Штогод у Беларусі выяўляецца больш за 4 тысячы новых выпадкаў анкалагічных захворванняў органаў рэпрадуктыўнай сістэмы ў жанчын. Гэта рак шыйкі маткі, цела маткі, похвы, вульвы, яечнікаў і малочнай залозы. Як правільна падрыхтавацца да лячэння і рэабілітавацца пасля?
У раздзеле «Хваробы ад А да Я», далей тэг «анкалогія» на гэтую тэму будуць выходзіць артыкулы анколага з 40-гадовым стажам, доктара медыцынскіх навук, прафесара, начальніка Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Ірыны Аляксандраўны Касенкі. Аўтар даступна і прафесійна распавядзе пра многія нюансы лячэння.
Чаму часам даводзіцца выдаляць цэлы орган, а часам – толькі пухліну? Як падрыхтавацца да аперацыі поўным пацыенткам? Якія ўскладненні могуць быць пасля выдалення органаў і што рабіць для найхутчэйшага аднаўлення?
«Жаночы» рак
Якія аперацыі бываюць
Мэта традыцыйнай медыцыны – непасрэднае знішчэнне пухліны і яе метастазаў. Пры гэтым выкарыстоўваюць тры асноўныя метады: хірургічны, прамянёвы і лекавы. Самы старажытны спосаб – аперацыя, якая заключаецца ў выдаленні хворага органа або групы органаў: шыйкі маткі, похвы, цела маткі, яечнікаў, труб.
Першае апісанне хірургічнага выдалення пухліны яечніка было ў XVI стагоддзі. Думаю, гэты орган выразалі і раней, але канкрэтны хірург апісаў свае дзеянні менавіта ў гэты час. Сёння гэта самы распаўсюджаны спосаб лячэння пухлінаў. Вы, напэўна, думаеце – вось ён, самы «правільны» спосаб: няма органа – няма праблемы. Яно-то так, ды не зусім.
Выразаць пухліну і на гэтым паставіць кропку можна толькі тады, калі яна малая і не дала адсеву ў іншыя органы і тканкі. Таму мы і заклікаем вас, дарагія жанчыны, «прыслухоўвацца» да сваіх дарагіх-любімых органаў. І рэальна наведваць гінеколага. Тады ёсць шанц выявіць хваробу на пачатку развіцця, выдаліць хворыя тканкі і паставіць кропку. Больш за тое, калі выяўленая дабраякасная пухліна, перадрак або самы пачатковы рак, дык часам можна выдаліць толькі пухліну або хворы орган – шыйку маткі ці яечнік, а астатнія жаночыя органы (цела маткі, другі яечнік і інш.) пакінуць. За што арганізм скажа вам дзякуй.
Але калі пухліна не вельмі маленькая, дык выконваюць вялікія, так званыя, тыпавыя аперацыі, калі выдаляюць матку, прыдаткі, клятчатку з лімфатычнымі вузламі, сальнік (ёсць такі орган, які «сілкуе» органы страўнікава-кішэчнага тракта) і сёе-тое яшчэ – па сітуацыі.
Бывае, усю пухліну выдаліць не атрымліваецца. З-за пераходу на іншыя тканкі ў выпадку раку яечнікаў і раку цела маткі выразаюць яе па меры магчымасці. І лячэнне абавязкова дапаўняюць іншымі спецыяльнымі метадамі: прамянёвай і/або лекавай тэрапіяй, напрыклад. А ў выпадку распаўсюджанага раку шыйкі маткі аперыраваць нельга. Бо «рэзаць» па гэтай пухліне – значыць, распаўсюджваць ракавыя клеткі па іншых органах і тканках. Так што метад «працуе» ў канкрэтных сітуацыях з улікам лакалізацыі раку, яго гісталагічнай структуры, ступені распаўсюджвання, спадарожных хваробаў, узросту.
У асобных выпадках у анкалагічнай практыцы выконваюць лапараскапічныя аперацыі: робяць маленькія разрэзы скуры, праз якія ў жывот уводзяць металічныя трубачкі з аптычнай сістэмай і маніпулятарамі. Гэтыя аперацыі малатраўматычныя і не патрабуюць працяглай шпіталізацыі. Але зноў жа! Яны – самастойны метад лячэння пры пачатковых формах хваробы. Пры распаўсюджаным раку лапараскапічныя ўмяшанні выкарыстоўваюцца для агляду органаў брушной поласці з дыягнастычнай мэтай.
Існуюць аперацыі праз сасуды, або «эндаваскулярная» хірургія: праз маленькія разрэзы на скуры ў сасуды ўводзіцца правадыр і праштурхоўваецца да маткі. Калі ў жанчыны матка «крывіць» і спыніць крывацёк лекамі і тампанаваннем похвы не атрымліваецца, дык названым вышэй шляхам «затыкаецца» маткавая артэрыя. Шлях крыві перакрываецца, і крывацёк часова спыняецца (ў сярэднім да 21 дня).
Хачу звярнуцца да тых жанчын, якія, наслухаўшыся суседзяў, сяброў, настойваюць на пэўным відзе лячэння. Напрыклад: «Хачу аперацыю. Зрабіце!» Рашэнне пра тое, аперыраваць ці не, прымае кансіліум урачоў на падставе вынікаў абследавання вашага арганізма, індывідуальна, узважыўшы ўсе «за» і «супраць». А не таму, што так захацелася вашаму ўрачу. Таму ўважліва ўслухайцеся ў доказы ўрачоў на карысць таго ці іншага метаду лячэння.
