Site icon Слушна

Харчаванне пры анкалогіі: ці патрэбныя вітаміны анкапацыентам

Вітаміны

Інфармацыя пра важнасць вітамінаў суправаджае нас паўсюль: радыё ў машыне, улёткі ў грамадскім транспарце, рэклама па тэлевізары. Паліцы ў аптэках ломяцца ад полівітамінных комплексаў. «Прымі аскарбінку!» – раім мы адно аднаму пры першым чханні, паколькі памятаем, што яны неабходныя для стымуляцыі імунітэту і ўзняцця агульнага тонусу.

І толькі анкапацыенты не падзяляюць нашага аптымізму ў дачыненні да іх жыватворнай сілы, разважаючы: калі вітаміны стымулююць абменныя працэсы, дык гэта актуальна для ўсіх клетак арганізма, у тым ліку і злаякасных: «Не буду іх прымаць – не будзе росту пухліны». Зараз нямала навуковых даследаванняў накіравана на вывучэнне таго, як вітаміны ўплываюць на анкалагічныя захворванні. Вынікі пакуль супярэчлівыя, але ёсць цікавыя дадзеныя, якія прымушаюць сур'ёзна задумацца над гэтым.

Вітамін C, патрэбны чалавеку?

Для чаго чалавеку вітаміны?

Гэта жыццёва неабходныя рэчывы, большасць з якіх не сінтэзуецца ў арганізме альбо сінтэзуецца ў недастатковай колькасці. Крыніца іх – ежа расліннага і жывёльнага паходжання. Яны не адкладаюцца ў запас, не з'яўляюцца ні будаўнічым матэрыялам, ні крыніцай энергіі для клетак. Адыгрываюць ролю каталізатара ў арганізме, паскараючы і павышаючы эфектыўнасць біяхімічных рэакцый, устойлівасць імунітэту, удзельнічаюць у абмене бялкоў, вугляводаў і тлушчаў. Некаторыя з іх (С, Е, A) – прыродныя антыаксіданты.

Кожны з вітамінаў валодае шырокім спектрам дзеяння, але пры гэтым мае шэраг толькі яму характэрных уласцівасцяў. Таму замяніць адзін другім не атрымаецца. Нашаму арганізму для нармальнай жыццядзейнасці патрэбныя ўсе 13 вітамінаў: 9 водарастваральных (В1, В2, В3, В5, В6, В7, В9, В12, С) і 4 тлушчараспушчальных (A, D, E, K). Адсутнасць, недастатковая колькасць або лішак якога-небудзь вітаміну ў ежы заўсёды суправаджаецца расстройствам у адпаведнай вобласці абмену рэчываў і выяўляецца пэўнымі клінічнымі сімптомамі.

Штодзённыя патрэбы ў вітамінах у дарослых людзей

Водарастваральныя Сутачная норма для дарослых
В1 (тыямін) 1,5 мг
В2 (рыбафлавін) 2,0 мг
В3 (ніяцын) 20 мг
В5 (пантатэнавая кіслата) 5 мг
В6 (пірыдаксін) 2 мг
В7 (біятын) 50 мкг
В9 (фоліевая кіслата) 400 мкг
В12 (цыянакабаламін) 2,4 мкг
С (аскарбінавая кіслата) 90 мг
Тлушчараспушчальныя мужчыны жанчыны
А (рэтынол) 900 мкг (3000 МЕ) 700 мкг (2333 МЕ)
D (холекальцыферол) Узрост 19-70 гадоў – 15 мкг (600 МЕ)

Узрост > 70 гадоў – 20 мкг (800 МЕ)

Е (такаферол) 15 мг
К 120 мкг

Вітаміны патрэбныя ўсім людзям, незалежна ад полу, узросту і наяўнасці захворванняў, у колькасці, адпаведнай сутачнай патрэбе, каб забяспечыць нармальнае функцыянаванне абменных працэсаў у арганізме. Пры гэтым трэба памятаць, што здаровым людзям пры ўмове збалансаванага харчавання ніякія дадатковыя рэчывы карысці не прыносяць.

