За што ў старажытнасці, паводле ўяўленняў нашых продкаў, людзей магла напаткаць кара альбо пакаранне ў выглядзе хваробы? Перад якім няпростым выбарам, часцяком цаною ў дзіцячае жыццё, маглі апынуцца бацькі хворага дзіцяці пры звароце па дапамогу да знахара? Калі ў вёсцы выраблялі абыдзённік і чым ён мог дапамагчы падчас эпідэмій? Працягваем гутарыць з даследчыкам народных традыцый Таццянай Валодзінай.
Спадарыня Таццяна, у першым інтэрв’ю вы казалі, што бачыце выніковасць народнай медыцыны ў пэўнай ступені ў тым, што яна складае назад усё разбуранае, а не лекуе адзін якісьці фрагмент. А ці чулі вы калі пра выпадкі рэцыдываў пасля такога лячэння? Ці бывае, што пасля лекавання хвароба вяртаецца назад?
Вядома ж, такія выпадкі ёсць. А даследаваць гэта проста нерэальна…
Атрымліваецца, што і ў народнай медыцыне няма ніякіх гарантый?
Так, няма. Праўда, вытлумачэнні розныя. Хтосьці не трапіў на дух знахара, на кроў і г.д. Там цэлы шэраг прычынаў. Але здараліся і выпадкі, калі сапраўды пазбаўляліся ад хваробы практычна назаўсёды. І гэта я ніколі для сябе не патлумачу…
Напрыклад, як даўней замаўлялі зубы? Самае першае правіла: да знахара павінен быў прыйсці той чалавек, які ніколі не быў у стаматолага. Калі быў – усё, замовы не дапамогуць! А калі не быў і прыйшоў… Бабуля адна распавядала, што так ёй лячылі. Усе зубы ад старасці затым пападалі. Але ні разу не балелі! І такі выпадак не адзінкавы…
Сапраўды, цікава! Але зараз наўрад ці знойдзецца шмат тых, хто ні разу не быў у стаматолага. Калі нават у маленькіх дзетак ужо карыес…
Альбо з той жа эпілепсіяй, дзіцячай асабліва, так званым радзімцам у народнай тэрміналогіі… Таксама былі выпадкі: калі ты схадзіў да доктара з гэтым, дык народная медыцына цябе не возьме. Маўляў, трэба звяртацца адразу. Толькі тады можна спадзявацца на поспех.
Няўжо штосьці змяняецца ў аўры пасля медыцынскага ўмяшання?!
Не магу тлумачыць і не буду фантазіраваць. А распавяду пра тое, што чула і запісвала. Калі ў дзіцяці часта здараліся канвульсіі і бацькі з гэтым ішлі да знахара, дык існаваў такі прынцып. Ён мяне таксама вельмі ўразіў, і я ўнутрана не магу яго пераварыць.
Ішла маці да знахара, а той казаў: «Я табе дам вады. Але ты павінна ведаць: ад яе альбо дзіця ачуняе, альбо зараз жа памрэ… На працягу сёння-заўтра…»
І вось як маці на гэта рашыцца?! Мы і зараз за апошнюю саломінку хапаемся, толькі каб жыло гэтае дзіця… А тут трэба было абсалютна свядома выбіраць і знахару, і маці ці бабулі. Вось ты прынёс гэтую ваду, даў… І дажыві да заўтра, чакаючы, што з тваім дзіцем будзе… І такіх выпадкаў шмат, калі расказвалі, што дзіця памерла. Але ў большасці выпадкаў казалі: «І больш ніколі мы пра тыя прыступы не чулі». І пачынае тая бабуля паказваць партрэты: «Во ён у мяне дырэктар завода…»
Абсалютна невытлумачальна. І… Мароз па скуры! Але ж сапраўды такое было даўней…
Прычым мне не пра адзін выпадак распавядалі. Гэта была тэндэнцыя, заканамернасць.
У другім нашым інтэрв’ю мы размаўлялі пра тое, што замовы – гэта таксама невытлумачальная з’ява. І не ўсім дадзена імі скарыстацца. А можаце прывесці які прыклад гэтага?
Распавяду пра папулярны матыў так званых былічак. Гэта ўжо не зусім народная медыцына, але… Захацеў адзін чалавек навучыцца чараваць. Ёсць жа чараўнікі, мы не будзем гэтага адмаўляць. Можам называць іх проста «злыя людзі» – карыстаючыся сённяшняй тэрміналогіяй.
