Дзень маці – свята, прысвечанае самаму дарагому, што ёсць у жыцці чалавека. Не дарма яго адзначаюць па ўсім свеце з розніцай толькі ў часе. У нашай краіне ён прыпадае на 14 кастрычніка. Дата абраная невыпадкова, яна прызначана да вялікага праваслаўнага свята. Менавіта ў гэты дзень мы надаём асаблівую ўвагу глыбокай павазе да жанчыны – маці. З гэтай нагоды прапануем успомніць гераінь, якія падарылі нам творцаў беларускай літаратуры.
«Праходзіць Пакрова – раве дзеўка, бы карова». А матуляў – са святам!
Марыя Апанасаўна Багдановіч (Мякота)
Нарадзілася ў 1869 годзе ў сям'і губернскага сакратара і наглядчыка Ігуменскай павятовай бальніцы. Належыла да старажытнага шляхецкага роду герба «Курч», назва якога паходзіла ад прозвішча сына пінскага князя Міхаіла і праўнука вялікага князя Гедыміна. У сям’і, акрамя Марыі, было яшчэ чацвёра дзяцей.
Прывітанне, Максім! Прывітанне, Марыля! Памятаем і ганарымся…
На жаль, калі яна была яшчэ маленькай, бацька захварэў і ў хуткім часе памёр. Пасля страты карміцеля ўзнікла складанае матэрыяльнае становішча, маці была вымушана перавесці малых ў дзіцячы прытулак. Вядома, можна зразумець непрыемнасць абставін, але для Машы гэты выпадак стаў шчаслівым квітком. Яе стараннасць, талент и прыгажосць заўважыла жонка губернатара Ларыса Паўлаўна Пятрова і забрала дзяўчынку дадому. Дзякуючы губернатарцы, Марыя скончыла Аляксандраўскае вучілішча і атрымала вышэйшую адукацыю настаўніцы ў Санкт-Пецярбургу.
Падчас вучобы яна любіла чытаць і спрабавала сябе ў літаратурным слове. Нават будучы муж заўважаў, што яе лісты дзівілі і дакладнасцю назіранняў, і жвавасцю, і прыгажосцю мовы. У дзевятнаццаць год яна выйшла замуж за настаўніка Адама Ягоравіча (бацька Максіма Багдановіча), якому на момант вяселля было дваццаць шэсць. У іх нарэдзілася трое сыноў і дачка. Калі Марыя Апанасаўна памерла ад сухотаў, ёй было дваццаць сем, а Максімку ўсяго пяць... Нягледзячы на такі кароткі час разам, у маці атрымалася перадаць сыну самае каштоўнае, у тым ліку любоў да музыкі і літаратуры. У іх нават быў агульны любімы музычны твор — «Элегія» Жуля Маснэ.
Надзея Васільеўна Караткевіч (Грыневіч)
Надзея Васільеўна з’яўляецца нашчадкам шляхецкага роду Грыневічаў. Яе продкі ў 1551 годзе атрымалі ад князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста прывілей на валоданне маёнткамі Дуброўка, Жываціна, Сожына і Язьва Мсціслаўскага княства.
Нарадзілася ў 1893, у дзяцінстве засталася без маці. Скончыўшы Марыінскую гімназію ў Магілёве працавала настаўніцай сельскай школы пад Рагачовам. Пасля таго, як выйшла замуж за Сямёна Караткевіча, вырашыла прысвяціць жыццё сям’і і хатняй гаспадарцы.
Нарадзіла трох дзяцей: двух хлопчыкаў і дзяўчынку. Трэба сказаць, што зацікаўленнасць літаратурай ў малодшага сына Уладзіміра ўзнікла не на пустым месцы: Надзея Васільеўна ўсё жыцце з асаблівай павагай ставілася да твораў замежных аўтараў.
Ганна Рыгораўна Быкава (Скрабатун)
Нарадзілася ў 1895 годзе ў сям’і рыбака. Паходзіла з вёскі Завулак. У сваім творы «Пункціры жыцця» Васіль Быкаў узгадваў матулю: «Маці была дужа далікатная характарам, не надта здаровая, часта хварэла. Я не чуў ад яе якой сваркі з бацькам, ніводнага злосна-пагрозлівага слова да дзяцей. Усё — ласкава, лагодна, з нейкай застарэлай тугой у душы. Мусіць, таму, што жыццё аднеслася да яе даволі драпежна: у гады рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны яна страціла першага мужа, пасля (ужо за маёй памяццю) памерла яе дачушка, шаснаццацігадовая Антунінка (ад прастуды).
