Site icon Слушна

«Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!»

Сёння светла і ўрачыста на душы ў тых, хто святкуе Божае Нараджэнне. І няхай сабе складаны час унёс свае карэктывы… І не ўсе могуць у гэты адметны дзень наведаць касцёлы… Але пачуцці, якімі поўняцца душы і сэрцы, застаюцца нязменнымі. Бо так было шмат стагоддзяў да нас. Так ёсць. І так абавязкова будзе – заўсёды.

Каталіцкае Раство. Божае нараджэнне.

І нават калі вы святкуеце Раство не 25 снежня, а 7 студзеня… Усё роўна пэўная магія дня адчуваецца, здаецца, у самім паветры. А паколькі вельмі часта ў адной сям’і ёсць і каталікі, і праваслаўныя… Дык даўно ўжо там святкуюць Божае Нараджэнне двойчы… Бо галоўнае – вера. Якая заўсёды з чалавекам.

Асабіста я сёння магу ў чарговы раз прыгадаць, як вабяць мяне касцёлы. Якімсьці адчуваннем унутранай свабоды. Як цягне мяне падчас вандровак пасядзець там хаця б пяць хвілін… Так было і ў Гервятах. Вось адчуваю, што маё – і ўсё!

Вельмі хочацца хаця б калі-небудзь пабываць у касцёле менавіта 25 снежня, ды ўсё ніяк не наважуся. І не магу сказаць, гэта простая цікаўнасць ці сапраўды патрэба душы. Таму і вагаюся. І ў чымсьці нават зайздрошчу сваім знаёмцам-вернікам, якія ідуць туды са шчырымі ўсмешкамі і светлымі абліччамі…

А вы ведаеце, што да аб’яўлення савецкай улады ў 1917 годзе беларусы святкавалі менавіта Раство, а не Новы год?! Хаця іх рэлігійнасць не замінала і Каляды спраўляць. Дакладней, наадварот.

Да прыходу хрысціянства нашыя продкі спраўлялі Каляды як свята зімовага сонцастаяння… А затым прыйшлі традыцыі Раства… Нам жа, выхаваным у савецкай школе атэістам, даспадобы прыйшоўся якраз-такі Новы год…

Але ўсё мяняецца з узростам. І многія прыходзяць у храм не таму, што гэта модна, а сапраўды па поклічу сэрца. І нават тыя, хто туды не ідзе, у глыбіні душы вераць… У кагосьці ці штосьці.

Таму і хочацца 25 снежня паслухаць чароўныя словы малітвы (а я так люблю беларускую мову з польскім акцэнтам!), крыштальна-празрыстыя спевы, асабліва дзіцячыя… Таму і ставяць многія ялінкі і ўпрыгожваюць сваё жытло менавіта да свята Божага Нараджэння.

Але галоўнае, вядома ж, не знешнія атрыбуты. Хаця і яны вельмі важныя для стварэння адпаведнага настрою. Галоўнае – тое, што пануе ў сэрцах, душах і думках тых, хто верыць: любоў, любасць, замілаванне, дабро, дабрыня…

І нават калі камусьці з нас не дадзена спасцігнуць таямніцу, ніхто не замінае проста радавацца разам з усімі, спадзявацца на лепшае, рабіць добрыя справы, віншаваць, дарыць падарункі… І проста множыць дабро ў Сусвеце… І гэта не прыгожыя словы, а самыя сапраўдныя адчуванні, імкненні душы.

Чымсьці поўніцца ў гэтыя святочныя дні прастора вакол нас. І гэтае штосьці натхняе. У тым ліку – і на мастацкія творы.

Недарэмна ж, напрыклад, у Марылі Мякоты, маці Максіма Багдановіча, якая была родам з нашага старажытнага Ігуменя (сучаснага Чэрвеня), для друку ў далёкім 1893-ім у рэдакцыі «Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў» выбралі апавяданне «Напярэдадні Раства» («Накануне Рождества»). І толькі яно захавалася да нашага часу. Містыка? Магія? Дакладна – цуд!

І так хочацца пажадаць гэтага цуду ўсім… Усім разам – і кожнаму паасобку. І не чагосьці ўяўнага, а самага сапраўднага. Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

Exit mobile version