І вось ён вучыцца чараваць. Напрыклад, трапіла да яго, як бабкі кажуць, «чорная кніга». Ён пачынае яе чытаць. Трохі прачытаў… Ай, сумна, незразумела… І кінуў. Пасля гэтага чалавек і чараўніком не стаў, але штосьці ўжо ўпусціў у душу…
Працэс распачаў…
Так. Працэс распачаўся, і чалавек пачаў шкодзіць людзям, нават таго не хочучы. Больш за тое – ён пачаў разбурацца сам! І цэлы шэраг апавяданняў у народзе, што ў яго пачынаюцца беды, адхіленні ў псіхіцы, ён фактычна пачынае розум губляць. І гэта пацверджанне таму, што не заўсёды трэба, каб чалавеку трапіла тое, што яму не дадзена.
Што ж тычыцца больш-менш бяскрыўднага… Памятаю, спрабавала ў дзяцінстве на жабу падыхаць, каб пазбавіцца ад болю ў горле, як мама параіла. Жабу ўлавіў старэйшы брат, прынёс. Але як толькі я пачала на яе дыхаць, жаба вырвалася, забілася пад канапу… І мы яе адтуль усёй сям’ёй качаргой даставалі. На гэтым усё мае лячэнне і скончылася…
Зразумела. А як суадносяцца замовы і вера ў Боскае?
Паўтаруся. Увесь мой багаты 30-гадовы вопыт камунікавання з бабулямі сведчыць, што ўсе гэтыя людзі – шчырыя хрысціяне. Гэта людзі, якія вераць у Бога, якія ўпэўненыя, што яны дапамагаюць ад Бога і праз Бога, праз яго пасрэдніцтва, наўпрост праз яго і г.д.
Ніводная з гэтых бабуль ці дзядуляў не сказала, што гэта яны лечаць якойсьці сваёй сілай. Маўляў, я, мой дух… Пры гэтым заўсёды падкрэсліваецца: «Я прашу Бога», «Бог мне дапамагае».
А вось цікава, як увогуле нашыя продкі ставіліся да здароўя і хваробаў? Як да Боскага пакарання, праклёну ў сёмым калене ці па-іншаму?
Вельмі складанае пытанне, са сваёй міфалогіяй. Калі звярнуцца да зусім далёкіх дахрысціянскіх часоў… Зноў жа, мы не можам сцвярджаць, што гэта было менавіта так, бо яно нідзе не прапісанае. Затое сустракаецца ў дахрысціянскіх крыніцах нашых суседзяў, у якіх захаваліся такія дакументы…
Дык вось сапраўды лічылася, што хвароба – гэта бяда, тое, што выпадае з нормы. Гэта адназначны мінус. Хворага напачатку практычна і не лекавалі, выжываў сам. У дахрысціянскія часы большасць хваробаў разумелі, як вынік умяшання самых розных духаў і дэманаў. І тады лекаванне зводзілася да іх выгнання.
І нават ёсць такая версія, калі чалавек са стану дзікасці перайшоў да цывілізацыі. Першы паказчык – гэта калі знайшлі пры раскопках у агульных пахаваннях чалавека, у якога быў пералом шыйкі сцягна. Гэта значыць, што ён не хадзіў.
Але гэта ж азначае, што побач з ім знайшліся людзі, якія яго не кінулі, каб звяры з’елі. Хтосьці на плячах яго нёс, дзесьці паклаў, карміў, даглядаў, а потым пахаваў. І вось вам ужо нейкая медыцына. Няхай прымітыўная, на ўзроўні догляду…
А пасля прыйшло хрысціянства…
… і з’явіліся думкі, што хвароба – гэта Боскае пакаранне. Чалавек саграшыў і гэтак мусіць выкупіць свой грэх. І наступнае ацаленне – калі ты пройдзеш гэтае выпрабаванне. Ці такі пастулат: «Калі ты церпіш тут, дык будзеш выбаўлены ТАМ…»
Хаця ніхто дагэтуль АДТУЛЬ не вяртаўся. І ўвогуле невядома, ці ёсць якое ТАМ…
Мы не будзем гэта абмяркоўваць. Хачу толькі зазначыць, што ў народнай традыцыі – той, якую мы заспелі на ўзроўні запісаў ад нашых продкаў, гэтыя дзве канцэпцыі паяднаныя. З аднаго боку – тое, што хвароба – гэта дрэнна, гэта адступленне ад нормы, і гэта азначае, што ты парушыў пэўныя правілы.
Хвароба ў традыцыйнай свядомасці беларусаў – гэта кара, пакаранне. Але кара і пакаранне – крыху розныя рэчы. Кара – Боская, пакаранне – за тое, што ты парушыў правілы, на якіх трымаецца Сусвет. А правілы могуць быць, напрыклад, у дачыненні да людзей. Ты зайздросціў, хлусіў, краў, і за гэта можаш быць пакараным такім чынам – хваробай.
