З усёй гародніны найбольш пяшчотна асабіста я люблю моркву. І не пытайцеся, чаму. Не ведаю. Але любоў – з маленства. Прычым калі ў дзяцінстве любімай справай было – морквай той, ачышчанай і памытай, пахрумсцець…
Эх, і зубак жа было не шкада! Наадварот, лічылася, што яны ўмацоўваюцца і ў некаторай ступені чысцяцца, бы тым яблычкам… У больш дарослым узросце і зараз палюбілася морква, здробненая на тарцы, самай дробнай (прабачце за таўталогію!). З даданнем чайнай лыжачкі алею альбо без яго. Асабліва калі морква – салодкая і сакавітая.
Таксама да нядаўняга часу ў фаварытах быў прачытаны некалі рэцэпт: морква адварная + смятана, каб лепей засвойваліся карысныя рэчывы.
Але ў якім бы выглядзе ні спажывалі мы ў сям’і моркву, даўным-даўно ведаем: у вялікай колькасці і доўга – нельга. Можа скура пажаўцець. А той, хто пра гэта нават не здагадваўся, рэальна падазраваў, што захварэў на жаўтуху! Ведаю рэальныя прыклады.
Таму аматарам морквы хочацца нагадаць: дзень у дзень цэлы месяц яе есці непажадана. А што датычыцца нормы ў суткі, дык чытала пра такую: не больш за 300 грамаў. Гэта 3-4 сярэднія морквіны. У мяне звычайна меней.
А пра тое, што морква не толькі смачная, але і вельмі карысная гародніна, думаю, ведаюць многія. І ўсё ж давайце яшчэ раз яе пахвалім! 🙂
Найперш морква пераўзыходзіць фактычна ўсе прадукты па ўтрыманні вітаміну А. Сінтэзуе ж яго бэта-каратын. Знаёмая назва, праўда?! «Жывуць» у моркве вітаміны групы В, а таксама С, Д, Е, РР… Таму выраз «вітаміны ажно пішчаць» моркве падыходзіць як найлепш!
Калій і натрый, фосфар і кальцый, хлор і магній, селен і марганец… Словам, называй ці не любы з макра- і мікраэлементаў – і не памылішся. Ёсць, усё ёсць у гэтым аранжавым цудзе.
Вось толькі менавіта аранжавым! Бо морква іншага колеру то кармавой можа аказацца, то чымсьці зусім незразумелым. Аднойчы набылі ў краме. Танна. А яна ж умурзаная, уся ў торфе. Асабліва не разгледзіш, якая…
Мама вымыла яе, расклала на прасушку… Карацей, пробу знялі, але радасці гэта нікому не прынесла. 🙁 Так што будзьце ўважлівымі пры набыцці! І хто яго ведае, што лепей: умурзаная беларуская ці чыста вымытая замежная…
Тым, хто сочыць за сваёй вагой, варта пасябраваць з морквай: гэта дакладна нізкакаларыйны прадукт. Ну, і многія, мусіць, з дзяцінства памятаюць гэтае: « Будзеш есці моркву – будзеш мець добры зрок». Прыцягальна, праўда?! І пры цукровым дыябеце яе, адзначаюць спецыялісты, таксама можна спажываць.
Усё гэта, у першую чаргу, адносіцца да свежай морквы. Але і адварная не меней карысная! Асабліва калі па пэўнай прычыне свежая «не заходзіць». У адварной бэта-карацін і вітаміны групы В застаюцца ў той жа колькасці! Во дзіва, праўда?!
Адварная морква добра засвойваецца арганізмам, яе «любіць» кішэчнік, які пачынае лепей працаваць. Такая морква станоўча ўплывае на імунітэт, у барацьбе за які мы часцяком прайграем. Але – увага! – паляпшае апетыт! Таму, з’еўшы нізкакаларыйную моркву, можна незаўважна «наесці» іншымі прадуктамі кілаграмчык-другі. Проста трэба пра гэта памятаць і кантраляваць колькасць з’едзенага ў прынцыпе.
Станоўчага ў моркве – мора!
Пра гэта можна прачытаць у сеціве самастойна. А вось пра супрацьпаказанні традыцыйна пішу тут. Па меркаванні спецыялістаў, моркву нельга ўжываць людзям з язвай страўніка і 12-перснай кішкі, панкрэатытам, запаленнем у тонкім кішэчніку і, вядома ж, пры алергіі на яе.
А ў каго гастрыт з павышанай кіслотнасцю альбо каліт, як кажуць, можна, але – асцярожна. Вельмі асцярожна. Як бы ні была морква прыгатаваная і пададзеная. Увогуле, прыслухоўвацца да рэакцыі ўласнага арганізма – вельмі добрая звычка.
І на заканчэнне дадам. Аказваецца, у маркоўніку (!!!) таксама ўтрымліваецца шмат карысных рэчываў! І той жа бэта-карацін, і кальцый, і бялкі… Вы калі-небудзь елі вяршкі ад морквы?! Я дык не…
Тым больш, што лыжка дзёгцю таксама маецца тут. А як жа без гэтага?! 🙁 Апрача ўсяго, у маркоўніку ёсць… кафеін! Ого, падумала я, калі прачытала. Яго замест кавы можна запарваць, ці што?! Нее-е-е-е-е! Аказваецца, гэты маркоўны кафеін можа выклікаць непрыемныя адчуванні ў страўніку.
Так што не жавалі маркоўнік да гэтага – і зараз спрабаваць не будзем! 🙂 А вось моркву – смачна есці!