Маці была непісьменная. І колькі я яе памятаю, заўжды ў працы, у нязбыўным гаротным клопаце — як накарміць, у што апрануць нас трох. Свой клопат яна несла моўчкі. Толькі ўсё адбівалася на твары, і я змалку выдатна адчуваў усе змены яе настрою па выразах спакутаванага твару».
Анастасія Іванаўна Брыль
Анастасія Іванаўна нарадзіла дзесяць дзяцей. Жанчыне давялося некалькі разоў пераязджаць з месца на месца. Некаторы час яна жыла ў Адэсе, бо менавіта там працаваў на чыгунцы яе муж Антон Данілавіч. Гэта працягвалася да 1922 года, потым, праз хваробу старэйшыны сям’і, вярнуліся ў родную вёску Загора. Спадзяваліся падтрымаць кволае здароўе бацькі, але нажаль праз два гады ён памёр.
Пасля смерці мужа Анастасія ўзяла адказнасць за гаспадарку і лёс дзяцей. Перад тым, як патрапіць у іншы свет, Данілавіч пакінуў жонцы запавет: зрабіць ўсё дзеля адукацыі малодшых сыноў. Яна вырашыла цвёрда выканаць наказ мужа нягледзячы на матэрыяльныя складанасці.
Скончыўшы сямігодку Янка паступіў ў Навагрудскую гімназію, дзе вучыўся яго старэйшы брат. Дзеці добра разумелі цяжкае становішча маці і прынялі рашэнне кінуць вучобу, каб дапамагчы ёй. Доўг перад родным чалавекам апынуўся больш важным за асабістыя патрэбы, зразумела, што добрае выхаванне не прайшло міма.
У мастацкіх творах Янка Брыль не аднойчы звяртаўся да вобраза маці і пісаў: «Маленства маё, апошняга пястуна, пасля гарадскога вясковае працягвалася пры ёй. Вечна занятай, строгай, але і справядліва добрай». Апісваючы матулю, пісьменнік паказваў яе як сталую жанчыну, удаву, якая адна змагаецца за лепшае будучае сваіх дзяцей. Акцэнт на сталасць зусім невыпадковы, Анастасія Іванаўна нарадзіла Янку, калі ёй было ўжо за сорак.
Кацярына Фамінічна Ратабыльская (Куляшова)
Нарадзілася ў сям’і, дзе было шасцёра дзяцей. Яны рана страцілі маці, таму выхаваннем займаўся бацька – Фама Кузьміч. Перад смерцю маці Марыя Міхневіч узяла з мужа слова, што той будзе берагчы нашчадкаў. Фама так і зрабіў: ён больш не ажаніўся і гадаваў дзяцей сам. Хлопчыкі і дзяўчаткі раслі працавітымі і ў той жа час ўмелі забаўляцца, напрыклад, спявалі беларускія народныя песні.
Сестры ўмелі шыць і вышываць. Крыху пасталеўшы Кацярына Фамінічна вывучылася ў Магілёўскім жаночым вучылішчы і паспяхова здала экзамены, атрымаўшы званне настаўніцы ў царкоўна-прыходскай школе. У 1911 пачынаецца кар’ера Кацярыны – яна накіроўваецца на адпрацоўку ў Бастэнавіцкую школу. Там жа яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Куляшовым. Яны сталі разам наведваць настаўніцкія вечарыны, дзе ён спяваў і граў на гітары, а потым да яго тэнару стаў дадавацца голас Кацярыны.
У 1914 маладыя нарадзілі першанца Аркашу. Так, на лёс сям’і наклаліся складаныя абставіны, ім давялося раз’ехацца. У бацькі Аркадзя Аляксандра Мікалаевіча на новым месцы з’явілася іншая сям’я, але з цягам часу ўсё вярнулася на першапачатковую кропку. Муж з жонкай Куляшовы зноў пачалі жыць разам. Кацярына прыняла дзяцей Сашы ад другога шлюба і стала добрай мачыхай.
Яна стварыла вакол сябе атмасферу «жаноцкасці» у якой асабліва добра працавалася роднаму сыну. Каля яе заўсёды кіпела жыццё і знаходзілася месца кожнаму. Потым з’явіліся ўнукі. Нягледзячы на тое, што паміж бабуляй і маленькімі дзецьмі часам узнікалі дробныя канфлікты, Кацярына Фамінічна дэманстравала свае настаўніцкія здольнасці: як добры педагог, старалася асэнсоўваць ўчынкі малых сыходзячы з пункту гледжання дзяцей.
Беларускамоўныя кнігі здольныя павялічыць слоўнікавы запас па версіі Алены Масла