Site icon Слушна

Хатні гвалт. Хто дапаможа і што трэба змяніць?

Некалькі гадоў таму падчас сваркі з былой жонкай жыхар Брэсцкай вобласці выкінуў яе з акна 7-га паверха. У дачыненні да мужчыны ўжо была ўзбуджаная крымінальная справа за пагрозу забойства. Але пакуль яна разбіралася, ён працягваў цалкам законна жыць на адной жылплошчы з былой жонкай. Сітуацыя завяршылася трагедыяй.

За 10 месяцаў 2019 года ад рук сваіх блізкіх пацярпелі ўжо паўтары тысячы жанчын. І гэта толькі тыя, хто пэўным чынам заявіў аб праблеме. Не дзіўна, што тэма хатняга гвалту выклікае вялікі грамадскі рэзананс. Ужо відавочна: сістэма аказання дапамогі ахвярам гвалту мае патрэбу ва ўдасканаленні.

Чаму жанчыны не хочуць караць агрэсараў?

Агульнанацыянальная «гарачая лінія» па пытаннях хатняга гвалту працуе ўжо 7 гадоў. За гэты час яе супрацоўнікі атрымалі больш за 13 тысяч званкоў. У адпаведнасці з беларускай статыстыкай, злачынствы ў сферы сямейна-бытавых адносінаў здзяйсняюць у пераважнай большасці выпадкаў мужчыны. 96% званкоў на агульнанацыянальную «гарачую лінію» паступае ад прадстаўніц слабага полу.

Сярэдні партрэт ахвяры агрэсіўнага звароту: жанчына 27-40 гадоў, якая знаходзіцца ў адносінах і мае дзяцей. Аднак ад званка да жадання пакараць агрэсара па законе – вялікі шлях. Толькі невялікая частка тых, хто патэлефанаваў, гатовыя напісаць заяву ў праваахоўныя органы. І толькі каля паловы з тых, хто ўсё ж зрабіў гэта, згодныя давесці справу да завяршэння.

Прычынаў такой сітуацыі мноства. Адны з самых асноўных, якія называюць самі пацярпелыя: адміністрацыйнае пакаранне не падаецца ім дастатковай мерай; грашовы штраф кладзецца цяжарам на ўсю сям'ю, і ў выніку «пакараныя» і дзеці; страх, што сям'я з дзецьмі апынецца пад асаблівым наглядам, «на ўліку» ў сацслужбаў; нежаданне выносіць «смецце з хаты»... На думку спецыялістаў, такі падыход спараджае беспакаранасць у агрэсара.

 
Вольга Сакалоўская
Намеснік начальніка аддзела ўпраўлення прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
У 2019 годзе ў нас у цэлым знізілася агульная колькасць злачынстваў у дачыненні да сямейнікаў. Але ў той жа час адзначаны рост цяжкіх злачынстваў і злачынстваў супраць палавой свабоды і недатыкальнасці ў дачыненні да сямейнікаў. Калі за 10 месяцаў мінулага года было здзейснена 92 такія злачынствы, дык за 10 месяцаў гэтага года іх ужо 117, у тым ліку 108 цяжкіх і асабліва цяжкіх. Больш за 80% злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносінаў здзейсненыя ў стане алкагольнага ап'янення. У 2017-2018 гадах у нас было каля 120 тысяч паведамленняў у год па канфліктах у сферы сямейна-бытавых адносінаў. І толькі 50 тысяч заканчваліся прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці, тры тысячы – да крымінальнай. Астатнія заставаліся беспакаранымі. Цяпер працэнт крыху іншы. Стала меней зваротаў па гэтых пытаннях, бо пачало шырока прымяняцца ахоўнае прадпісанне. Г.зн., калі са згоды пацярпелай асоба, якая дапусціла гэткі гвалт, абавязвалася часова пакінуць агульнае жыллё. Статыстыка па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці засталася прыкладна такой жа. За 10 месяцаў гэтага года ў нас у цэлым прыцягнута да адказнасці 43 тысячы чалавек (з 85 тысяч зваротаў). Астатнія справы спыненыя за прымірэннем бакоў. Беспакаранасць спараджае далейшыя падобныя дзеянні.

Хатні гвалт. Хто дапаможа і што трэба змяніць?

 
Ірына Альхоўка
Старшыня праўлення МГА «Гендарныя перспектывы»
Нас трывожаць факты, пра якія нам паведамляюць абаненткі, калі органы адукацыі настойваюць, што сітуацыя гвалту з'яўляецца падставай для пастаноўкі такога дзіцяці і сям'і на ўлік з нагоды сацыяльна небяспечнага становішча. У гэтым моманце ёсць два бакі: гэта непрафесійныя паводзіны супрацоўнікаў органаў адукацыі, якія фактычна шантажуюць. З іншага боку – павальная неадукаванасць саміх жанчын, якія не ведаюць, што гэта за працэдура. Яна закліканая дапамагчы сям'і і дзіцяці справіцца з сітуацыяй і не павінна разглядацца як дадатковае пакаранне жанчыны. У гэтым плане прафесійнасць службаў павінна расці.