Правілы ў дачыненні да наваколля, прыроды. Да зямлі, вады, агню, Месяца, Сонца. Ты паказваў рукой на Сонца. Ты не выконваў шэраг правілаў, і за гэта Месяц цябе засвеціць, агонь нашле вогнік, вецер падвее і г.д. Ад зямлі і ўвогуле шмат хваробаў.
Ну і, натуральна, правілы ў дачыненні да ўсіх нябачных насельнікаў нашага космасу: памерлых, дамавікоў… У нашых продкаў была такая багатая сістэма правілаў! Не туды стаў, не там перайшоў, зругаўся, не паклаў ахвяру, пайшоў у лазню мыцца пасля апоўначы…
Таму тут прычынаў для хваробаў у традыцыйным разуменні – шмат. І да іх дадалася хрысціянская трактоўка. Яна проста ўвайшла ў гэты вялікі космас.
І што цяпер атрымліваецца?! Гэтыя веды шырока не распаўсюджваюцца. Ужо не так перадаюцца з пакалення ў пакаленне, асабліва гарадскім дзецям-унукам… І што нас чакае ў будучым?
Так, шкада і крыўдна, што адыходзіць такая культура. Вельмі шкада! Але ўсё ж такі яна абапіралася і выцякала трошкі з іншага светабачання.
І жыццё было іншым…
Так! У тым-то і справа. Зараз няма такога яднання з прыродай. І я не магу сабе нават уявіць штучнага навучання гэтай мудрасці. Хутчэй за ўсё, яно нічога не дасць. Так, мы можам яшчэ штосьці ўлавіць. І на сёння можам, па-першае, максімальна зафіксаваць тое, што ёсць. А па-другое, прывіваць сённяшняму пакаленню павагу да таго, што было. Не накідваць на гэта мярзотны ярлык «бабскія забабоны», а ставіцца як да комплексу, няхай нам і незразумелага, але які мае права на існаванне і павагу. Вось гэта важна.
На нашым інфармацыйным партале Здаровыя людзі ёсць матэрыял журналіста Валянціны Мохар пра эпідэміі 19 стагоддзя на тэрыторыі тагачаснай Беларусі. Вельмі пазнавальна. А як у народзе ставіліся да гэтых эпідэмій? І ці бараніліся ад іх, выкарыстоўваючы народныя традыцыі?
Значыць, як лячылася наша беларуская вёска, як ратавалася ад вялікіх эпідэмій? Вядома ж, зачынялі межы, гэта праўда. Але гэта падмацоўвалася закрыццём межаў рытуальных. Усю вёску трэба было абараць. Саху ці плуг цягнулі на валах ці конях, рабілі гэтую баразну. Абчэрчвалі той жа галавешкай, абносілі агнём абавязкова. Рабілі абыдзённік, абыходзілі з ім вёску і г.д. Выраб абыдзённіка тут лічыўся моцным сродкам.
А што гэта такое?!
Калі пачыналася эпідэмія ці іншая бяда – прыйшлі фашысты, дзеці паміраюць, жывёла мрэ, дык збіраліся жанчыны. Кожная прыносіла з сабой трошкі ільну. І трэба было за суткі, за адзін дзень выткаць ручнік. Адна чэша, другая прадзе нітку, трэцяя запраўляе кросны, наступная тчэ… Гэта можа і 5 жанчын сабарацца, і 20… І гэта такі цэлы працэс цягам дня ці сутак. Затым ручнік-абыдзённік урачыста абносіўся вакол вёскі і ахвяраваўся. Альбо ў царкву, альбо на крыж вешаўся. Гэта выключна жаночы абрад.
А мужчыны ў гэты час ідуць у лес, высякаюць дрэва, чэшуць, робяць крыж, ставяць яго на ростанях. Таксама могуць напачатку з гэтым крыжам абысці вёску. Дарэчы, я летась сама брала ўдзел у вырабе абыдзённіка.
І гэта дзе?!
У Мінску. З дзяўчатамі са студэнцкага этнаграфічнага таварыства. І нават абвозілі абыдзённік вакол Мінска. Але, зразумела ж, гэта была свядомая рэканструкцыя…
Але, тым не менш…
Вядома ж! Усё гэта жывое, і ў часы крызісаў яно ўсплывае.
Яшчэ лічылася, што ўсю гэтую хваробу можна… выкурыць. Розныя пахучыя рэчы спальвалі і курылі дымам. Прычым як на вуліцы, так і на парозе ў хаце, канкрэтна над чалавекам… Але не шапталі. Падчас эпідэмій назіраўся такі вясковы ўздым, калі ўвесь соцыум аб’ядноўваў сваю волю, каб супрацьстаяць бядзе.
Фота аўтара, з архіва Таццяны Валодзінай і адкрытых інтэрнэт-крыніц
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by