Як падрыхтавацца да аперацыі поўным жанчынам
Нярэдка нашы пацыенткі вельмі поўныя. Да прыкладу, самая «буйная» жанчына, якую я аперыравала, важыла 164 кг.
Часта ўрачы, прызначаючы дату аперацыі, кажуць: «Паспрабуйце схуднець». Зразумела, што кажуць таропка, без канкрэтных рэкамендацый. Такім чынам, што ж трэба зрабіць для гэтага?
- Галадаць нельга – імунітэт пацерпіць.
- Трэба абмежаваць тлушчы і вугляводы. Жывёльны тлушч і харчовы цукар есці не трэба.
- Трэба есці бялкі, складаныя вугляводы, раслінны тлушч (1-2 ст. л. у дзень), гародніну і садавіну. Кашы раніцай, а гародніну – без абмежаванняў у любы час.
- Настойліва рэкамендую свежавыціснуты маркоўны сок 1/3 шклянкі раніцай нашча. Можна і іншыя свежавыціснутыя сокі: буракі, рэпа, рэдзька, салера, яблыкі, цытрусавыя, калі іх пераносіце. З трэцяга дня пасля аперацыі прыём свежавыціснутых сокаў варта паступова аднавіць (1/5, 1/4, 1/3, 1/2 шклянкі паэтапна на дзень).
- Калі не атрымаецца рыхтаваць свежавыціснутыя сокі, піце адвар шыпшынніку, настоі сухафруктаў (курага, яблыкі, грушы і інш.). Пазбягайце гатовых (куплёных) сокаў і не захапляйцеся моцна мінеральнай вадой.
- Калі вас перавядуць на «агульны стол», дадаткова ешце разынкі, арэхі, курагу, садавіну і гародніну.
У цэлым, да аперацыі трэба рыхтавацца загадзя і думаць пра яе пазітыўна – тады вынікі будуць лепшымі: лягчэй перанесяце наркоз і выхад з яго, раней апрытомнееце і пачняце рух, хутчэй зажыве рана і хутчэй пойдзеце дадому.
Парада з «народнага» досведу
Калі я была яшчэ студэнткай, дык наведвала блізкую сваячку пасля аперацыі, якая перанесла яе даволі добра: рана гаілася выдатна, жанчына ўжо ўстала на ногі. Яна падзялілася сакрэтам: гэта таму, што па парадзе жанчын, якія ляжаць у аддзяленні, за 3 дні да аперацыі з'ела парэзаны лімон з мёдам. Вось вам і народная мудрасць: вітамін С + «мора» мікраэлементаў у мёдзе! Слушная парада!
Што рабіць пасля выдалення малочнай залозы і палавых органаў
Пасля хірургічнага ўмяшання на малочнай залозе ў выніку выдалення часткі ці ўсёй залозы парушаецца лімфаадток і кроваток. Рука на баку паражэння ацякае, можа ўзнікнуць боль у плечавым суставе з абмежаваннем рухомасці.
Аналагічныя праблемы часам узнікаюць пасля аперацыі з нагоды раку шыйкі маткі, калі выдаляюць лімфатычныя вузлы ў тазе. Нага можа ацякаць, балець і абцяжарваць рух. Гэты стан называецца лімфастазам. Урач прызначыць вам мясцовае і агульнае лячэнне для паляпшэння работы сасудаў і адтоку лімфы ад канечнасцяў.
З прычыны аперацыйнай або камбінаванай траўмы пасля лячэння раку малочнай залозы або маткі можа ўзнікнуць артроз верхніх або ніжніх канечнасцяў (дэгенератыўна-дыстрафічнае пашкоджанне сустава без абмежавання яго функцыі). Павінна сказаць, што гэта здараецца вельмі рэдка.
Аднак варта ведаць, што пры пералічаных з'явах (лімфастазе і артрозе) неабходна як мага раней пачынаць лячэбную гімнастыку. Падчас лячэбнай гімнастыкі не варта ўзмацняць болевыя адчуванні, перш за ўсё трэба навучыцца расслабляць мышцы і вырабляць пасіўныя практыкаванні, паступова павялічваючы іх колькасць.
Праз 2 тыдні пасля аперацыі з дазволу анколага неабходна штодня рабіць практыкаванні, якія спрыяюць умацаванню мышачнага апарата плечавага пояса і павелічэнню аб'ёму ў плечавым суставе на аперыраваным баку – пры раку малочнай залозы або тазасцегнавых суставаў – пры раку геніталій.
У першыя паўгода пасля аператыўнага ўмяшання з нагоды малочнай залозы не варта хворай рукой падымаць цяжар больш за 2 кг, а лепей насіць да 1 кг.
Руку варта берагчы ад удараў, траўмаў, апёкаў. Рука не павінна працяглы час знаходзіцца ў адным нязручным становішчы або быць апушчанай уніз.
Пасля аперацыі з нагоды раку геніталій таксама нельга насіць цяжар больш за 2 кг да паўгода і 4 кг – да года.
Чытайце ў наступным артыкуле >>>
https://bel.24health.by/pramyanyovaya-terapiya-ginekalagichnaga-raku-chym-dapamozha-i-yak-adnavicca-paslya-apramenvannya/
Фота Ірыны Касенкі – Яўген Крэч.