Што робіцца для абароны ахвяраў хатняга гвалту ўжо зараз?

Прафілактыка і дапамога ахвярам хатняга гвалту не можа быць прэрагатывай аднаго ведамства. Тут важная зладжаная праца і сістэмы адукацыі, аховы здароўя, грамадскіх арганізацый, праваахоўных органаў... І вядома, Мінпрацы і сацабароны. Тут праца вядзецца па некалькіх напрамках.

  • Мінімізацыя рызыкі траплення ў сітуацыю гвалту.
 
Марыя Арцёменка
Намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
Важная сацыяльна-эканамічная падтрымка сям'і з дзецьмі і пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчыны. Бо чым больш жанчына эканамічна незалежная, тым больш у яе магчымасцяў вырашыць сітуацыю пры наяўнасці гвалту ў сям'і. Гэта розныя механізмы, пачынаючы ад скарачэння гендарнага разрыву ў заработнай плаце, заканчваючы развіццём жаночага прадпрымальніцтва, бізнесу. У сістэме Мінпрацы ёсць субсідыі на адкрыццё ўласнай справы. Гэты механізм дапамагае жанчынам рэалізаваць прадпрымальніцкую ініцыятыву за кошт падтрымкі дзяржавы. Сярод занятых у эканоміцы доля жанчын з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй вышэйшая, чым мужчын. Сёння прапарцыянальна гэтаму адукацыйнаму статусу неабходна прымаць меры, якія б дазволілі жанчынам у тым ліку атрымліваць адэкватны заробак, працаваць у сферах IT-тэхналогій, камунікацый і г.д.
  • Інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць.

 

 
Марыя Арцёменка
Намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
На сайтах нашых камітэтаў па працы гар-, райвыканкамаў ёсць спецыяльныя рубрыкі: прафілактыка гвалту ў сям'і. Тут даецца дастаткова поўная інфармацыя пра тое, дзе ў сітуацыі гвалту можна атрымаць падтрымку і дапамогу, куды звярнуцца.
  • Сетка крызісных пакояў.
 
Марыя Арцёменка
Намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
На 1 кастрычніка 2019 года ў краіне дзейнічаюць 136 крызісных пакояў. Калі ў 2014 годзе туды звярнуліся 124 чалавекі, якія пацярпелі ад гвалту ў сям'і, дык на 1 студзеня 2019 – 457 чалавек. Гэта звязана з шырокай інфармацыйна-асветніцкай працай. Мы пастаянна ўдасканальваем заканадаўства для таго, каб паслугі часовага прытулку зрабіліся больш даступнымі. Напрыклад, у 2018 годзе ўжо былі ўнесеныя такія змены ў заканадаўства, якія дазволілі звяртацца ў крызісны пакой любога рэгіёну, незалежна ад месца рэгістрацыі. Гэта вельмі важна. Бо ў маленькіх гарадках, раёнах жанчыны часта не хочуць афішыраваць сітуацыю ў сям'і. Тэрмін знаходжання ў крызісных пакоях не абмежаваны. Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Па дадзеных нашага маніторынгу, у сярэднім працягласць знаходжання складае каля 10 дзён. Але ёсць выпадкі, калі людзі знаходзяцца там і больш за месяц. Сярод важных зменаў: крызісныя пакоі пачалі працаваць кругласутачна. Звязана гэта з тым, што злачынствы ў сферы сямейна-бытавых адносінаў адбываюцца альбо ў святочныя дні, альбо ў вячэрні час. Крызісныя пакоі не сканцэнтраваныя ў адным месцы, а раўнамерна размеркаваныя па ўсёй краіне. Гэта вельмі важна для даступнасці паслугі часовага прытулку.

Калі ў пацярпелага няма беларускага грамадзянства (ці грамадзянства наогул), прытулак можна знайсці ў крызісных пакоях, якія адчыненыя Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Яны працуюць у Мінску і Гомелі.

Былыя – не значыць бяспечныя

Якія меры патрэбныя яшчэ, каб абараніць ахвяраў хатняга гвалту?