Ці патрэбныя вітаміны пацыентам з анкалагічнымі захворваннямі?

Вітамін С (аскарбінавая кіслата) з'яўляецца магутным антыаксідантам, рэгулюе ўсмоктванне, транспарт і захоўванне жалеза, валодае дэтаксікацыйнымі ўласцівасцямі, падтрымлівае вытворчасць антыцелаў і работу лейкацытаў.

Мноства навуковых даследаванняў пацвярджае, што вітаміны С, D і Е спрыяюць зніжэнню праяў пабочных эфектаў, якія ўзнікаюць падчас хіміятэрапіі і прамянёвай тэрапіі раку лёгкіх, страўніка, прадсталёвай залозы, шыі і каларэктальнага раку. З'яўляючыся антыаксідантамі, яны абараняюць здаровыя клеткі ад мутацый і пашкоджанняў, знішчаюць свабодныя радыкалы, спрыяюць гібелі ракавых клетак, прыгнятаюць утварэнне новых крывяносных сасудаў у пухліне і зніжаюць метастазаванне.

Вітамін А (рэтынол) забяспечвае рост, развіццё і дыферэнцыяванне тканак, бар'ерную функцыю скуры і слізістых, вастрыню зроку, стымулюе сінтэз бялку. З'яўляючыся моцным антыаксідантам, спрыяе аднаўленню пашкоджаных клетак і гаенню ранаў.

Апошнія даследаванні пацвердзілі, што рэтынол (А) і яго прэпараты палягчаюць цячэнне некаторых відаў анкалагічных утварэнняў у прастаце, малочнай залозе, падстраўнікавай залозе, жоўцевым пузыры.

Вітамін D (холекальцыферол) паскарае ўсмоктванне кальцыю і фосфару ў кішэчніку, забяспечвае мінэралізацыю касцей, рэгулюе транспарт кальцыю. Неабходны для аднаўлення кальцыевага абмену, які парушаецца пры правядзенні хіміятэрапіі і гарманальнай тэрапіі раку. Актывуе клеткавы імунітэт.

Вітамін К («антыгемарагічны») адыгрывае значную ролю ў працэсе згусання крыві, удзельнічае ў абмене рэчываў у касцях (засваенне і ўзаемадзеянне кальцыю з вітамінам D) і злучальнай тканцы. Пры дэфіцыце з'яўляюцца кровазліццё, крывацечнасць дзяснаў, насавыя, страўнікава-кішэчныя крывацёкі.

Спецыялісты з анкалагічнага цэнтра імя Мофіта і Навукова-даследчага інстытута г.Тампа (Фларыда, ЗША) выявілі, што вітамін К актывуе гібель пухлінных клетак, прыгнятаючы рост пухліны падстраўнікавай залозы. Аднак дадзены эфект патрабуе пацверджання ў далейшых навуковых даследаваннях.

Вітамін Е (такаферол) з'яўляецца магутным антыаксідантам, спрыяе назапашванню глікагену ў мышачнай тканцы, запавольвае старэнне.

Вітаміны групы В

В1 (тыямін) рэгулюе бялковы і вугляводны абмены, падтрымлівае нармальнае функцыянаванне цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы, стрававальнай і эндакрыннай сістэм. Дэфіцыт тыяміну прыводзіць да развіцця захворвання «беры-беры», сімптомы якога – анарэксія, страта вагі, кагнітыўныя парушэнні (зніжэнне пазнавальнай здольнасці, увагі), слабасць мышцаў і кардыямегалія.

У 2017 г. даследчыкі з дэпартамента псіхіятрыі Цэнтра медыцынскіх навук г.Таронта (Канада) паведамілі, што дэфіцыт тыяміну (В1) быў выяўлены ў 55,3% пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі, якія па якіх-небудзь прычынах былі накіраваныя для правядзення псіхіятрычнай кансультацыі. Пры гэтым дэфіцыт тыяміну быў знойдзены нават на фоне прыёму адпаведных комплексаў. У апублікаваным у 2019 г. даследаванні японскіх вучоных было ўстаноўлена, што ў пацыентаў з ракам СКТ, якія атрымліваюць хіміятэрапію і маюць пабочныя неўралагічныя праявы, таксама быў паніжаны ўзровень В1 у крыві.

