Site icon Слушна

Лепісін і Быляк. Вітамінныя чалавечкі (казка) + аўдыё

Вітамінныя чалавечкі

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2021/08/Lepisin.mp3?_=1

 

Знаёмцеся! Гэтых малюпусікаў завуць Лепісін і Быляк. Лепісін жыве сярод апельсінаў. А Быляк – сярод яблыкаў. Яны сябруюць. Кожны заняты справай – сочыць, каб дзеці елі дастаткова яблыкаў і апельсінаў. У іх шмат вітамінаў! Калі дзеці мала ўжываюць вітамінаў, Быляк і Лепісін ходзяць сумныя і панурыя. І склікаюць адзін другога на нараду. Сёння вітамінныя чалавечкі шукаюць спосаб засцерагчы дзяцей ад алергіі.

Яблык. Лепісін і Быляк.Гісторыя 1

Быляк уладкаваўся нанач у вялікім яблыку. Вочы зліпаліся, пазяхалася штохвіліны, а заснуць не мог. Данімала нейкае бубненне над вухам. Час быў позні. Быляк вызірнуў са схованкі. На кухні нікога, а тэлевізар працуе. Чалавечак хацеў выключыць надакучлівую скрыню. Але ішла перадача пра яго любімыя яблыкі! Быляк натапырыў вушы.

– Многія краіны пачалі апрацоўваць яблыкі хімікатамі, – расказвала вядоўца. – Гэта спрыяе іх добраму захоўванню праз зіму. Яблыкі выглядаюць прыгожымі і апетытнымі! Але тыя, хто іх есць, пачынаюць пакутаваць на алергію! Асабліва дзеці!

Быляк захваляваўся! Ён ведаў, што такое алергія! На шчочках высыпаюць чырвоныя балячкі, яны чэшуцца, дзеці капрызяць. А калі дзеці капрызяць, яны не хочуць гуляць, не хочуць бегаць і скакаць. І растуць марудна!

Як так? А ён збіраўся раніцай падсунуць смачны яблык хлопчыку, што жыў з бацькамі ў гэтай кватэры! Славік любіць яблыкі, яго і ўгаворваць не трэба. З’есць кашу, пасля яблыкам падмацуецца! А Быляк з замілаваннем паглядае на гэта і цешыцца.

Па тэлевізары далей расказвалі пра шкодныя і не шкодныя спосабы захавання яблыкаў. (*Не ўсе яблыкі апрацоўваюць, не пужайцеся! Тыя, што выраслі ў садах вашых бабуль і дзядуляў, хутчэй за ўсё нічым не апрацаваныя! Але і іх трэба мыць!) Але Быляк ад узрушэння больш нічога не чуў. Ён падхапіў заплечнік і кінуўся да Лепісіна – за парадай.

– Тук-тук! – пагрукаў Быляк у дзверы.

– Што грукочаш? – усклікнуў Лепісін, адчыняючы. – Ажно вушы залажыла!

– Не да тваіх вушэй, дружа! Тут такое робіцца!

Быляк хуценька пераказаў навіну.

І дадаў:

– Нават чарвячкі ды мошкі такія яблыкі не чапаюць. Баяцца алергіі. І як цяпер дзяцей яблыкамі карміць? Як ім у вочы глядзець? – ледзь не плакаў Быляк.

– А калі мыць яблыкі перад ежай? – спытаў Лепісін.

– Мыць – абавязкова! Але ці дапаможа?

Апельсінавы чалавечак адсунуў талерку з амаль аблупленым ад скуркі апельсінам, зняў з гачка халат. Усе важныя пытанні Лепісін і Быляк вырашалі, апрануўшы белыя халаты. Так ім лепш думалася.

Быляк таксама ўбраўся ў халат і паклаў на стол прыгожы яблык, які ён паспеў набыць у краме. Малюпусікі дасталі скрыначкі з міні-лабараторыямі, і пачаліся доследы над яблыкам. У кожнага меўся вітамінавымяральнік. Ён паказваў і карысць, і шкоду, якую можа прынесці садавіна.

Мылі яблык з мылам. Церлі шчоткай. Прасвечвалі яго кварцавай лямпай. Пасыпалі содай. Мазалі зялёнкай. Мучыліся самі і мучылі яблык. А хімічная апрацоўка ніяк не паддавалася. І раптам Лепісіну прышла ў галаву геніяльная думка! Ён падсунуў пад вітамінавымяральнік напалову абабраны апельсін.

Прыбор паказаў цікавы вынік: скурка апельсіна пульсавала небяспечным для садавіны сінім святлом. Значыць, апельсін быў таксама апрацаваны хімікатамі. Затое абабраныя долькі свяціліся карысным жоўтым святлом!

Лепісін паскроб у патыліцы.

– Відаць, апельсіны таксама апрацоўваюць хімікатамі. Але абабраны апельсін ужо не шкодны!

– Ну-тка, праверым! – зацікавіўся Быляк і, схапіўшы невялічкі ножык, абрэзаў з яблыка скурку. Знятая скурка пад вітамінавымяральнікам таксама свяцілася сінім. А абабраны яблык – жоўтым!

Лепісін і Быляк паціснулі адно адному рукі. Яны далі рады праблеме! Засталося толькі прывучыць усіх дзяцей, іх мамаў і татаў, бабуль і дзядуляў абіраць скурку з яблыкаў.

Раскажы пра гэта сваім сябрам. Так ты дапаможаш Быляку і Лепісіну і ўратуеш некага ад алергіі!

Гісторыя 2

Exit mobile version