Усе мы верым у цуды, праўда?! Ці хаця б хочам верыць. Незалежна ад узросту, матэрыяльнага становішча, пасады… І нават той чалавек, хто ўслых прамаўляе: «Цудаў не бывае!», таксама верыць. Няхай сабе і так, як казаў герой Андрэя Мягкова ў фільме «Службовы раман», хаця і пра іншае: «У глыбіні душы… Дзесьці дужа глыбока...»
Асабліва хочацца верыць у вылячэнне-ацаленне, праўда?! У складанай сітуацыі і няверуючы ў думках звяртаецца калі не да Бога, дык да вышэйшых сілаў. З такім спадзяваннем: «А раптам?!» І цуды сапраўды здараюцца. Не так шмат, вядома, як хацелася б… Але…
Так, лекар Панцеляймон, які асабліва добра вылечваў ад галаўнога болю. Прычым самы сапраўдны ўрач, але пры гэтым дапамагаў людзям без аплаты. За што, уласна кажучы, і пацярпеў. А яшчэ ён лічыцца нябесным абаронцам воінаў. Так што калі прасіць аб фізічным і духоўным вылячэнні, дык гэта яго.
Але традыцыйна народнае і царкоўнае пераплятаюцца яшчэ са старажытнасці даволі моцна: адно можа накладацца на другое і наадварот. Так, лекар Панцеляймон дэманстраваў цуды вылячэння зёлкамі, але пры гэтым звяртаючыся да Бога. І нават адлюстроўваўся ён на выявах ды абразах з куфэркам, у які тыя самыя зёлкі і складзеныя (праўда, па іншым меркаванні туды змяшчаліся лекі).
Таму і лічылася ў народзе, што сабраныя ў гэты дзень, 9 жніўня, травы маюць вялікую ацаляючую сілу. Праўда, паглядзеўшы на спіс раслін, што раяць назапашваць менавіта ў гэты дзень, трохі здзівілася: плакун-трава (святаяннік), адалень-трава (гарлачык белы), прастрэл-трава (казялец з'едлівы), цар-трава (купальніца)…
Бо святаяннік жа, напрыклад, ужо даўно адкрасаваў. Таму яго так і называюць, што цвіце на святога Яна (Купалле, 7 ліпеня). Але ў народзе лічаць, што травы, сабраныя на Панцеляймона, засцерагаюць ад нячыстай сілы і ўсіх хвароб.
А яшчэ калі іх асвяціць у царкве, затым высушыць і зберагаць усю зіму, беручы па патрэбе… Панцеляймону прыпісваюць і адкрыццё валяр’яну лекавага. Ён вяртаў людзям жыццёвыя сілы і душэўны супакой.
Калі зірнуць на гэты дзень больш пільна, дык убачым, што нашы продкі шанавалі яшчэ і Міколу Качанскага, капусніка. Лічылася, што капуста з 9 жніўня пачынае ў качаны завязвацца. Больш за тое! Каб дзіця добра вучылася, яму трэба з’есці сёння хаця б крыху капусты. Думаю, і астатнім тое не зашкодзіць. І не толькі 9 жніўня.
Бо капусту ўпадабалі яшчэ рымскія легіянеры: лічылася, што яна робіць людзей моцнымі і цягавітымі. Белакачанная капуста – гэта вітаміны В і С, РР, фоліевая кіслата (звяртаем увагу, дзяўчаты!), калій, цынк, жалеза, марганец ды іншае. Яна стымулюе абмен рэчываў, можа быць абязбольвальным і супрацьзапаленчым сродкам. Здаўна шырока прымяняецца ў народнай медыцыне.
Магу сказаць з уласнага вопыту, што ліст капусты, пакладзены на лоб, сапраўды здольны «забраць» галаўны боль. Так што ў гэтым і Панцеляймон, і Мікола-капуснік дапаўняюць адзін аднаго.
Пра паказанні і супрацьпаказанні больш падрабязна шукаем у сеціве, бо інфармацыі вельмі шмат. Праўда, дзесьці супярэчлівай. Таму ўсё ж трэба меркаваць найперш па ўласным самаадчуванні, ідзе вам капуста ці не. А ў народзе прынята сёння пячы пірагі з капустай!
Што датычыцца народных прыкмет у гэты дзень… Здаўна лічылася, што дзіця, якое нарадзілася 9 жніўня, будзе добрым урачом. Цікава, а ці ёсць сярод вас, сябры, такія?!
Таксама лічылася, што сёння нельга працаваць на полі: навальніца ўвесь хлеб спаліць. Бо ў гэты дзень яшчэ і Палей-палі копы. У царкве асвячалі хлебныя каласы, якія пасля захоўвалі дома.
Між іншым, безадносна да гэтага дзейства ў нас адным з галоўных упрыгажэнняў кухні ўжо не першы год з’яўляецца букет з каласкоў розных зерневых культур (штогод замяняецца) і падораных калісьці саламяных кветак. Чымсьці прыветным, вяскова-сялянскім патыхае ад яго. І так хораша робіцца на душы…
Так што сёння прыгадваем святога Панцеляймона, просім пра вылячэнне, дбаем пра ўласнае самаадчуванне і… Будзьце здаровымі!