, дарожны пыл, мяккая трава, пакаёвы дыван.

Вучоныя сцвярджаюць, што тэрмарэцэптары, якія знаходзяцца на ступні, звязаныя са слізістай абалонкай насаглоткі. І калі правільна загартоўвацца праз хаду, дык можна забыцца на прастуды... Хаця напачатку яны могуць праявіцца, і моцна.

А ўсё ж такі якая адчувальная розніца – хадзіць абутым альбо без абутку нават дома, па дыванах ці падлозе! Асабліва калі тэмпература паверхні камфортная… Ну рэлакс жа!

Ды і «зазямляцца» таксама вельмі карысна, каб скінуць назапашаную статычную электрычнасць. Плюс незабыўныя адчуванні пры яднанні з прыродай…

А хадзіць басанож, у прынцыпе, для дасягнення розных эфектаў раяць доўга, ажно да гадзіны па часе.

Так што ў свой план спраў на гэтае лета варта занесці і пункт «Хадзіць басанож»! А сёння, калі атрымаецца, усё ж адзначыць свята… 🙂

Exit mobile version