В2 (рыбафлавін) забяспечвае нармальнае цячэнне акісляльна-аднаўленчых працэсаў, удзельнічае ў метабалізме тлушчаў, бялкоў і вугляводаў, спрыяе засваенню жалеза і В6, неабходны для ўтварэння эрытрацытаў і антыцелаў, падтрымлівае нармальную працу нервовай сістэмы, адыгрывае важную ролю ў працэсах росту і аднаўлення клетак і тканак, паляпшае вастрыню зроку. Дэфіцыт рыбафлавіну (В2) прыводзіць да стаматыту, гласіту, себарэйнаму дэрматыту, фотабоязі, анеміі.

У навуковай медыцынскай літаратуры згадваецца, што ўжыванне рыбафлавіну (В2) не аказвае істотнага ўплыву на рызыку развіцця раку малочнай залозы, каларэктальны рак і не павялічвае рызыку развіцця плоскаклетачнага раку стрававода.

В3 (ніяцын, нікацінавая кіслата) ўдзельнічае ў клетачным абмене рэчываў, перадачы сігналаў паміж клеткамі і аднаўленні структуры ДНК. Дэфіцыт В3 праяўляецца стомленасцю, дэпрэсіяй, зніжэннем памяці, галаўным болем, праблемамі са скурай.

Даследаванні канадскіх вучоных пацвердзілі, што ніяцын (В3) спрыяе аднаўленню пашкоджанняў у ДНК, выкліканых ультрафіялетам, зніжаючы рызыку развіцця раку скуры. У 2019 г. аўстралійскія вучоныя выявілі, што лішак В3 павялічвае рызыку развіцця раку страўніка.

В5 (пантатэнавая кіслата) ўдзельнічае ў вугляводным і тлушчавым абмене. У камбінацыі з вітамінам С спрыяе гаенню ранаў. Дэфіцыт вельмі рэдкі, выяўляецца стомленасцю, апатыяй, агульнай слабасцю, парушэннем сну, млоснасцю, ванітамі.

В6 (пірыдаксін) рэгулюе метабалізм і сінтэз бялкоў, вугляводаў, тлушчаў. Неабходны для нармальнага функцыянавання нервовай сістэмы. Дэфіцыт прыводзіць да себарэйнага дэрматыту, анеміі, неўралагічных і псіхічных парушэнняў.

Шэраг незалежных даследаванняў выявіў, што дастатковае паступленне з ежай В6 зніжае рызыку развіцця каларэктальнага раку, страўнікава-кішэчных карцыномаў, раку малочнай залозы, асабліва для жанчын у постменапаўзе.

В7 (біятын) адыгрывае важную ролю ў метабалізме глюкозы, амінакіслотаў, тлустых кіслотаў. Дэфіцыт сустракаецца рэдка, выяўляецца выпадзеннем валасоў, стомленасцю, зменлівасцю настрою, дэпрэсіяй, часам неўралагічнымі парушэннямі. Часткова сінтэзуецца мікрафлорай кішэчніка.

В9оліевая кіслата) ўдзельнічае ў працэсах біясінтэзу бялкоў, ДНК і РНК, мае асаблівае значэнне для росту, развіцця і дыферэнцыявання клетак і тканак, якія маюць высокую хуткасць абнаўлення (кроватварэнне, слізістая СКТ), спрыяе нармалізацыі тлушчавага абмену.

Амерыканскія вучоныя ўстанавілі, што залішняе спажыванне фоліевай кіслаты здаровымі людзьмі можа прывесці да павышанай рызыкі захворвання на рак і прагрэсавання захворвання ў асобаў з перадракавымі паражэннямі. Пры гэтым спажыванне фоліевай кіслаты ў дыяпазоне фізіялагічнай патрэбы звязанае са зніжэннем рызыкі развіцця раку ў папуляцыі здаровых людзей.

