Вынікі даследаванняў выклікалі пэўную цікавасць у навуковых колах. Напрыклад, дакладна высветлена, што ўспрымальныя да новага каранавіруса каты і коткі. Пры гэтым вучоныя пакуль не ведаюць пэўна, ці могуць хатнія гадаванцы, зрабіўшыся носьбітамі інфекцыйнага агента, служыць крыніцай заражэння для людзей.
Котка – сябар чалавека?
Тэма навуковых пошукаў узнікла не на пустым месцы. Не будзе перабольшаннем сказаць, што CОVID-19 заспеў знянацку ўвесь свет: ніхто не быў у дастатковай ступені гатовы да таго, з якой імклівай хуткасцю інфекцыя будзе распаўсюджвацца паміж краінамі і кантынентамі, збіраючы штодня сотні ахвяраў. Натуральна, на фоне ўсеагульных турботаў і нявызначанасці не маглі не прагучаць апасенні пра магчымасць перадачы віруса паміж людзьмі і іх гадаванцамі. Да гэтага часу, піша выданне, былі зафіксаваныя тры паведамленні пра заражэнне CОVID-19 жывёл: коткі і двух сабак.
Каты і сабакі адносяцца да хатніх гадаванцаў, якія знаходзяцца з людзьмі ў найбольш блізкім кантакце. Таму дакладнае веданне пра іх успрымальнасць (або адсутнасць такой) да SARS-CoV-2 – тая неабходная інфармацыя, якая дапаможа больш эфектыўна кантраляваць распаўсюд каранавіруснай інфекцыі.
Даследаванні праводзіліся кітайскімі вучонымі ў лабараторных умовах. Некалькім хатнім коткам у нос былі ўведзеныя ўзоры новага каранавіруса. Частку жывёл змясцілі ў клеткі са здаровымі суродзічамі. Праз некалькі дзён, правёўшы тэсты, вучоныя выявілі вірусную РНК у верхніх дыхальных шляхах заражаных жывёл. А таксама ў адной са здаровых котак, якая знаходзілася ў клетцы з інфіцыраванымі, што наводзіць на думку пра магчымае заражэнне паветрана-кропельным шляхам.
Цікава. Але не пераканаўча
Разам з тым, ні ў адной жывёлы не было выяўленых сімптомаў хваробы, і толькі ў адной коткі з клеткі, у якой знаходзіліся здаровыя і штучна інфіцыраваныя жывёлы, тэсты паказалі наяўнасць віруснай РНК. Гэта, на думку вучоных, дазваляе зрабіць выснову, што ў адносінах да жывёл вірус не валодае высокай ступенню заразнасці. Ёсць і пэўныя хібнасці пры правядзенні даследаванняў. Напрыклад, незразумела, якім чынам здаровая котка магла быць інфіцыраваная: паветрана-кропельным шляхам або заражэнне адбылося ад кантакту з забруджанымі фекаліямі і мачой.
Іншыя вучоныя хаця і выказалі цікаўнасць да папярэдніх вынікаў даследаванняў, выказалі шэраг скептычных заўваг. У прыватнасці, яны звярнулі ўвагу на той факт, што даследаванні, праведзеныя ў лабараторных умовах, не адлюстроўваюць рэальных узаемадзеянняў паміж людзьмі і іх гадаванцамі. Акрамя таго, жывёлам уводзіліся наўмысна высокія дозы SARS-CoV-2, але пры гэтым відавочная сімптаматыка хваробы адсутнічала.
Адным са скептыкаў, хто выказаў свае заўвагі, з’яўляецца вірусолаг Лінда Саіф з Універсітэта штата Агаё (ЗША). Яна не адмаўляе важнасць даследаванняў, вынікі якіх можна было б улічваць для кантролю над распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Пры гэтым доктар перакананая, што неабходныя дадатковыя тэсты з прызначэннем паддоследным жывёлам розных дозаў віруса і больш дбайным выкананнем умоў пры правядзенні новых даследаванняў.
Трэба заўважыць, што падобныя выпрабаванні праводзіліся і з узбуджальнікам цяжкага вострага рэспіраторнага сіндрому (SARS), таксама з групы каранавірусаў. Вынікі паказалі высокую ўспрымальнасць да яго котак і магчымасць перадаваць яго іншым суродзічам. Тым не менш, «падчас пандэміі SARS не было ніякіх прыкметаў таго, што SARS-CoV атрымаў шырокае распаўсюджанне ў хатніх котак або быў перададзены ад котак людзям», – нагадала Саіф.
Іншымі словамі, падстаў для панікі ва ўладальнікаў хатніх котак няма.
І ўсе, усе, усе…
Што да іншых жывёл, тут заявы вучоных яшчэ больш аптымістычныя. Вучоныя Харбінскага ветэрынарна-даследчага інстытута, якія праводзілі выпрабаванні на хатніх котках, падвергнулі эксперыменту і іншых жывёл.
У свіней, качак, куранятаў, якія былі штучна інфіцыраваныя, паўторныя тэсты не паказалі наяўнасці віруснай РНК. Даследаванні паказалі і меншую ўспрымальнасць да каранавіруса сярод сабак.
Затое высокую адчувальнасць паказалі тхары, што, на думку вучоных, робіць іх прыдатнай мадэллю для тэсціравання патэнцыяльных вакцынаў і лекавых прэпаратаў супраць CОVID-19.
Тым не менш, каб цалкам выключыць рызыку магчымага інфіцыравання паміж людзьмі і іх гадаванцамі, і вучоныя, і ўрачы раяць на час абмежаваць кантакты з хатнімі жывёламі і выконваць меры прафілактыкі. У прыватнасці, старанна мыць лапы жывёлам пасля прагулкі, выконваць гігіену рук, пазбягаць цеснага кантакту (аблізванне жывёламі, кармлення гадаванцаў з рук і тым больш з аднаго посуду), устрымацца ад пагладжванняў жывёл. Па словах Лінды Саіф, гэта звычайныя меры засцярогі, якіх разумна прытрымлівацца ў выпадку любога новага захворвання пры адсутнасці вычарпальнай інфармацыі пра яго.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!