Site icon Слушна

Хваробы шчытападобнай залозы. Хто ў групе рызыкі і чаму важны ёд

Хваробы шчытавіднай залозы

Распаўсюджанасць захворванняў шчытападобнай залозы высокая ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Разам з тым, клінічна значных хваробаў гэтага органа не так і шмат. У нашай краіне сярод усіх выпадкаў эндакрыннай паталогіі, захворванні шчытападобнай залозы складаюць прыкладна 40% (ці крыху больш за 400 тысяч выпадкаў).

Найбольш сустракальнай паталогіяй у беларусаў з'яўляецца гіпатэрыёз (паніжаная функцыя шчытападобнай залозы). Радзей – тырэятаксікоз (павышаная функцыя шчытападобнай залозы), а таксама злаякасныя новаўтварэнні.

Дарэчы, у апошні час актыўна вывучаецца тэорыя пра ўплыў на развіццё паталогій шчытападобнай залозы, у прыватнасці – анкалагічных хваробаў, эндакрынных дызраптараў. Гэта група хімічных злучэнняў, якія могуць пранікаць у глыбіню клеткі, звязвацца з ядзернымі рэцэптарамі і выклікаць змены на клетачным узроўні. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў праграме СААЗ па вывучэнні ўплыву эндакрынных дызраптараў на эндакрынную функцыю, у тым ліку на шчытападобную залозу.

Калі трэба звяртацца да ўрача

Шчытавідка

Паводле слоў эндакрынолага, загадчыцы кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Таццяны Лявонавай, калі чалавек падазрае, што ў яго ёсць пэўныя праблемы са шчытападобнай залозай, яму неабходна звярнуцца да тэрапеўта (урача агульнай практыкі) альбо педыятра.

Таццяна Лявонова:
Ёсць групы рызыкі: каму на момант аварыі на ЧАЭС было да 18 гадоў, тыя, чые сваякі сутыкнуліся з праблемай шчытападобнай залозы, якая патрабавала хірургічнага лячэння, а таксама тыя, у каго было апраменьванне галавы і шыі ў дзяцінстве ці маладым узросце. Ім трэба абследавацца ў эндакрынолага і зрабіць УГД. Пры неабходнасці ўрач прызначыць лячэнне.

Спецыяліст падкрэсліла: калі змены ў шчытападобнай залозе (яна павялічаная альбо ёсць прыпухласць) бачныя візуальна, гэта падстава, каб прайсці абследаванне. Разам з тым, панаракала эксперт, нягледзячы на ўсю даступнасць дыягностыкі і медыцынскай дапамогі, да гэтага часу прыходзяць жанчыны, якія пад хустачкай хаваюць на шыі ўтварэнне па 5-10 см і больш. Але ж такое не заўважыць проста немагчыма.

Таццяна Лявонова:
Стамляльнасць, дрымотнасць, «абыякавасць да жыцця», залішняя азызласць – гэта таксама прычыны звярнуцца да ўрача.

Нагодай для наведвання дзіцячага эндакрынолага, дадала галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава, з'яўляецца залішняя маса цела альбо атлусценне, павольны рост дзіцяці, у дзяўчынак – парушэнні менструальнага цыклу, а таксама наяўнасць у блізкіх сваякоў захворванняў шчытавідкі, у тым ліку тых, якія патрабавалі хірургічнага лячэння.

Дыягностыка захворванняў шчытападобнай залозы

Захворванні шчытападобнай залозы могуць быць звязаныя як з парушэннем яе функцыі, так і структуры. Разам з тым, адчуць, што парушаная структура органа, не заўсёды магчыма. Напрыклад, невялікі вузел не будзе даваць ніякіх сімптомаў. Але калі штосьці турбуе ў вобласці шыі, лепей зрабіць УГД, каб высветліць прычыну дыскамфорту, лічыць галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Наталля Карловіч.

Пры дыягностыцы парушэння функцыі шчытавідкі ёсць шмат «падводных камянёў», а сімптомы могуць быць вельмі неспецыфічныя.

 

 
Наталля Карловіч
Галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
На некаторыя захворванні можа паказваць да 30 скаргаў. Напрыклад, слабасць і дрымотнасць. Але хто з нас не адчувае такі стан? Таму лічыцца, што калі ёсць тры і больш скаргаў з усяго комплексу сімптомаў, верагоднасць паталогіі шчытападобнай залозы вялікая, і гэта падстава яе абследаваць.