В12 (цыянакабаламін) удзельнічае ў працэсах біясінтэзу бялкоў, ДНК і РНК, дзяленні клетак. Дэфіцыт узнікае, як правіла, у людзей, якія перанеслі вялікія аперацыі на страўніку ці пакутуюць ад розных захворванняў СКТ, і праяўляецца анеміяй, парэстэзіяй і іншымі неўралагічнымі сімптомамі.

Нарвежскія даследчыкі выявілі, што ў пацыентаў з ішэмічнай хваробай сэрца, якія атрымлівалі дадаткова фоліевую кіслату і В12, павялічыліся захворванне і смяротнасць ад раку лёгкага. Нядаўні мета-аналіз, праведзены ва ўніверсітэцкай бальніцы г.Чжэнчжоу (Кітай), пацвердзіў, што пры дастатковым спажыванні вітамінаў В1, В3, В6 і В9 рызыка развіцця раку стрававода зніжалася, пры гэтым залішняе спажыванне В12, наадварот, павышала рызыку развіцця раку стрававода.

Вынікі шматцэнтравога даследавання (35533 мужчыны), выкананага на базе 427 медыцынскіх цэнтраў ЗША, Канады і Пуэрта-Рыка, прадэманстравалі, што харчовыя дабаўкі з вітамінам Е і селенам павялічвалі рызыку развіцця раку прастаты ў здаровых мужчын. Апошнія даследаванні сведчаць, што прычынай такіх несуцяшальных вынікаў з'яўляецца форма, якая была выкарыстаная ў біядабаўках (α-такаферол). Іншыя яго формы (δ-такаферол, γ-такаферол і інш.) дэманструюць вялікую эфектыўнасць для прафілактыкі раку.

Курсы прамянёвай тэрапіі і прыём цытастатычных прэпаратаў суправаджаюцца рэзкім зніжэннем імунітэту і інтаксікацыяй. Звычайнае харчаванне не заўсёды забяспечвае арганізм аптымальнай колькасцю карысных рэчываў. Асабліва гэта тычыцца пацыентаў з паталогіяй СКТ і пабочнымі эфектамі лячэння раку. Рашэнне пра неабходнасць павялічыць дозу або пра дадатковае прызначэнне полівітаміннага комплексу прымае ўрач, грунтуючыся на выніках клініка-лабараторнага абследавання.

Харчаванне анкалагічных пацыентаў

Рэкамендуецца ўжываць паўнавартасную і збалансаваную па саставу ежу. Але, на жаль, так атрымліваецца далёка не заўсёды. Да самастойнага набыцця полівітамінных комплексаў і біялагічна актыўных дабавак неабходна ставіцца вельмі асцярожна, паколькі іх склад можа рэзка адрознівацца. Да прыкладу, у 2017 г. у ЗША правялі даволі цікавае даследаванне, падчас якога ўзялі 50 найбольш папулярных комплексаў і супаставілі іх састаў . Атрыманыя дадзеныя паказалі роскід па змесце асобных вітамінаў і мінералаў ад 24% да 57% сутачнай патрэбы для чалавека! Цяпер вы разумееце, чаму так важна ўважліва чытаць інструкцыю.

Калі ў сілу асаблівасцяў захворвання і пабочных эфектаў ад лячэння вы недаядаеце, губляеце вагу, робіцеся слабейшымі, дык трэба падумаць пра змену дыеты і параіцца з урачом пра неабходнасць дадатковага папаўнення пажыўных рэчываў і вітамінаў, якіх не хапае. Аптымальным рашэннем таксама можа стаць выкарыстанне ў харчаванні збалансаваных па сваім саставе, у тым ліку змесце, вітамінаў, спецыяльна распрацаваных сумесяў для энтэральнага харчавання.

Exit mobile version