 
Вольга Сакалоўская
Намеснік начальніка аддзела ўпраўлення прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
Вырашыць праблему гвалту ў сям'і экстранымі мерамі нельга. Але прадухіліць цяжкія наступствы, тым больш забойства, экстранымі мерамі можна. Вельмі часта нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў адбываецца ў момант, калі канфлікт знаходзіцца на самым піку. Мы не можам разглядаць вынясенне ахоўнага прадпісання як экстраную меру. Паколькі для таго, каб мы мелі права яго выпісаць, неабходна, каб асоба была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносінаў як мінімум два разы. Каб прымяніць ахоўнае прадпісанне альбо прыняць рашэнне пра ажыццяўленне прафілактычнага ўліку, неабходна, каб зноў на працягу года грамадзянін быў прыцягнуты за гвалт у сям'і. А для таго, каб вынесці ахоўнае прадпісанне, неабходна, каб пратакол быў разгледжаны ў судзе. Як правіла, з моманту піку вострай канфліктнай сітуацыі да прымянення мераў рэагавання праходзіць досыць вялікая колькасць часу. Больш за тое, сёння заканадаўствам не прадугледжанае прымяненне прадпісання ў дачыненні да асобаў, у адносінах да якіх вядзецца крымінальны працэс па злачынствах у дачыненні да сямейнікаў (катаванні, прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, пагроза забойства і г.д.). На жаль, часта бываюць выпадкі, калі бацькі разводзяцца на фоне сямейнага гвалту. Дзеці застаюцца з мамай. Былыя муж і жонка раз'язджаюцца (у лепшым выпадку), але бацька прыходзіць з нагоды сустрэчы з дзіцем і працягвае гвалтоўныя дзеянні, не з'яўляючыся сямейнікам. І тут ёсць цэлы шэраг цяжкасцяў па ўжыванні да яго мераў уздзеяння і прыцягненні да адказнасці.
 
Марыя Арцёменка
Намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
Мы цалкам падтрымліваем неабходнасць далейшага ўдасканалення заканадаўства ў гэтай сферы. Бо на практыцы ўжо напрацаваныя такія інструменты і механізмы, якія патрабуюць свайго замацавання. У прыватнасці, сёння ва ўсіх рэгіёнах краіны прымяняюцца пратаколы міжведамаснага ўзаемадзеяння. Бо зразумела, што ў сітуацыі гвалту ў сям'і адзін орган або арганізацыя праблему не вырашаць. Вельмі важнае аказанне дапамогі адзін аднаму. Таму такія пратаколы распрацаваныя, але ў заканадаўстве яны пакуль не замацаваныя. Акрамя таго, важна ўносіць змены, якія будуць працаваць на аператыўнасць ахоўнага прадпісання. Бо несправядліва, калі жанчына з дзіцем бяжыць з уласнага дома. Яна павінна заставацца ва ўласных сценах, а адсяляць трэба агрэсара. Неабходна пашыраць кола асобаў, да якіх прымяняюцца гэтыя меры, паколькі яны не распаўсюджваюцца сёння на былых мужоў і партнёраў, што таксама важна. Бо канфліктная сітуацыя з разводам не заканчваецца. Важна развіваць якасць аказання паслуг, падрыхтоўку і навучанне кадраў, якія працуюць па гэтай тэматыцы.

Пацярпелыя паняволі. Дзеці

Цяжкія адносіны бацькоў адбіваюцца на дзецях самым жахлівым чынам. Калі справа даходзіць да забойства, дык непаўналетнія губляюць адразу маму і тату адначасова: адзін з іх пазбаўлены жыцця, а другі – волі. Яшчэ больш частае наступства – глыбокія псіхалагічныя траўмы.

 
Ірына Альхоўка
Старшыня праўлення МГА «Гендарныя перспектывы»
Вельмі трывожна за тых дзяцей, якія растуць у сітуацыі хатняга гвалту (не толькі фізічнага, але і псіхалагічнага). Псіхолагі настойліва кажуць пра тое, што псіхіка такіх дзяцей пакутуе. І ў будучым яны будуць альбо прымяраць на сябе ролю ахвяры, альбо самі могуць зрабіцца агрэсарамі. Важны і адукацыйны момант. Трэба павышаць псіхалагічную граматнасць. Бо дзяўчынка павінна разумець: калі яе крытыкуюць, забараняюць мець стасункі з сябрамі, кантралююць яе перамяшчэнні, – гаворка ідзе не пра вялікую любоў, а пра кантроль. Усе мы памятаем сітуацыю ўлетку, калі ў Мінску хлопец паставіў палатку ля дома дзяўчыны пасля таго, як яна яму адмовіла. Многія замілоўваліся гэтым учынкам. Але ж гэта класічны сталкінг (пераслед). Жанчынам трэба навучыцца гэта разумець. А мужчынам – паважаць жаночае «не».

Рашэнне праблемы хатняга гвалту – даволі доўгі працэс, які патрабуе каардынацыі многіх ведамстваў і службаў. А яшчэ – павышэння ўзроўню граматнасці і адказнасці кожнага чалавека ў адносінах да сябе і сваіх блізкіх.

 

Exit mobile version