Для пацверджання альбо абвяржэння дыягназу, звязанага з функцыямі шчытавідкі, не трэба здаваць шмат аналізаў на гармоны. Для абследавання досыць праверыць ТТГ. Калі гэты гармон у норме, практычна ніколі нічога не трэба больш.

Што цягне за сабой недахоп ёду

Як распавяла Наталля Карловіч, геаграфічна Беларусь належыць да ёдадэфіцытных рэгіёнаў. Аднак Міжнародны камітэт па кантролі за ёдадэфіцытнымі захворваннямі прызнаў, што ў краіне гэтая праблема вырашаная. У крамах шырока прадстаўленая ёдаваная соль, яе дадаюць у іншыя прадукты.

Яшчэ адным крытэрыем, які пацвярджае добрую забяспечанасць ёдам насельніцтва, з'яўляецца памяншэнне частаты выпадкаў прыроджанага гіпатэрыёзу сярод дзяцей. Гэтае захворванне сёння эфектыўна дыягнастуецца, а ў рэспубліцы рэалізуецца праграма па скрынінгу згаданай паталогіі. За апошнія гады адзначана зніжэнне першасных захворванняў сярод дзіцячага насельніцтва: у 2015 годзе гэты паказчык складаў 1,41 на 100 тысяч, па дадзеных на пачатак 2020 – 1,13 на 100 тысяч.

Анжаліка Сонцава
Галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя
Гаворачы пра ёдны дэфіцыт, неабходна падкрэсліць яго негатыўны ўплыў на інтэлектуальны патэнцыял дзіцяці. Недахоп ёду і выкліканы гэтым недахоп гармонаў шчытападобнай залозы ў першыя тыдні ўнутрычэраўнага жыцця дзіцяці можа аказаць уплыў як на закладку структураў галаўнога мозгу, так і на фарміраванне і выспяванне нервовай сістэмы дзіцяці.

У норме, патлумачыла спецыяліст, прадукцыя гармонаў шчытападобнай залозы ў цяжарнай жанчыны ў першы перыяд цяжарнасці павялічваецца ў сярэднім на 30-50%. Менавіта за кошт гэтага адбываецца выспяванне і фарміраванне нервовай сістэмы плода. У другім і трэцім трыместрах ужо пачынае функцыянаваць уласная шчытападобная залоза плода. Таму вельмі важна, каб у перыяд цяжарнасці і кармлення грудзьмі жанчына атрымлівала дастатковую колькасць ёду.

У групу рызыкі па развіццю ёдадэфіцыту ўваходзяць дзеці ва ўзросце да 3 гадоў. Менавіта гэты перыяд з'яўляецца крытычным для фарміравання галаўнога мозгу. Калі дзіця недаатрымлівае ёду ці ў яго недахоп гармонаў шчытападобнай залозы, гэта таксама можа адбіцца на яго інтэлектуальным патэнцыяле.

Патрабуюць увагі з боку педыятраў і дзіцячых эндакрынолагаў падлеткі. Бо гармоны шчытападобнай залозы актыўна ўдзельнічаюць у роставых працэсах, станаўленні рэпрадуктыўнай функцыі і наступнай фертыльнасці.

Ці трэба дадаткова прымаць прэпараты, што ўтрымліваюць ёд

Эксперты адзіныя ў меркаванні, што такія прэпараты прымаць варта, толькі калі іх прызначыў урач. Бескантрольны прыём можа выклікаць рост кістаў альбо дыфузныя змены, а ў некаторых выпадках спрыяе адмоўнай дынаміцы захворвання, падкрэсліла Таццяна Лявонава.

Наталля Карловіч дадала, што захворванні шчытападобнай залозы часцей дыягнастуюцца ў жанчын пасля 40 гадоў. У гэтым узросце павялічваецца рызыка развіцця аўтаімунных захворванняў шчытавідкі. Прыём прэпаратаў, якія ўтрымліваюць ёд, можа падштурхнуць гэты працэс.

Для таго, каб атрымліваць дастатковую колькасць гэтага мікраэлемента, адзначыла Анжаліка Сонцава, не абавязкова пастаянна купляць ёдаваную соль, якая прадаецца ў крамах у пачках. Яна ўваходзіць у састаў хлеба, вады, кандытарскіх і іншых вырабаў. Багатыя на ёд марскія прадукты. Акрамя таго, не варта забывацца, што для нармальнай працы шчытападобнай залозы неабходныя таксама такія мікраэлементы, як медзь, селен, кобальт (яны ўдзельнічаюць у працэсах гармонагенезу) і бялок.

Exit mobile version