Народны каляндар
29 лістапада – Мацей (Мацвей). У гэты дзень раяць не надзяваць вопратку чырвонага колеру і не дужа часта глядзецца ў люстэрка.
Яшчэ ў сярэдзіне тыдня прагноз надвор’я паабяцаў нам лёгкі марозік і мокры снег напрыканцы яго, у выхадныя, на пачатку тыдня новага... «Няўжо сёлетняя зіма вырашыла ўзяцца за розум?!» – падумалі мы з заўсёдным недаверам ды скептыцызмам. Зрэшты, пажывём – пабачым, якім ён будзе, гэты снежань-2020. А пакуль праводзім лістапад і разам з ім – спадарыню Восень.
Сёння ў народным календары – Мацвей (Мацей). А на Мацея, як вядома, зіма «пацея». Гэта значыць, што сярод лістападаўскіх маразоў надараліся адлігі. І першая ж народная прыкмета-назіранне на гэты дзень: «Калі халодна, зіма будзе лютая. А калі цёпла ды дажджы, дык і зіма мяркуецца цёплай і мяккай». Адпаведна, калі штосьці няўцямнае, дык і зіма будзе такой жа?!
«На Мацвея буяныя вятры – быць віхурам да Міколіна дня» (19 снежня). Ух ты… Мяркуючы па тым, як яшчэ напрыканцы лістапада тыя вятры стараліся-завіхаліся… Вось не хацелася б. Бо якімі б ні былі вокны і дзверы на лоджыю сучаснымі, а дзесьці, мабыць, праз цэглу сценаў паддзімае ўжо. Шматпавярхоўцы-то – не жартачкі! – 39-ы год ідзе… Складалася ўзімку, з парушэннем многіх тэхналогій. Таму і атрымалася такая няўдалая…
Але тады, за савецкім часам, якая гэта была радасць – свая кватэра! Тым больш, што год давялося жыць у Чэрвені ў здымным жыллі – звычайнай хаце з пячным ацяпленнем, крыху наводшыбе, хаця і на вуліцы ў шэрагу іншых хатаў. Дзе ўночы праз цябе мог прабегчы пацук…Таму так радавалася мая мілая мамачка, калі мы атрымалі гэтую кватэру…
Але вернемся да капрызлівага надвор’я. Варажыць на яго ў наш час – справа няўдзячная. Бо звычайна рыхтуешся да аднаго, а зусім іншае прыходзіць-прылятае. І ўсё ж хаця б адным вокам зірнем на тое, што прыкмячалі даўней нашыя продкі.
«У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха», «Мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багаты», «Снежань сцюжны з зімою дружны», «Сухі снежань – сухая вясна, сухое лета», «Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве», «Снежань замосціць і загвоздзіць», «У снежні сем надвор’яў на дварэ: вее, дзьме, кружыць, ірве і мяце».
Ну вось такі ён, першы месяц зімы. Класічны. Які быў калісьці… А цяпер… Чакаць? Не чакаць ад яго класічных «паводзінаў»? Невядома…
Настройваючыся на праводзіны восені, дарэчы было б сёння, на Мацея, схадзіць у госці ці прыняць гасцей у сябе… Як было ў традыцыях нашых продкаў у гэты дзень. Нягледзячы на Піліпаўскі пост, які пачаўся ўжо… Але ж… Пандэмія каранавіруса. І групы рызыкі ніхто не адмяняў. І хаця «Худы Мацвей, калі не ўгасціў гасцей», але лепей жывыя стасункі ўсё ж замяніць на віртуальныя… А папіць гарбаты ці кавы можна і па відэасувязі… Разам… 🙂
Раней гэта рабілі, у асноўным, па скайпе. А зараз такі выбар розных платформаў ды пляцовак! І такое ўражанне, што сапраўды чалавек у тваёй кватэры… Побач…
Для тых, хто яшчэ не зайшоў па спасылцы на пачатку гэтага допісу да мінулагодняга майго Мацея, коратка нагадаю, чаго не варта рабіць сёння: выходзіць з дому ў вывернутым адзенні, свісцець, садзіцца на стол, хадзіць па доме ў адным чаравіку і шукаць другі. Таксама раяць не надзяваць вопратку чырвонага колеру і не дужа часта глядзецца ў люстэрка.
А вось чаму? Не ведаю… Нашыя продкі такія… выдумшчыкі. Штосьці прыдумаюць, а ты мяркуй: а раптам спраўдзіцца?! А можа, і не выдумшчыкі?! Можа, усё гэта – праўда? Але з благім дык лепей не правяраць.
… Сыходзіць ад нас вельмі турботная чарговая восень. А першы месяц зімы, ён жа – апошні ў годзе, як заўсёды, праляціць вокамгненна. І мы будзем ужо сустракаць год наступны. Хтосьці – у радасці, а хтосьці – і ў горы непазбыўным, што напаткала сёлета. А я кажу: «Да наступнай сустрэчы ў снежні, сябры! Будзьма разам!»